ХТО ПЛАЦІЦЬ: ПАСАЖЫР ЦІ ВАДЗІЦЕЛЬ?



На гэтым тыдні дзяржаўтаінспекцыя звяртае павышаную ўвагу на вадзіцеляў і пасажыраў, які не прышпілены рамянямі бяспекі. 27 чэрвеня наогул прайшоў Дзень бяспекі дарожнага руху пад дэвізам “Прышпіліся!”.

На асаблівым кантролі дзяржаўтаінспектараў зараз пасажыры. Часта ў дарожна-транспартным здарэнні вадзіцелі атрымліваюць лёгкія траўмы, а вось пасажыры гінуць або становяцца інвалідамі. Тлумачыцца гэта тым, што ў момант аварыі яны не былі прышпілены рамянямі бяспекі. Дарэчы, непрышпілены пасажыр – гэта парушэнне правілаў дарожнага руху, якое караецца законам. Нярэдка ўзнікае пытанне: “Хто ж павінен плаціць штраф за невыкананне правілаў пасажырам?” Штраф адначасова накладваецца як на вадзіцеля, так і на пасажыра. Пры гэтым, для вадзіцеля ён складае да 1 базавай велічыні, для пасажыра – ад 1 да 3 базавых велічыняў.

Бываюць выпадкі, калі вадзіцель вызваляецца ад пакарання за непрышпіленага рамянямі бяспекі пасажыра. Напрыклад, калі пасажыр сядзіць на задняй сядушцы, і вадзіцель сцвярджае, што не пачынаў рух пакуль усе не прышпіліліся, і толькі пасля пасажыр неўзаметку адшпіліўся. Гэта абавязкова павінен пацвердзіць і пасажыр-парушальнік.

Дарэчы, на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна з пачатку бягучага года былі затрыманы 368 вадзіцеляў, якія не былі прышпілены рамянямі бяспекі або перавозілі непрышпіленымі пасажыраў, а таксама 139 пасажыраў, якія не палічылі неабходным скарыстацца рамянямі бяспекі.

А. МУХА, старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/