"Хав'ер" над Дзятлавам




У НАДВОР'Я ЁСЦЬ КЕПСКІ НАСТРОЙ

Надвор'е 15 сакавіка здзівіла жыхароў Беларусі не па-вясноваму суровым шквалістым ветрам, моцным снегападам. Пасля сябе яно пакінула шэраг непрыемных паследкаў.

Па дадзеных раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, у Дзятлаўскім раёне шквалісты вецер (да 20 метраў у секунду) пашкодзіў дах сенасховішча СВК "Хвінявічы", якое размешчана ў вёсцы Гута. Вецер сарваў 60 лістоў шыферу.

Таксама вечарам 15 сакавіка ў цэнтр аператыўнага ўпраўлення Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне ад дыспетчара Дзятлаўскага РЭС аб тым, што адбылося аварыйнае адключэнне электраэнергіі на адным з участкаў. У выніку аварыі на некаторы час без току засталіся 6 населеных пунктаў Казлоўшчынскага пассавета -- Драбавічы, Гярбелевічы, Салавічы, Нянадавічы, Малдавічы, Скіпоравічы. Усяго без току засталіся 269 жылых дамоў гэтых населеных пунтктаў.

Энергазабеспячэнне было адноўлена аварыйнай брыгадай Дзятлаўскага раёна электрычных сетак.

У сувязі з вялікай колькасцю снегу 16 сакавіка ва ўзмоцненым рэжыме працавала снегаўборачная тэхніка. Для ачысткі дарог да населеных пунктаў раёна былі задзейнічаны 45 адзінак снегаўборачнай тэхнікі ДРБУ-119, РУП ЖКГ, ДЭУ-56, СВК раёна.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/