КАЗАХСКА-БЕЛАРУСКАЕ СЯБРОЎСТВА



Таццяна Мікалаеўна і Андрэй Анатольевіч Тананушкі, Аляксандр Уладзіміравіч і Рыма Мікалаеўна Сіўко прыехалі на Дзятлаўшчыну з Казахстана. Абедзве сям'і ўладкаваліся на працу ў СВК "Войневічы". Тут яны атрымалі жыллё, працу, знайшлі новых сяброў. І ўсё гэта гарманічна прадоўжыла іх жыццёвыя гісторыі, якія пачаліся на казахскай зямлі.

СКАЙП, ДРАНІКІ I МАРЫ ПРА САД

Таццяна Мікалаеўна Тананушка разам з мужам і малодшым сынам Піліпам прыехалі ў Беларусь з вёскі Вольгінка, што знаходзіцца ў Валадарскай вобласці Казахстана. Назва вёскі, паводле легендаў, утварылася ад імя ці то каралевы, ці то княжны, што праязджала праз гэтыя мясціны. Спыніўшыся тут, яна папрасіла папіць вады з крыніцы. Вада аказалася настолькі смачная, што княжна загадала пабудаваць ля крыніцы населены пункт, які і стаў называцца Вольгінкай. Цяпер там жыве больш за 1000 чалавек. У вёсцы ёсць ФАП, магазіны, дзіцячьі сад і школа. У ей 23 гады педагогам адпрацавала Таццяна Мікалаеўна. Навучала дзяцей у пачатковых класах.

Муж Таццяны Мікалаеўны — Андрэй Анатольевіч — працаваў дальнабойшчыкам. Цяпер ён вадзіцель "Амкадора". Таццяна Мікалаеўна і Андрэй Анатольевіч знаёмы з дзяцінства. Раслі ў адной вёсцы, разам хадзілі ў школу. А вось іх сумесная гісторыя пачалася 26 гадоў таму. Якраз перад прыездам у Беларусь сямейная пара адзначыла свае сярэбранае вяселле. Як напамін пра гэтую дату — сярэбраныя пярсцёнкі, якія разам з заручальнымі ўпрыгожваюць правыя рукі мужа і жонкі.

У Казахстане засталіся мама, брат Таццяны Мікалаеўны, двое дачок, трое ўнукаў. Стасункі з роднымі жанчына падтрымлівае па скайпе.
— Можа, каб не было скайпа, то і не пераехалі б, — жартуе мая суразмоўца. — У Беларусі мы жывём толькі больш за паўтара года, таму моцнай настальгіі пакуль не адчуваем. Аднак сэрца поўніцца сумам па родных людзях, па маленькіх унуках.
Нядаўна сям'я Тананушкаў гасцявала ў сваіх родных у Казахстане.

— Калі мы збіраліся пераязджаць у Беларусь, то дамовіліся, што абавязкова вернемся назад, калі камусьці не падыдзе клімат або надвор'е, — расказвае Таццяна Мікалаеўна. — Асабліва я хвалявалася за сына, як ён успрыме новае месца жыхарства. Аднак Піліпу вельмі спадабалася Беларусь.

У Войневічы мы прыехалі ў чэрвені. Ужо ў ліпені Піліп пайшоў працаваць разам з іншымі падлеткамі на калгасныя палеткі, хутка знайшоў сяброў. Яму вельмі падабаецца Казлоўшчынская школа, дзе ён вучыцца. У час нядаўняй паездкі да родных у Казахстан Піліп з гонарам расказваў пра Беларусь. Прызвычаіўся ён і да беларускай кухні. Яму вельмі падабаюцца дранікі.
Цікавасць выклікае ў яго і беларуская мова, якая, на погляд сына, вельмі мілагучная.

Дарэчы, у мужа Таццяны Мікалаеўны — Андрэя Анатольевіча — беларускія карані. Яго бацька родам са Стараельні. А ў Наваельні жыве родная цётка.

У Войневічах кіраўніцтва мясцовага СВК выдзеліла сям'і жыллё. Працаваць Таццяна Мікалаеўна ўладкаваліся ў дыспетчарскую.
Новую прафесію дапамагала асвоіць пляменніца мужа — Вольга Сухецкая.
Вялікай прысядзібнай гаспадаркі сям'я пакуль не трымае.

— Адпачываем, — жартуе Таццяна Мікалаеўна, — паколькі ў Казахстане мы трымалі вялікую гаспадарку, у якой, між іншым, было шэсць кароў. Быў прысядзібны ўчастак, дзе мы спрабавалі пасадзіць сад. Аднак у суровым клімаце Казахстана, калі зімой мароз дасягае 45 градусаў, зрабіць гэта няпроста — саджанцы вымярзаюць. А цяпер я мяркуго рэалізаваць сваю даўнюю мару — вырошчваць каля дома дэкаратыўныя кусты. Клімат Беларусі для гэтага спрыяльны.


НАЎРЫЗ, БАЙГА I КАРАВАІ

Паўночны Казахстан, Кустанайская вобласць, веска Першамайская — гэта радзіма Аляксандра Уладзіміравіча і Рымы Мікалаеўны Сіўко. А вось беларускае грамадзянства, як кажа Аляксандр Уладзіміравіч, дасталося яму ў спадчыну — яго бацька родам з Хвінявічаў. Служачы ў арміі у Казахстане, ён пазнаёміўся з мясцовай дзяўчынай, якая пазней стала яго жонкай.

— Спачатку мама з татам пераехалі жыць у Беларусь, аднак маме не падышоў клімат, таму бацькі вярнуліся назад у Казахстан, — працягвае мой суразмоўца.— А мы з жонкай прыехалі ў Беларусь пяць гадоў таму. Прымусіла зрабіць гэта тая напружаная абстаноўка, якая ўзнікла ў Казахстане ў 90-ыя гады. У прыватнасці — складаная сітуацыя з работай.

У СВК "Войневічы" Аляксандр Уладзіміравіч працуе на трактары МТЗ-1221, Рыма Мікалаеўна — аператарам АЗС і загадчыцай цэнтральнага склада. За пяць гадоў сям'я прыжылася ў Войневічах. I жадання вярнуцца назад няма.

— У Беларусь пераехалі многія мае сябры, некаторыя з маіх родных. Сын таксама жыве недалёка — у Гродне.
Яго прафесія звязана з турызмам, захапляецца ён фотаздымкай.

Неяк фатаграфуючы фестываль нацыянальных культур у Гродно сын завітаў на казахскі падворак, загаварыў з гаспадарамі на іх роднай мове. Яны былі вельмі здзіўлены, аднак у той жа час вельмі рады.

Увогуле, казахі вельмі гасцінныя людзі. I калі да іх прыходзяць госці, то яны заўжды накрываюць багаты стол, або па-іхняму "дастархан".
Багаты дастархан накрываецца і на розныя святы, найбольш адметныя з якіх Наўрыз, Курбан-айт.

Наўрыз — гэта аналаг нашага Новага года. Казахі адзначаюць яго 22 сакавіка, вясной, калі прырода абуджаецца. Святкаванне суправаджаецца масавым гуляннем. Ставяць юрты, на вуліцы накрываюць сталы. Адметнасцю Наўрыза з'яўляюцца розныя спартыўныя спаборніцтвы, у тым ліку і байга — скачкі на конях. Мне таксама давялося паўдзельнічаць у іх. Адзначу, што байга — спаборніцтвы толькі мужчынскія, жанчыны ў іх не ўдзельнічаюць.

У савецкі час, калі рэлігійныя рераванні былі пад забаронай, Наўрыз таксама адзначаўся, аднак свята мела другую назву — провады зімы.
Увогуле, гаварыць аб нейкіх адметных традыцыях Казахстана даволі складана. Паколькі ў гэтай краіне жыве шмат нацыянальнасцяў.

Напрыклад, у саўгасе, дзе я жыў, было каля 3500 чалавек, некалькі дзясяткаў нацыянальнасцяў. I таму традыцыі перапляталіся паміж сабой.
У прыватнасці, я таксама нарадзіўся ў міжнацыянальнай сям'і. Бацька — беларус, мама — паволжская немка. Яна выдатна ўмела кухарыць, гатаваць стравы яе часта запрашалі на вяселлі. Умела выпякаць яна і караваі. Гэтыя традыцыі ад мамы перакяла і мая жонка, якая з'яўляецца рускай па нацыянальнасці.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/