Хрышчэнне - шлях да выратавання



Таінства Хрышчэння было заснавана Госпадам Ісусам Хрыстом амаль дзве тысячы гадоў таму. Хрысціўшыся ў водах Іардана з дапамогай апошняга з прарокаў Іаана Прадцечы, у канцы свайго зямнога жыцця Выратавальнік даў наказ сваім вучням: "Хто будзе верыць і хрысціцца, выратаваны будзе; а хто не будзе верыць, асуджаны будзе" (Мк. 16,16). Іншым разам ён сказаў і больш падрабязна: "Дык ідзіце, навучыце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца і Сына, і Святога Духа, вучачы іх захоўваць усё, што я наказаў вам..." (Мф. 28, 19-20).

3 тых часоў і па сёння Таінства Хрышчэння застаецца самай важнай падзеяй у жыцці кожнага веруючага чалавека. Важнай таму, што цяпер хрышчаны чалавек набывае для сябе статус хрысціяніна, атрымлівае права паунацэннага царкоўнага жыцця праз удзел у Таінствах, устаноўленых Святой Царквой, а жыццём, дастойным веруючага чалавека, яму адкрываецца магчымасць стаць спадчыннікам Царства Хрыстова.

Важна разумець, што Таінства Хрышчэння прадугледжвае пэўныя абавязкі і належную падрыхтоўку да яго ажыццяўлення. Раней тыя, хто пажадаў хрысціц-ца, праходзілі абвяшчэнне (спецыяльную падрыхтоўку да прыняцця Таінства). Яна доўжылася сорак дзён. Увесь гэты час чалавек, які рыхтаваўся да хрышчэння, старанна, пад кіраўніцтвам асаблівых людзей (каціхуменаў) вывучаў Свяшчэннае Пісанне, асноўныя дагматы (правілы хрысціянскай веры), наведваў храм. Як напамін пра мінулы час захавалася ў Праваслаўнай Царкве назва адной з галоўных складаемых частак Літургіі (Літургія абвешчаных), часткі, пасля заканчэння якой абвешчаны абавязаны быў пакінуць храм.

Таінства Хрышчэння ажыццяўлялася і сёння праводзіцца не толькі над людзьмі, якія маюць ужо пэўны ўзрост, а і над немаўлятамі, якія толькі ўбачылі свет. Практыка хрысціць людзей з маленства прымяняецца з першых часоў хрысціянства. Усе святыя айцы і настаўнікі царквы згодны з тым, што немаўлят хрысціць трэба.

Нягледзячы на тое, што Таінства ажыццяўляецца над немаўляці, якое не здольна ацэньваць свае дзеянні, яно сапраўднае па веры бацькоў і хросных бацькоў, якія бяруць на сябе адказнасць за духоўнае выхаванне і выратаванне душы хрышчонага. Дарэчы, менавіта адсюль і пайшла назва "восприемник" (хросны бацька ці маці) — той, хто перад Богам прымае клятву, абавязацельствы на сябе пра выхаванне ў хрысціянскім духу чалавека адказваць за яго на Страшным Судзе.

Даўней будучых хросных выбіралі з людзей набожных, царкоўных, якія адрозніваліся прыкладным жыццём і мараллю. Хроснымі станавіліся родныя, стрыечныя браты і сёстры. Ва ўсіх выпадках ад хросных чакалі актыўнага ўдзелу ў жыцці хрэсніка. Хросны бацька і маці не толькі былі абавязаны навучыць хрэсніка хрысціцца, маліцца, хадзіць у царкву, разам вывучаць Біблію, але і аберагаць, засцерагаць, падтрымліваць у складаных жыццёвых абставінах, накіроўваць на шлях веры і, вядома ж, маліцца за яго.

Цяпер нярэдка здараецца так, што хросныя забываюцца пра сваю адказнасць перад Богам за ўскладзеныя на іх абавязкі быць паручыцелямі за хрэсніка. Нярэдка забываюцца пра тых, каго хрысцілі, а ўспамінаюць пра іх (у лепшым выпадку) на Вялікдзень, Каляды, Дзень нараджэння. Адкупіўшыся таннымі падарункамі, яны лічаць, што бацькі самі могуць і павінны паклапаціцца пра сваё дзіця.

Зразумела, купіць чарговую пару абутку ці кашулю бацькі могуць і самі, а вось весці размовы па душы, здзяйсняць сумесныя прагулкі, цікавіцца жыццём дзіцяці трэба не толькі бацькам, а і хросным. У нас жа атрымліваецца так: бацькам няма калі за працай, а хросныя забыліся, што ў іх ёсць хрэснікі. Даўней жа кум і кума лічыліся, бадай, самымі блізкімі сваякамі. Мала што ад гэтага засталося цяпер.

Яшчэ адна праблема — адсутнасць у большасці хросных бацькоў царкоўнай граматнасці. Нярэдка яны не толькі Сімвал Веры прачытаць правільна не могуць, але і хрысцяцца з цяжкасцю. Што тут казаць пра духоўна-маральнае выхаванне, якім хросныя павінны займацца, пра духоўны ўплыў на хрэснікаў.

На жаль, змяніліся не толькі адносіны людзей да сваіх абавязкаў хросных, змяніліся адносіны да Таінства Хрышчэння.

Да прыкладу, хварэе дзіця, значыць, яго трэба хрысціць. Нярэдка прыняцце хрышчэння тлумачаць і захаваннем набожнай традыцыі нашых продкаў. Але ці гэта павінна з'яўляцца галоўным стымулам да прыняцця Таінства? Таінства — гэта не касцюм ці сукенка, якія, калі не спадабаюцца, знімеш. Падыходзіць да яго трэба сур'ёзна, узважана, адказна.

Вось менавіта чаму ўзнікла неабходнасць у падрыхтоўцы да хрышчэння. 3 мінулага года гэтую праграму па благаславенні Патрыярха Кірыла ўкараняе ў сваіх прыходах (на жаль, яшчэ з вялікімі цяжкасцямі па віне саміх хросных бацькоў і хрэснікаў) Праваслаўная Царква. На працягу шасці тыдняў (сорак каляндарных дзён) з моманту рэгістрацыі ўсе бацькі, якія пажадалі хрысціць сваё дзіця, павінны разам з хроснымі бацькамі прайсці падрыхтоўку (абвяшчэнне) да Таінства Хрышчэння.

Абвяшчэнне ўключае ў сябе цыкл тэматычных гутарак са святарамі, праверку засвоеных ведаў, самастойнае чытанне Евангелля, разбор незразумелых месцаў са свяшчэннікам. Абавязковай з'яўляецца хатняя малітва, аб'ём якой вызначаецца ў кожным канкрэтным выпадку са святаром, пасільны ўдзел у царкоўна-грамадскім жыцці прыхода, спавядальныя гутаркі напярэдадні хрышчэння. Акрамя таго, неабходна у Таінствах Споведзі і Прычасця.

Магчыма, рашэнне Сінаідальнага аддзела рэлігійнай адукацыі і катэхізацыі прымусіць па-іншаму паглядзець на адказнасць, ускладзеную на хросных бацькоў. I няхай першым часам будзе незадаволенасць, аднак пазней гэта прынясе вялікую карысць. Варта кожнаму, хто рыхтуецца да царкоўных Таінстваў, не думаць пра цяжкасці, а са спадзяваннем на боскую дапамогу пераадольваць усе перашкоды на шляху да Царства Нябеснага.

I. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/