КАШТОЎНАЯ КРЫНІЦА БЕЛАРУСКІХ КНІГ



Значэнне кнігі ў айчыннай культуры складана пераацаніць. Традыцыі кніжнай культуры былі моцныя ў Беларусі з даўніх часоў. Па падліках спецыялістаў, на беларускіх землях у другой палове 16 стагоддзя выйшла каля трэцяй часткі ўсіх кірылічных выданняў у свеце.

Сёння Дзятлаўская цэнтральная раённая бібліятэка стварае ўсе ўмовы для таго, каб захаваць кніжную спадчыну, якая засталася нам ад продкаў і прапануе некаторыя кнігі, якія змогуць зацікавіць прыхільнікаў беларускай літаратуры.

Л. М. Дайнека “Назаві сына Канстанцінам”. Чытач перанясецца ў 15-16 стагоддзі ў Рым, Вялікае Княства Літоўскае, Канстанцінопаль, які штурмуюць туркі-асманы. Апісваецца і славутая Аршанская бітва 1514 года, у якой гетман Канстанцін Астрожскі разграміў войска вялікага маскоўскага князя.

У. Мароз “За брамай забытых мелодый”. Тут паўстаюць постаці беларускай даўніны – Кірыла Тураўскі, Сымон Будны, Леў Сапега, Напалеон Орда, а таксама нашы сучаснікі – Мікола Ермаловіч, Уладзімір Конан.
Г. П. Пашкоў “Званы юнацтва”. Сюды ўвайшлі вершы, паэмы, а таксама празаічныя творы, напісаныя ў розныя гады. Аўтар намаляваў шматфарбны і шматгучны вобраз нашай Беларусі, яе людзей, у характары якіх адвечная цярплівасць, дабрыня і спагада.

А. М. Федарэнка “Ланцуг”. Новую кнігу прозы складаюць шэсць аповесцяў, напісаных у розныя гады. Аўтар імкнецца спасцігнуць духоўны свет сучасніка, зразумець яго клопаты і трывогі.

Г. ЛАШЧЭЎСКАЯ, бібліёграф Дзятлаўскай раённай бібліятэкі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/