ХТО МАЕ ПРАВА ПРЭТЭНДАВАЦЬ НА СПАДЧЫНУ?



У дзяржаўную натарыяльную кантору Дзятлаўскага раёна з пытаннямі, якія тычацца спадчыннага права, часта звяртаюцца грамадзяне. Самыя актуальныя пытанні да натарыуса і адказы на іх падрыхтавала для газеты загадчыца натарыяльнай канторы Жанна Сёмуха.

Пытанне: у мяне памёр бацька. Дзяцей у яго засталося трое -- я і два мае браты. Маці памерла даўно. Бацька завяшчанне не склаў. Мы ўсе трое хочам аформіць спадчыну. Браты могуць пацвердзіць роднасць з бацькам, а я -- не, бо ў мяне было некалькі шлюбаў у Расійскай Федэрацыі, і ў некаторых дакументах маё прозвішча сказілі. Як у гэтай сітуацыі мне аформіць спадчыну?

Адказ: калі ў спадчынніка па законе адсутнічаюць дакументы, якія пацвярджаюць падставы для атрымання спадчыны згодна з законам, ён можа быць уключаны ў пасведчанне аб праве на спадчыну з пісьмовай згоды ўсіх астатніх спадчыннікаў па законе, якія прынялі спадчыну, і ў адносінах да якіх маюцца дакументы, якія з'яўляюцца падставай для заклікання іх атрымаць спадчыну згодна з законам.

У выпадку адсутнасці згоды спадчыннікаў на ўключэнне вас у пасведчанне аб праве на спадчыну вам давядзецца звяртацца ў суд для ўстанаўлення факта роднасных адносін са спадчынадаўцам або звярнуцца ў органы ЗАГС па месцы жыхарства для вырашэння пытання аб магчымасці ўнясення выпраўленняў у актавыя запісы.

Пытанне: мая маці памерла. Я звярнулася ў натарыяльную кантору адразу пасля яе смерці. Скажыце, чаму я не магу атрымаць дакументы на маё імя раней, чым мінуць шэсць месяцаў з дня смерці?

Адказ: згодна з артыкулам 1071 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, спадчына можа быць прынята на працягу шасці месяцаў з дня адкрыцця спадчыны. Днём адкрыцця спадчыны з'яўляецца дзень смерці спадчынадаўцы. Заканадаўствам спецыяльна ўстаноўлены працяглы тэрмін для таго, каб усе спадчыннікі маглі звярнуцца ў натарыяльную кантору і заявіць свае правы на спадчынную маёмасць.

Пытанне: мой бацька памёр у снежні мінулага года. Спадчыннікі -- я, мой брат, другая жонка бацькі, з якою ён аформіў шлюб, і іх пяцігадовая дачка. Дом, на які адкрылася спадчына, быў пабудаваны ў перыяд першага шлюбу бацькі з маці. Ці можа мая маці прэтэндаваць на долю ў спадчыне?

Адказ: ваша маці не мае права на спадчыну. Яна не адносіцца да ліку спадчыннікаў па законе. Аднак калі права уласнасці на дом на імя вашага бацькі было зарэгістравана ў органе рэгістрацыі ў перыяд шлюбу вашых бацькоў, і пры скасаванні шлюбу падзелу маёмасці не было, і прававы рэжым маёмасці не быў зменены шлюбным дагаворам, то дом з'яўляецца агульнай сумеснай маёмасцю былых мужа і жонкі.

У выпадку смерці аднаго з іх па пісьмовай заяве другога, натарыус выдае яму пасведчанне аб праве ўласнасці на долю маёмасці, нажытай былымі мужам і жонкай у перыяд іх шлюбу. Пасведчанне аб праве ўласнасці перажыўшай жонцы будзе выдадзена на 1/2 долю маёмасці, нажытай імі ў перыяд шлюбу.

Пытанне: мой брат памёр 5 гадоў таму. На момант смерці ён быў разведзены. У яго засталіся двое непаўналетніх дзяцей, якія жывуць у Расіі. Я ў маці застаўся адзін. Ці будуць дзеці брата мець права на спадчыну ў выпадку смерці маёй маці?

Адказ: у выпадку смерці вашай маці да атрымання спадчыны, згодна з законам, будуць заклікацца дзеці памерлага сына ў роўных долях на тую долю, якая б належала іх бацьку, калі б ён быў жывы. У вашым выпадку 1/2 доля дастанецца вам, а яны атрымаюць у спадчыну па 1/4 долі кожны. Такі парадак атрымання спадчыны будзе ў тым выпадку, калі ваша маці не складзе завяшчанне.

Пытанне: мая бабуля цяжка хварэе і хоча скласці завяшчанне. Прыйсці ў натарыяльную кантору, а таксама напісаць завяшчанне сваёю рукою і распісацца яна не зможа. Як бабулі аформіць дакумент?

Адказ: па жаданні грамадзяніна завяшчанне можа быць запісана натарыусам са словаў завяшчальніка ў прысутнасці сведкі. Калі завяшчальнік з-за фізічных недахопаў, хваробы або па іншай прычыне не можа сам падпісаць завяшчанне, то па яго прсьбе, у яго прысутнасці і прысутнасці сведкі гэта можа зрабіць іншы грамадзянін (рукапрыкладчык).

У выпадку, калі грамадзянін па ўважлівай прычыне (хвароба, інваліднасць і іншае) не можа прыйсці ў натарыяльную кантору, то натарыус для здзяйснення натарыяльнага дзеяння выязджае па месцы знаходжання грамадзяніна. Вам неабходна звярнуцца ў натарыяльную кантору (можна патэлефанаваць) з просьбай аб засведчанні завяшчання па месцы знаходжання бабулі і ўзгадніць час выезду натарыуса.

Пытанне: мой брат адбывае пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Як ён можа скласці завяшчанне на сваіх дзяцей на кватэру?

Адказ: згодна з артыкулам 1047 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, завяшчанне ад асобаў, якія знаходзяцца ва ўстановах, выконваючых пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі, пажыццёвага заключэння або ў месцах утрымання пад вартай, маюць права засведчыць начальнікі адпаведных установаў, выконваючых пакаранне, або кіраўнікі адміністрацыі месцаў утрымання пад вартай.

Пытанне: у мяне з мужам няма агульных дзяцей. У шлюбе мы ўжо 30 гадоў. Усю маёмасць нажылі разам. У яго ёсць сын ад першага шлюбу. Якія правы я буду мець на маёмасць, калі муж не складзе завяшчанне на маё імя да сваёй смерці?

Адказ: згодна з артыкулам 23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям'і, маёмасць, нажытая мужам і жонкай у перыяд шлюбу, незалежна ад таго, на каго з іх яна набывалася, з'яўляецца іх агульнай уласнасцю. Таму ў выпадку смерці вашага мужа вы маеце права атрымаць пасведчанне аб праве ўласнасці на долю маёмасці, нажытай вамі ў перыяд шлюбу. Гэтая доля будзе роўная 1/2. Астатняя 1/2 доля маёмасці будзе дзяліцца паміж вамі і яго сынам, калі іншых законных спадчыннікаў першай чаргі ў яго няма.

Падрыхтавала да друку І. СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/