КАРАТЭ-ДО ДЛЯ ДЗЯЎЧАТ



Ужо некалькі гадоў на Дзятлаўшчыне дзейнічае секцыя па кіакушынкай каратэ-до, якую ўзначальвае трэнер Максім Максімаў. Наведваюць заняткі не толькі хлопчыкі і юнакі, але і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Чаму яны абралі для сябе такое захапленне, як яно пачыналася? -- на гэтыя пытанні адказваюць самі ўдзельніцы спартыўнай секцыі каратэ-до.

Аляўціна Янушкевіч:
-- У секцыю я прыйшла па парадзе мамы. Мне тут падабаецца. Заняткі даюць добрую фізічную падрыхтоўку, таксама вучуся абараняцца. Вядома, пачынаць было складана: размінка, адпрацоўка базавай і баявой тэхнік. Аднак з цягам часу гэта становіцца лёгкім. Ды і фізічная форма паляпшаецца -- ужо амаль саджуся на шпагат.
Я ўдзельнічала ў сёлетнім першым адкрытым чэмпіянаце каратэ-до,які праходзіў у Дзятлаве,і ў сваёй ўзроставай катэгорыі заняла другое месца.

Алеся Цыбліенка:
-- Аб секцыі я даведалася сама. Займаюся тут ужо паўтара года. Заняткі даюць магчымасць падтрымліваць добрую фізічную форму, а таксама трэніруюць характар. У прыватнасці, такія якасці, як вынослівасць, цярплівасць. Ды і адносіны равеснікаў да мяне сталі іншыя, больш паважлівыя.
Я таксама прымала ўдзел у спаборніцтвах у Слоніме, Гродне. У час спаборніцтваў у Слоніме заняла трэцяе месца.

Алена Ярэшка:
-- Мая мама нярэдка гаворыць, што па жыцці я вельмі рухомая, мне трэба кудысьці падзець лішкі энергіі. Таму іх я скіравала на заняткі каратэ-до. Гэта зрабіла мяне больш спакойнай. Вядома, пачынаць было складана. І нават цяпер часам ўзнікаюць думкі: можа не пайсці на чарговую трэніроўку, пабыць дома. Аднак адганяю думкі, і ў час трэніроўкі забываюся пра іх. Заняткі каратэ-до дысцыплінуюць.
Я таксама прымала ўдзел у першым адкрытым чэмпіянаце Дзятлава па кіакушынкай каратэ-до, ва ўзроставай катэгорыі 11-13 гадоў заняла трэцяе месца.

Кацярына Байгот:
-- У секцыі я займаюся ўжо тры гады. Да гэтага працяглы час засвойвала таэквандо. Гэтыя дзве тэхнікі падобныя паміж сабою: падобныя стойкі, удары, блокі.
Заняткі ў секцыі дысцыплінуюць, трэніруюць характар. За час заняткаў я ўдзельнічала ў абласных спаборніцтвах па кіакушынкай каратэ-до, якія праходзілі ў Гродне, заняла другое і трэцяе месцы. У адкрытым чэмпіянаце, які сёлета праходзіў у Дзятлаве, стала другой.
У далейшым я планую дайсці да першага дана, стаць трэнерам.

P.S
Цяпер дзяўчаты, а таксама іншыя ўдзельнікі секцыі кіакушынкай каратэ-до ўзмоцнена рыхтуюцца да міжнароднага чэмпіянату па каратэ-до, які ў красавіку пройдзе ў Гродне. Удзел у ім прымуць каманды з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы. У сувязі з гэтым варта пажадаць дзятлаўскім спартсменам поспехаў, добрых вынікаў на чэмпіянаце.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/