КАРУНКАВЫЯ ЎЗОРЫ З КАЗАХСКІМ АРНАМЕНТАМ



Марына Віктараўна Лотыш -- метадыст раённага Дома рамёстваў, які знаходзіцца ў Гезгалах. Жанчына ўмее вязаць, плесці з бісеру. Вырабы яе рук -- настольніцы, абвязаныя карункавымі ўзорамі, "прыхопкі". Яны стануць неад'емным атрыбутам і ўпрыгожаннем кухні. Заўсёды аздобяць хатні пакой і дрэвы з бісеру.

Марына Віктараўна нарадзілася ў Казахстане, аднак мае беларускія карані. На пачатку пяцідзесятых гадоў мінулага стагоддзя яе бабуля і дзядуля з Пружанаў накіраваліся ў далёкі Казахстан асвойваць цалінныя землі. Уладкаваліся жыць непадалёку ад Астаны - станцыя Макінка, сяло Белацаркоўка. Гэта былы нямецкі пасёлак, утульны, чысты. У сарака кіламетрах ад яго знаходзіцца вядомы курорт Баравое.

-- Вельмі прыгожыя мясціны, -- расказвае Марына Віктараўна. -- Іх прырода нехарактэрная для Казахстана -- лясы, вадаёмы. Адна з адметнасцяў гэтых мясцін -- бярозавы гай. Невядома чаму, але дрэвы тут растуць тонкія, няроўныя, скрыўленыя, таму і называецца гэты гай "танцуючыя бярозы". Побач з ім "растуць" камяні. За гадоў дваццаць яны ператвараюцца ў вялікія валуны.

Гісторыю гэтых мясцінаў, іх легенды добра ведае мая мама -- Тамара Іванаўна. Яна нарадзілася ўжо ў Казахстане, вучылася ў педадагічным вучылішчы ў горадзе Шчучынску. Студэнткай праводзіла экскурсіі. І цяпер, калі мы з сям'ёй едзем наведаць маму, абавязкова робім экскурсію ў Баравое і мама ў чарговы раз расказвае яго легенды.

Мама ў мяне настаўніца пачатковых класаў, шмат гадоў выкладала і гісторыю. Увогуле, я лічу, што яна -- гісторык па прызванні.

Марына Віктараўна сама шмат гадоў адпрацавала ў школе, была бібліятэкарам. У гэты час яна і асвоіла падрабязна па кнігах тэхніку вязання спіцамі, кручком. А вось азам гэтага народнага рукадзелля яе навучыла бабуля Ульяна Елісееўна.

-- Яна нарадзілася ў шматдзетнай сям'і, -- расказвае Марына Віктараўна, -- рана засталася без мамы. Клопат пра сіротаў узяла на сябе іх цётка. У яе таксама было шмат дзяцей. З-за цяжкіх жыццёвых абставінаў бабуля рана выйшла замуж. Яе муж, мой дзядуля, Марк Пятровіч -- былы франтавік. У адным з баёў ён быў паранены. З-за ранення ён заўчасна памёр, бабуля стала ўдавой. Ёй давялося падымаць семярых дзяцей. Выхоўваць малодшых дапамагалі старэйшыя, якія ўжо пайшлі ў самастойнае жыццё. Увогуле, сямейныя сувязі ў нас вельмі падтрымліваліся. Памятаю, кожную суботу ў бацькоўскім доме вялікая сям'я збіралася разам, пачаргова мыліся ў лазні, гутарылі. Вось такога вялікага сямейнага адзінства мне, на жаль, не хапае тут.

-- Бабуля Ульяна, -- працягвае Марына Віктараўна, -- навучыла мяне яшчэ і прасці. Такім чынам, што такое верацяно -- я ведаю добра. Неяк з братам спецыяльнай часалкай мы начасалі шэрсці з сабакі. Пасля я спрала ніткі, а затым звязала сабе шкарпэткі -- цёплыя і карысныя для здароўя. А яшчэ бабуля навучыла мяне вырабляць падшываныя падушкі. Наогул, яны -- неад'емны атрыбут казахскага быту. На іх сядзяць, калі ўжываюць ежу або п'юць чай за невялікім столікам, вышыня якога толькі 12 сантыметраў ад падлогі. Падушкі рознага памеру, з розным арнаментам.

Доўгі час жывучы ў Казахстане, Марына Віктараўна асвоіла і нацыянальную кухню гэтай краіны. У ліку вядомых страваў -- бешбармак. У перакладзе назва гучыць як "пяць пальцаў": бешбармарк ядуць рукамі.

-- Неяк, ужо ў Беларусі, у дзень свайго нараджэння я прыгатавала гэтую страву. Гасцям яна спадабалася. Аднак праз некаторы час яны запыталіся: "А дзе бульба?". А я так хацела здзівіць іх нацыянальнай казахскай кухняй. У ліку яе страваў і баурсакі -- гэта такія круглыя піражкі з дражджавога цеста, смажаныя ў алеі. Дарэчы, з назвай гэтай стравы звязана адна гісторыя, якая адбылася ў маім жыцці. У той час, калі я жыла ў Казахстане, я вывучала толькі рускую мову, ведаць нацыянальную яшчэ не было абавязковай умовай. І таму казахскую мову я не вучыла. Неяк у школе на адным з мерапрыемстваў я ўбачыла, як дзеці інсцэніруюць казку. У ёй гучалі такія словы: "Баурсак, баурсак, куды ты коцішся?". Я спачатку не зразумела, што баурсак -- гэта казахскі аналаг вядомага рускага калабка.

У Беларусі Марына Віктараўна жыве ўжо 16 гадоў. Пераехаць сюды, да цёткі ў Гезгалы, пасля тых зменаў, якія адбываліся ў Казахстане пасля распаду Савецкага Саюзу, ёй параіла мама, сказала, што тут жыць будзе лепш. "Мама не памылілася", - адзначае Марына Віктараўна. Цяпер з мамай, а таксама з іншымі роднымі яна падтрымлівае сувязь па скайпе.

-- Дзіўлюся, -- адзначае жанчына, -- як, дзякуючы прагрэсу, можна так проста і зручна падтрымліваць стасункі з роднымі і дарагімі мне людзьмі, якія знаходзяцца вельмі далёка, па якіх я сумую.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/