КАСАВЫ ЧЭК – ГАРАНТ ВАШЫХ ПРАВОЎ



Мабыць, кожны з нас бачыў па тэлебачанні сацыяльную рэкламу, дзе сур’ёзны мужчына, дзелавога выгляду жанчына або медыйная зорка папярэджвалі: набываеце тавар – патрабуйце ў прадаўца чэк. Толькі ён пацвярджае вашы правы спажыўца. Ці так гэта і якое значэнне мае гэты, здавалася б, просты кавалак паперы, патлумачыць начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асобаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Дзятлаўскім раёне Іван Гірык.

-- Іван Баляслававіч, чэк патрэбен пакупніку ці гэта проста фармальнасць?
-- Каб адказаць на гэта пытанне, неабходна спачатку даць вызначэнне паняццю "чэк касавага рахунковага апарата". Сам па сабе чэк касавага аппарата – гэта дакумент, які пацвярджае факт куплі тавара (выканання работ, аказання паслугаў). Пры наяўнасці гэтага дакумента ў выпадку набыцця недабраякасных тавараў пакупнік, паводле Закона Рэспублікі Беларусь "Аб абароне правоў спажыўцоў", мае права вярнуць прадаўцу тавар, вярнуўшы пры гэтым свае грошы, ці замяніць няякасную пакупку на тавар належнай якасці. Дадаткова пакупнік мае права на кампенсацыю прадаўцом шкоды, нанесенай жыццю, здароўю ці маёмасці спажыўца ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Патрабуючы чэк ад прадаўца ў аб'ектах рознічнага гандлю (кіёсках, крамах, АЗС і да т.п.), грамадскага харчавання (барах, рэстаранах, кафэ і да т.п.) і іншых гандлёвых аб'ектах, дзе прымяняецца касавае абсталяванне, пакупнікі абароненыя ад продажу недабраякасных тавараў.
Сёння выраз "Пакупнік заўсёды мае рацыю", які стаў народным дэвізам, трэба прымаць і выкарыстоўваць у крыху іншай, але больш дакладнай форме – "Пры наяўнасці дакумента, які пацвярджае прыём грашовых сродкаў, пакупнік заўсёды мае рацыю!".

-- Якую інфармацыю ўтрымлівае чэк і якія патрабаванні да яго прад’яўляюцца?
-- Чэк павінен змяшчаць наступныя звесткі: дату, час, суму кожнай пакупкі, агульную суму, суму грошай, унесеных пакупніком, і суму рэшты. Таксама на чэку абавязкова павінна прысутнічаць прыкмета фіскальнага рэжыму, у выглядзе такога надпісу: "Ф РБ". Далёка не заўсёды прадавец прабівае ў касавым рахунковым апараце (КРА) кожную пакупку. З такім чэкам пакупнік наўрад ці зможа абараніць свае правы. Напрыклад, купіў чалавек сапсаванае мяса, а ў чэку не выбіты кошт гэтай пакупкі асобна. І чым даказаць, што агульная сума пакупкі ўключае кошт менавіта гэтага сапсаванага мяса?
Акрамя таго, існуе алгарытм правільнага разліку пакупніка: прадавец павінен выразна назваць суму чэка, пакласці грошы, выдадзеныя пакупніком, на бачнае для пакупніка месца, выбіць чэк на КРА, затым назваць суму рэшты і выдаць яе пакупніку разам з чэкам, затым пакласці атрыманыя ад пакупніка грошы ў касу.

-- Пакупніку чэк неабходны як гарантыя. Чым з'яўляецца чэк для прадаўца? І якую адказнасць нясе прадавец, калі ён не прабіў чэк?
-- Для пакупніка чэк – гэта абарона яго правоў, для прадаўца правядзенне сумы пакупкі і выдача чэка – абавязак. Наяўнасць чэка ў прадаўца пацвярджае факт ажыццяўлення пакупкі. І тым самым не дазваляе яму хаваць выручку. А дзяржава, у сваю чаргу, атрымлівае ў казну ў выглядзе падаткаў неабходныя на сацыяльныя патрэбы, у тым ліку на патрэбы аховы здароўя, адукацыі, выплату пенсій і г.д., сумы грашовых сродкаў.
Што да адказнасці, трэба адзначыць, што ў адпаведнасці з артыкулам 12.18 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, парушэнне ўстаноўленага парадку прыёму грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў, работ ці паслугаў за наяўны разлік работнікам індывідуальнага прадпрымальніка ці юрыдычнай асобы караецца штрафам у памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічыняў.

-- Іван Баляслававіч, ці шмат такіх парушэнняў было зафіксавана за мінулы год на Дзятлаўшчыне?
-- На працягу 2012 года інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па Дзятлаўскім раёне былі выяўлены 33 факты парушэння парадку прыёму грашовых сродкаў пры рэалізацыі тавараў, работ і паслугаў за наяўны разлік. Агульная сума штрафаў склала 61,1 мільёна рублёў. Пры гэтым пераважаюць парушэнні ў сферы рознічнага гандлю, перадусім – індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Часцей за ўсё парушаўся закон пры рэалізацыі ў розніцу тавараў, сума якіх перавышала 3 базавыя велічыні (12 фактаў).

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

P.S. ХТО ЧАСЦЕЙ БЯРЭ КАСАВЫ ЧЭК?
Згодна з апытаннем у буйных магазінах сталіцы, больш за палову беларусаў пры набыцці тавараў бяруць чэк. Але жанчыны робяць гэта часцей за мужчын. Прычым, заўсёды забіраюць чэкі 16% рэспандэнтаў, а 25% – толькі калі патрэбна. Цікава, што забяспечаныя спажыўцы бяруць чэкі часцей, чым небагатыя беларусы. І чым старэйшы чалавек, тым уважлівей ён адносіцца да касавага чэка, бо па ім можна зверыць кошт тавару і рэшту.

____________________________________________________________________________________________
Как же они достали! Эти вредные прыщи. которые появляются именно тогда, когда нужно выглядеть отлично! Про лечение прыщей уже написана не одна статья, книга, рассказана не одна лекция. Но на сайте propryshhi.ru вам точно помогут раз и навсегда избавиться от этих вредных неприятностей с кожей. Будьте красивы и позитивны!

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/