ХРЭСНЫ ХОД У ЖЫРОВІЧЫ



Праваслаўныя вернікі ўшанавалі святога прападобнага Серафіма Жыровіцкага, духоўнага асветніка і змагара за маральны лад жыцця, памяць якога здзяйсняецца 6 верасня.

Са Свята-Благавешчанскага манастыра мікрараёна Лабазоўка горада Слоніма напярэдадні свята свяшчэнства і набожныя паломнікі Навагрудскай епархіі адправіліся ў хрэсны ход у Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр.

Адна з мэтаў пешага падарожжа да святога манастыра — гэта пропаведзь словаў Божых, а таксама ўспомніць труды апосталаў і святых, якія пераходзілі ад адной мясцовасці да другой, несучы Добрую вестку, здзейсніць духоўны подзвіг для даравання грахоў самога чалавека. Па хрысціянскай традыцыі хрэсны ход благаслаўляе правячы архіерэй епархіі.

Удзельнікі хрэснага ходу ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр атрымалі благаславенне на духоўны подзвіг ад архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага Гурыя за Боскай літургіяй, якая традыцыйна здзяйсняецца перад пачаткам шляху ў храме іконы Божай Маці “Спаручніца грэшных".

— Хрэсныя хады асвячаюць мясцовасць, а таму гэта важна для нашага горада, — адзначыў архіепіскап Гурый. - Чым больш хрэсных хадоў здзяйсняецца, тым больш абаронена наша Айчына.

Пасля літургіі настаяцель храма “Спаручніца грэшных" протаіерэй Уладзімір Камароў ад прыхода падарыў архіерэю ікону ў гонар святога прападобнага Паісія Велічкоўскага, падзвіжніка 18 стагоддзя. Святы вядомы тым, што стаў айцом рускага старчаства Опцінай пустыні і Сароўскай абіцелі, а таксама першым перакладчыкам з грэчаскай на славянскую мову многіх работ святых айцоў і “Добротолюбия”, зборніка духоўных твораў праваслаўных аўтараў IV—XV стагоддзяў.

Архіерэй не пакінуў без прыемнага памятнага падарунка выхаван-ку нядзельнай школы Настассю Расько, у якой у гэты дзень быў дзень нараджэння. На малітвенную памяць архіепіскап Гурый падарыў дзяўчынцы ікону. А затым усе накіраваліся ў дарогу даўжынёй каля дваццаці кіламетраў, спяваючы трапары і малітвенныя ўзнясенні. Суправаджалі хрэсны ход і свяшчэннікі, якія чыталі Евангеллі, благаслаўлялі крыжом і акраплялі веруючых святой вадой.

На падыходзе да Жыровічаў удзельнікаў хрэснага хода са Слоніма ўжо чакалі манаствуючыя на чале з благачынным, ігуменам Парфірыем (Прэднюком). 3 браціяй паломнікаў сустракалі семінарысты і вучаніцы рэгенцкага аддзялення пры Мінскай духоўнай семінарыі. Невялікая паўза, і паломнікі прадоўжылі малітвенны подзвіг за Усяночным дбаннем.

На наступны дзень у Богаяўленскай царкве Жыровіцкага манастыра пасля Боскай літургіі архіепіскап Смаргонскі Пётр, духавенства манастыра і епархіі, а таксама веруючыя з розных гарадоў рэспублікі адправілі малебен з акафістам прападобнаму.

Памяць свяшчэннамучаніка Серафіма Жыровіцкага здзяйсняецца з 2000 года. Першапачаткова хрэсны ход па благаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі пачынаўся з Ражджаство-Багародзічнага жаночага манастыра горада Гродна, дзе прападобнамучанік нёс пастырскае служэнне перад вялікімі пакутамі. Пазней было вырашана пачынаць хрэсны ход са Слоніма.

I. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/