ХУТКА ЗІМА - РЫХТУЕМСЯ РАЗАМ!



31 кастрычніка дзяржаўтаінспекцыя правяла Адзіны дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам "Хутка зіма - рыхтуемся разам!", прысвечаны падрыхтоўцы транспартных сродкаў да эксплуатацыі зімой. Дапамаглі дзяржаўтаінспектарам у правядзенні акцыі работнікі Дзятлаўскай дыягнастычнай станцыі "Белтэхагляд".

Супрацоўнікі ДАІ наведалі навучальныя ўстановы, працоўныя калектывы прадпрыемстваў і арганізацый, спецыялісты станцыі - правялі тэматычныя гутаркі з вадзіцелямі, якія праходзілі ў гэты дзень тэхнічны агляд аўтамабіляў.

Зіма - сапраўднае выпрабаванне для вадзіцеляў. Нізкія тэмпературы, гурбы снегу, слізкае дарожнае палатно і дрэнная бачнасць пры ападках робяць працэс кіравання аўтамабілем не толькі складаным, але і небяспечным. Таму не чакайце першага снегу а загадзя паклапаціцеся пра тое, каб ваш аўтамабіль быў гатовы да эксплуатацыі ўхалодны сезон.

Першае, што трэба зрабіць - замяніць аўтамабільныя шыны на зімовыя. Абавязкова праверце спраўнасць тармазной сістэмы і дапаможных электронных сістэм (такіхяк АБС). Усё гэта павінна быць ідэальна адрэгулявана. Не лішняй будзе замена тармазной вадкасці і калодак, калі яны на мяжы зношвання.

Зімой вам прыйдзецца часцей ездзіць у прыцемках і цемры, таму любыя дэфекты лабавога шкла - гэта прамая пагроза бяспекі. Уважліва агледзьце ўсё шкло. У першы ж мароз нават невялікі скол можа ператварыцца ў прыкметную расколіну. Усё шкло і люстэркі ў аўтамабілі неабходна добра вымыць як унутры, так і звонку. Спраўнымі павінны быць шклоачышчальнікі, сістэмы абдзімання і абагрэву шкла. Шчоткі, якія пакідаюцьна шкле матавыя палосы, варта замяніць. Пры набыцці новых звярніце ўвагу, на якія тэмпературы яны разлічаны.

Абавязковая ўмова бяспечнай язды ў зімовы час - дастатковая колькасць у бачку амывацеля марозаўстойлівай вадкасці. Пры гэтым тэмпература замярзання гэтай вадкасці павінна быць не вышэй за -40 градусаў. Такая вадкасць добра растварае снег і лёд, дазваляючы ўпэўнена працягваць рух, асабліва ў моцны снегапад. Не менш важныя ў час завеяў асвятляльныя прыборы. Ваш аўтамабіль павінен быць бачны ўсім удзельнікам дарожнага руху гэта ваша бяспека на зімовай дарозе. Варта ўвесь час сачыць за чысцінёй фараў і ліхтароў загадзя замяніць усе няспраўныя лямпы і пры неабходнасці заехаць на станцыю тэхабслугоўвання для іх рэгулёўкі.

Аднак не дастаткова да марознага сезону падрыхтаваць толькі аўтамабіль, варта і самім перайсці на зімовы стыль кіравання: адмовіцца ад рызыкоўных манеўраў на дарогах. Неабходна абдумваць кожнае сваё дзеянне, кіраваць транспартам спакойна і акуратна. Менавіта разважлівасць, дысцыплінаванасць, спакой пры кіраванні дапамогуць вам пераадолець усе цяжкасці зімовай дарогі.

Пешаходам жа рэкамендуем праяўляць максімум увагі і асцярожнасці пры пераходзе праезнай часткі і ўлічваць тое, што тармазны шлях аўтамабіляў у такіх пагодных умовах значна павялічваецца. У цёмны час сутак неабходна абазначыць сябе святлоадлюстроўваючымі элементамі.

А. МУХА, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ АУС Дзятлаўскага райвыканкама
А. УРБАНОВІЧ, начальнік Дзятлаўскай дыягнастычнай станцы "Белтэхагляд"

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/