КЕРАМІСТ. СКУЛЬПТАР. ЖЫВАПІСЕЦ



Вядомаму мастаку-керамісту Мікалаю Несцярэўскаму 31 сакавіка споўнілася 83 гады. Нягледзячы на такі салідны ўзрост, Мікалай Лаўрэнцьевіч па-ранейшаму працягвае працаваць, ствараць новыя цікавыя творы.

Мікалай Несцярэўскі – мастак-кераміст, скульптар, жывапісец, член Саюза мастакоў СССР і Беларускага Саюза мастакоў, ганаровы жыхар горада Дзятлава.

Творы М. Л. Несцярэўскага экспануюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, Раўбіцкім музеі народнага мастацтва, Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі, у фондах Беларускага саюза мастакоў, у музеях за межамі Беларусі, знаходзяцца ў многіх прыватных калекцыях. Мастак з’яўляецца аўтарам дэкаратыўных пано і скульптур, якія ўпрыгожваюць станцыю метро “Плошча Якуба Коласа” ў Мінску, знаходзяцца ў паліклініцы НАН Беларусі, памяшканнях ВА “Інтэграл” і аэрапорта Мінск-2, кафэ “Бульбяная” (Мінск) і гастраноме “Мінск” у г. Валгаградзе, кафэ ў Светлагорску і Салігорску. Мікалай Лаўрэнцьевіч выканаў узоры капітэлі, пілястры, кранштэйна, разетак карнізаў і іншых упрыгажэнняў для Рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (1995). Сцены Гродзенскага тэатра лялек, аздараўленчага цэнтра “Баравічок” і дзятлаўскай гімназіі №1 таксама ўпрыгожваюць яго работы.

Мікалай Лаўрэнцьевіч стварыў вялікую колькасць скульптурных твораў, алейных палотнаў, медальерных партрэтаў. Шэраг з іх экспанаваліся ў 1991, 1996, 2001, 2006 гадах у Палацы мастацтваў на яго юбілейных выставах.

У Старадарожскім музеі А.Белага экспануюцца партрэты-барэльефы ў кераміцы каралёў і князёў Вялікага Княства Літоўскага, дзеячаў першай хвалі Адраджэння, сучасных вучоных. Бронзавы барэльеф з выявай Сымона Балівара, які быў падараваны Прэзідэнтам Беларусі прэзідэнту Баліварскай Рэспублікі Венесуэла Уга Чавесу ў час яго візіту ў Рэспубліку Беларусь (2010) таксама з’яўляецца работай Мікалая Несцярэўскага. Аб гэтай падзеі сведчаць фотаздымкі, якія знаходзяцца ў фондах Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, тут жа захоўваецца звыш 200 твораў мастака.

Творчасць Мікалая Несцярэўскага, яго шматгранны талент адзначаны шэрагам узнагародаў, у ліку якіх медаль “За заслугі ў выяўленчым мастацтве” Беларускага Саюза мастакоў.

З Дзятлаўшчынай Мікалая Несцярэўскага звязвае многае. Пасля таго, як сям’я пераехала ў 1945 годзе з Польшчы, тут прайшлі яго юнацкія гады, маладосць, мастак пачаў свой працоўны шлях. Сюды кліча незабыўнае ў жыцці: магілка маці, родныя, сябры.

Мікалай Лаўрэнцьевіч шмат чым спрабаваў займацца: апрацоўкай дрэва, меў артыстычную схільнасць (спяваў, танцаваў, іграў на трубе-барытоне, акардэоне), працаваў мастаком-афармляльнікам, настаўнікам малявання і чарчэння, але сэнсам жыцця стала мастацкая кераміка.

Калі пайшоў на пенсію, Мікалай Лаўрэнцьевіч пачаў займацца жывапісам. Яго работы адлюстроўваюць складаны свет чалавечых пачуццяў, характараў, тонкія адценні настрою, імгненні ў жыцці чалавека і прыроды. Але больш за ўсё яго вабяць беларускія краявіды. “Асабліва люблю маляваць начныя пейзажы, у іх ёсць нешта асаблівае, таямнічае, што яшчэ больш прыцягвае ўвагу,” – гаворыць аб сваім захапленні Мікалай Лаўрэнцьевіч. Ёсць у яго творчасці нацюрморты, патрэты. Самым каштоўным, адметным і значным творам мастак лічыць партрэт маці. “У ім я ўвасобіў усю любоў і павагу да сваёй матулі, якой, на жаль, даўно няма побач са мной”, – адзначае Мікалай Несцярэўскі.

Больш за дваццаць пяць палотнаў Мікалай Лаўрэнцьевіч перадаў Дзятлаўскаму музею. Супрацоўніцтва з установай пачалося яшчэ ў 1991 годзе, калі ў Мінскім палацы мастацтваў ладзілася персанальная выстаўка мастака. Пасля яе Мікалай Несцярэўскі вырашыў прыехаць у Дзятлава і прывезці плён сваёй шматгадовай творчасці. Пасля экспазіцыі ў Несцярэўскага ўзнікла жаданне пакінуць для горада і яго жыхароў свае работы як памяць пра сябе. З таго часу фонды Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея штогод папаўняюцца творамі мастака.

У жніўні мінулага года Мікалай Несцярэўскі падарыў музею свае новыя творы – керамічны партрэт народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, партрэт Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча -- стваральніка і першага дырэктара Дзятлаўскага музея, карціну “Якуб Колас з дзятлаўчанамі” . У пастаяннай экспазіцыі музея ёсць адна зала, прысвечаная творчасці мастака. Цяпер у ёй ідзе капітальны рамонт.

Для нас, дзятлаўчан важна не страціць тую мастацкую спадчыну, што засталася нам ад Мікалая Несцярэўскага, каб пасля і нашы нашчадкі маглі ганарыцца славутым земляком.

І. ЯКАЎЧЫК, галоўны захавальнік фондаў Дзятлаўскага гісторыка- краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/