ХРЫШЧЭННЕ РУСІ: ГАРТАЮЧЫ СТАРОНКІ ГІСТОРЫІ



Сёлета спаўняецца 1025 гадоў з часу прыняцця на Русі Хрышчэння і далучэння народа да хрысціянскай культуры і яе каштоўнасцяў. На ўрачыстасці ў Мінску разам з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі прыязджалі прадстаўнікі Александрыйскай, Іерусалімскай, Грузінскай, Сербскай, Кіпрскай, Варшаўскай і Амерыканскай памесных Праваслаўных цэркваў, каля 80 архіерэяў і 50 тысяч чалавек. Да гэтай даты была прымеркавана дастаўка на пакланенне ўсім веруючым Крыжа святога апостала Андрэя Першазванага.

Натуральна ўзнікае пытанне: “Чаму 1025-годдзе Хрышчэння Русі атрымала такі рэзананс у грамадстве і святкуецца маштабна не толькі вярхамі царкоўнай улады, але і прадстаўнікамі дзяржаўнага кіравання, веруючымі людзьмі і людзьмі, далёкімі ад веры?” Для таго, каб усвядоміць веліч гэтай падзеі, гэтай даты, паспрабуем віртуальна перанесціся на дзесяць з чвэрцю стагоддзяў назад.

Канец дзясятага стагоддзя (Хрышчэнне Русі адбылося ў 988 годзе) многія гісторыкі характарызуюць як час станаўлення дзяржавы, пачаткам горадабудаўніцтва. На чале дзяржавы знаходзіцца князь. Што датычыцца рэлігійнага боку, то назіраецца сімбіёз (форма сумеснага існавання) язычніцкіх нораваў (галоўныя з якіх мнагажэнства, пакаранне смерцю разбойнікаў і шанаванне язычніцкіх багоў) і хрысціянства.

Успомнім, што яшчэ бабуля святога Уладзіміра, вялікая княгіня Вольга, у святцах Рускай Праваслаўнай Царквы святая роўнаапостальная, стала першым прадстаўніком дынастыі Рурыкавічаў і, у цэлым, асобай, якая мела правы дзяржаўнага кіраўніка, хто прынёс на Русь хрысціянскую веру. Хрысціўшыся ў Канстанцінопалі, прыняўшы Хрыста ў сваё сэрца, яна імкнулася прывіць новую веру і сваім унукам. Будаваліся храмы, у якіх рэгулярна здзяйсняліся службы, актыўна праводзілі сваю дзейнасць місіянеры.

Але, нягледзячы на ўсе намаганні княгіні, язычніцтва захоўвала сваю моц яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў.

У 983 годзе, за пяць гадоў да лёсавызначальнага рашэння Уладзіміра прыняць Хрышчэнне, на Русі з'яўляюцца першыя пакутнікі. Імі сталі Фёдар вараг і яго сын Іаан, якія прынялі смерць за Хрыста, адмовіўшыся прынесці ахвяру ідалам. Гэтыя смерці сталі, па меркаванні некаторых гісторыкаў, зярнятамі перамогі хрысціянства.

З гэтага часу ў свядомасці Уладзіміра зараджаецца думка знайсці сапраўдную веру, правільны арыенцір, які кіраваў бы лёсамі падуладных князю людзей. Акрамя гэтага, прыняцце той або іншай рэлігіі для кіеўскага князя азначае далучыць Русь да адной з вялікіх сусветных культур. Вось чаму для рашэння гэтай важнай задачы Уладзімір рыхтуе экспедыцыі ў розныя краіны. Гэта была вялікая рызыка, выпрабаванне, але, дзякуючы Богу, Уладзімір здолеў яго прайсці і дасягнуць поспеху.

Паслы, прыбыўшыя з Канстанцінопаля, дзе вера была хрысціянская (пазней гэты горад стане на доўгія гады цэнтрам Праваслаўя), паведамілі князю, што, знаходзячыся на богаслужэнні у храме Святой Сафіі, нават не разумелі “ці на зямлі яны знаходзіліся, ці на небе”.

У 987 годзе Візантыю ўскалыхнула паўстанне рымскага военачальніка Варды Фокі, у выніку чаго імператары вымушаныя былі шукаць саюзніка. Уладзімір пагадзіўся аказаць дапамогу, але пры ўмове, што тыя аддадуць Ганну, сястру імператараў, яму ў жонкі. Аднак, нягледзячы на дамову, абяцанне, дадзенае імператарамі, выканана не было. Толькі пасля таго, як Уладзімір захапіў Карсунь, старажытны Херсанэс, яго жаданне было задаволенае з умовай – кіеўскі князь павінен прыняць хрысціянскую веру. Святы роўнаапостальны князь даў згоду ізноў.

Патрыярх Мікалай II Хрызаверг, пазней кананізаваны ў ліку святых, разам з царэўнай благаславіў адпраўку на Русь мітрапаліта Міхаіла, першага архіерэя на зямлі рускай, а таксама яго світу. У гэты ж час пачынаецца збор мошчаў. У 1007 годзе ў храм Успення Прасвятой Багародзіцы (Дзесяцінны), які быў пабудаваны на месцы капішча Перуна, былі перанесены мошчы бабулі Уладзіміра, святой Вольгі. Некаторыя з іх былі прывезены мітрапалітам. З’яўляюцца свае святыні.

Жадаючы далучыць народ да выратавальных уласцівасцяў веры, князь выдае ўказ: “Калі хто не прыйдзе заўтра на раку – багаты або бедны, жабрак або раб – будзе мне вораг”. З гэтага часу ідальскія капішчы руйнуюць, на іх месцы будуюць хрысціянскія храмы. А галоўнага ідала славянскага бажаства Перуна прывязалі да хваста каня, працягнулі па вуліцах Кіева і патапілі ў Дняпры.

Да заслугаў новаабарачонага князя варта аднесці і тое, што з прыняццем хрысціянства з'яўляецца новы, дагэтуль невядомы жанр пісьменства – летапісанне – запіс падзеяў па гадах (летах) у храналагічным парадку, ствараюцца Жыціі святых (першыя з якіх – Жыціі святой роўнаапостальнай Вольгі і святых пакутнікаў Барыса і Глеба), з'яўляецца паданне аб варагах-пакутніках. З’яўленне на Русі сваіх святых мае важнае значэнне, таму што ўзносячы ім свае малітвы, мы не толькі атрымліваем тое, што просім, але і становімся бліжэй да Хрыста.

Варта адзначыць, што са з’яўленнем першага мітрапаліта на Русі і хуткім распаўсюджваннем хрысціянства натуральнай неабходнасцю стала ўтварэнне епархіяльных цэнтраў. Першая епархія на тэрыторыі Беларусі ўтворана праз чатыры гады пасля прыняцця Хрышчэння – у 992 годзе ў Полацку, а ў 1005-ым -- у Тураве.

З'яўляюцца раннія ўзоры рукапісных кнігаў. На тэрыторыі Беларусі – гэта “Тураўскае евангелле”, якое адносіцца да 11 стагоддзя. Яго асаблівасцю з'яўляецца тое, што яно было ўпрыгожана мініяцюрамі і застаўкамі – рознакаляровымі ўпрыгожанымі літарамі. Са з’яўленнем епіскапскіх кафедраў і павелічэннем колькасці хрысціян актыўна вядзецца будаўніцтва храмаў. А ў сярэдзіне 11 стагоддзя ў Полацку пры Усяславе Чарадзеі нават з'яўляецца першы сабор – галоўны храм епархіі. Ім стаў, упрыгожаны фрэскамі і пабудаваны з плінфы – плоскай цагліны, Сафійскі сабор.

Да гэтага часу адносіцца таксама з’яўленне манаства. Адной з першых манахіняў на тэрыторыі сучаснай Беларусі стала Рагнеда, полацкая князёўна, адна з жонак вялікага кіеўскага князя. Пасля няўдалай спробы адпомсціць Уладзіміру за прыгнёт, смерць любага бацькі і каханага, яна сышла ў манастыр, дзе прыняла пострыг з імем Анастасія.

Нельга таксама не адзначыць таго моманту, што з прыняццем Хрышчэння Русь уступіла ў новы этап свайго развіцця – шлях хрысціянскай дзяржаўнасці. Ажаніўшыся з канстанцінопальскай царыцай, сам Уладзімір стаў царом (“могущественным басилевсом”). Цікава, але па сведчанні летапісцаў, з гэтага часу ён загадвае чаканіць манеты па візантыйскіх узорах, дзе з’яўляецца са знакамі імператарскай улады: у царскай вопратцы, на галаве ў яго – імператарская карона, а ў правай руцэ трымае скіпетр з крыжам.

Разам з гэтым, князь ажыццяўляе і іншую рэфармацыю: ён імкнецца арганізаваць не толькі сваё сямейнае, але і дзяржаўнае жыццё па хрысціянскіх прынцыпах любові і літасці: было адменена мнагажэнства, раздавалася міластыня, ствараліся школы, аказвалася дапамога хворым.

Сёння можна пачуць шмат розных меркаванняў аб правільнасці ажыццёўленага выбару святым Уладзімірам – прыняцця хрысціянскай веры. Знаходзяцца тыя, хто сцвярджае, што лёсавызначальны крок быў памылковы, бо парушыў натуральны ход развіцця краіны, стаў перашкодай да дасягнення высокага ўзроўню цывілізаванага грамадства. Але казаць так, значыць прызнаваць, што шлях, па якім ішоў наш народ тысячу гадоў, быў вялікай памылкай. Казаць так, значыць заставацца "без роду і племя", адколвацца, быць адшчапенцам ад той багатай спадчыны, якая пачала зараджацца з моманту прыняцця Хрышчэння святым роўнаапостальным князем, быць пустэльняй у велізарнай разнастайнасці сусветных культураў і традыцый.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/