Каратэ: перамога над сабой



Менавіта такі сэнс мае гэтае ўсходняе баявое майстэрства з больш чым тысячагадовай гісторыяй, якое карыстаецца шырокай папулярнасцю і ў наш час. Яго навыкамі авалодваюць і юныя дзятлаўчане — наведвальнікі спартыўнай секцыі, якая ўжо другі год працуе ў сярэдняй школе №3 г. Дзятлава.

Узначальвае секцыю Максім Валер'евіч Максімаў — інструктар спартыўнага клуба "Барс". Пад яго кіраўніцтвам дзеці асвойваюць адзін з адносна маладых відаў каратэ, які з'явіўся толькі ў сярэдзіне 20 стагоддзя, — кіокушынкай каратэ-до.

Цяпер у секцыі займаюцца 35 дзяцей, двое з іх — ва ўзросце пяці гадоў.

— 3 імі найбольш цяжка працаваць, паколькі ў іх не хапае канцэнтрацыі ўвагі, волі, настойлівасці, так неабходных для авалодання практыкай каратэ-до, як і іншага баявога майстэрства, — тлумачыць Максім Валер'евіч. — I, увогуле, многія дзеці і падлеткі ў першую чаргу бачаць у каратэ сродак самаабароны, не разумеючы, што гэта — шлях да самаўдасканалення, навука, якая дазваляе дасягнуць поспехаў у духоўным самаразвіцці. Не кожнаму гэта па сіле. Таму нярэдка, пазаймаўшыся ў секцыі пэўны час, некаторыя яе наведвальнікі адмаўляюцца ад далейшых заняткаў.

Сапраўды, шлях да самаўдасканалення даволі цяжкі. Трэніроўкі праходзяць на працягу дзвюх гадзін, у час якіх адпрацоўваецца кожны рух, яго правільнасць. У час заняткаў пануе строгая дысцыпліна, падтрымліваецца этыкет доджы, што ў перакладзе гучыць як "правілы спартзалы": калі ты прыйшоў на заняткі, значыць, павінен старанна займацца, а не марнаваць час і перашкаджаць іншым. Толькі ў такім выпадку можна зрабіць крок наперад.

Некаторыя наведвальнікі секцыі на гэтым попрышчы ўжо дасягнулі някепскіх вынікаў. Пацвярджэнне таму — дзясятае першынство вобласці па кіокушынкай каратэ-до, якое праходзіла ў Слоніме. Удзел у ім прынялі больш за 85 спартсменаў з Гродна, Дзятлава, Баранавічаў, Гомеля, Шчучына, замежныя госці з Польшчы.

Першапачаткова Дзятлава павінна была прадстаўляць каманда з 16 чалавек, аднак двое з іх не прайшлі "вагавы" крытэрый. 3 14 юніёраў 4 прадстаўнікі нашага раёна сталі прызёрамі спаборніцтваў. Залаты медаль для дзятлаўскай каманды заваяваў Эдгар Бужынскі. Ён займаецца ў секцыі каратэ ўжо другі год, на спаборніцтвах хлопец выступаў у вагавай катэгорыі больш за 75 кілаграмаў. У гэтай жа катэгорыі выступаў і Мікалай Халопік, ён заваяваў серабро. Сярэбраныя медалі камандзе прынеслі Ігар Іода (вагавая катэгорыя да 70 кг) і Яраслаў Санюк (вагавая катэгорыя — да 60 кілаграмаў).

У час спаборніцтваў, якія доўжыліся з 11 да 17 гадзін, за дзятлаўскую каманду "хварэў" не толькі яе інструктар: прыехалі падтрымаць сваіх дзяцей і бацькі. У ліку іх мама Іллі Панько Ганна Валяр'янаўна. Увогуле, да выбару свайго сына — займацца ў секцыі каратэ — яна ставіцца вельмі станоўча. Лічыць, што гэта дысцыплінуе, выхоўвае станоўчыя якасці, занятак, які прыносіць сыну, усім наведвальнікам секцыі толькі карысць.

Удзел у дзясятым адкрытым абласным першынстве па кіокушынкай каратэ-до стаў для дзятлаўчан добрым стымулам старанна займацца далей. А прызёры спаборніцтваў атрымалі пуцёўку на юнацкае першынство Рэспублікі Беларусь па кіокушынкай каратэ-до, якое пройдзе ў Гродне 17 красавіка.

Даведка:
Заснавальнікам кіокушынкай каратэ-до (жорсткі або кантактны стыль) з'яўляецца майстар каратэ, карэец па нацыянальнасці Масутацу Аяма. Усходнімі баявымі майстэрствамі ён пачаў займацца з 9 гадоў, у 12 гадоў ён пераехаў у Японію, дзе засвоіў майстэрства дзюдо. Вялікі талент, воля, настойлівасць за лічаныя гады дазволілі Аяме ўвайсці ў лік мацнейшых маладых байцоў Японіі.

Пасля другой сусветнай вайны Аяма пасяліўся на тары Мінобэ, дзе ўзмоцнена трэніраваўся, аддаючы трэніроўкам і медытацыі амаль увесь свой час.

Менавіта ўжо тады нараджаўся новы стыль каратэ, які ў сярэдзіне 1960-ых атрымаў назву кіокушынкай каратэ-до, што ў перакладзе азначае "шлях шукальнікаў ісціны", які аб'ядноўвае людзей незалежна ад іх колера скуры, нацыянальнай прыналежнасці, веры і палітычных поглядаў.

У 1969 годзе адбыўся першы адкрыты абсалютны чэмпіянат Японіі па кіокушынкай, а з 1975 года пачынаюць адлічваць сваю гісторыю чэмпіянаты свету, якія праходзяць раз у чатыры гады.

Для Аяма турніры па каратэ з'яўляліся своеасаблівым відам духоўнай воінскай практыкі. Умовы паядынку з поўным кантактам патрабавалі ад яго ўдзельнікаў пэўнай сур'ёзнай падрыхтоўкі, якая ў першую чаргу садзейнічала поўнаму раскрыццю рэзервовых фізічных і духоўных магчымасцяў байцоў. Гэта былі ў некаторай ступені іспыты на Шляху воіна.

А. ДУБРОЎСКАЯ.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/