КАНІКУЛЫ Ў ШКОЛЬНЫМ ЛАГЕРЫ



На Дзятлаўшчыне, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі на зімовых канікулах школьнікі змаглі адпачыць і паправіць сваё здароўе. Як гэта адбывалася, карэспандэнтка газеты "Перамога" пацікавілася ў Н.3.Пазняк, метадыста раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і навучэнцаў сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.

— Наталля Захараўна, колькі школьнікаў на зімовых канікулах адпачылі ў школьных лагерах?
—У раёне працавалі чатыры школьныя лагеры з дзённым знаходжаннем дзяцей: у сярэдняй школе №3 горада Дзятлава, Руда-Яварскім дзіцячым садзе-базавай школе, Хвінявіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе, Раготнаўскім дзіцячым садзе-сярэдняй школе. Адпачыць у іх і набрацца сілаў перад працяглай трэцяй чвэрцю змаглі 120 дзяцей.

— Да якога часу дзеці знаходзіліся ў лагерах?
— Зімовы адпачынак дзяцей у школьных лагерах доўжыўся сем дзён: з 29 снежня па 10 студзеня за выключэннем выхадных і святаў Дзеці знаходзіліся ў школе з 9 да 16 гадзін. Для іх было наладжана збалансаванае трохразовае харчаванне: сняданак, абед і падвячорак.

— Бацькам давялося поўнасцю ці часткова кампенсаваць расходы на адпачынак?
— Бацькі часткова аплачвалі адпачынак сваіх дзяцей у зімовых школьных лагерах. большую частку расходаў на аздараўленне навучэнцаў узяла на сябе дзяржава.

— I як школьнікі бавілі час у лагеры?
— Канікулы для іх выдаліся цікавымі і багатымі на падзеі. Дзеці прынялі ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, інтэлектуальна-забаўляльных, развіваючых гульнях, цікавых сустрэчах, пабылі ў музеі Наваельнянскай сярэдняй школы "Дзеці ліхалецця”, наведалі Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, хадзілі ў кіно, проста гулялі на прышкольнай тэрыторыі — каталіся на санках і лыжах.

— У чым плюсы цэнтралізаванага адпачынку навучэнцаў?
— Знаходжанне ў лагерах дало дзецям магчымасць не толькі аздаравіцца за кошт рацыянальнага збалансаванага харчавання, фізічнай актыўнасці, прагулак на свежым паветры, але і прыняць удзел у выхаваўчых мерапрыемствах. А бацькі, пакуль працавалі, маглі не хвалявацца за дзяцей, якія ў гэты час знаходзіліся пад кантролем вопытных педагогаў. Пра ўсе мерапрыемствы, якія прыйшліся даспадобы навучэнцам, і пра іх уражанні ад зімняга адпачынку ў школьных лагерах, лічу, вам найлепш спытаць у саміх дзяцей.

Карэспандэнтка газеты скарысталася парадай Наталлі Захараўны Пазняк і сустрэлася з наведвальнікамі зімовага аздараўленчага лагера 'Усмешка" сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.

Насця Мілейка, 1 “Б" клас:
—У школьным лагеры мне спадабалася. Асабліва запомнілася, калі да нас прыходзіў інспектар раённага аддзела МНС Аляксандр Анатольевіч Беленко, які расказаў пра работу пажарных-ратаўнікоў нагадаў правілы бяспечных паводзінаў у час святаў папярэдзіў што дзецям да 15 гадоў нельга карыстацца петардамі. А школьнікі падрыхтавалі і расказалі яму шмат вершаў пра ратаўнікоў намалявалі малюнкі. За ўсё гэта мы атрымалі прызы і наклейкі. Таксама ва 'Усмешцы" праводзіліся "Малыя Алімпійскія гульні”, у якіх перамагла і была ўзнагароджана наша каманда.

Даша Абражэй, 4 "Б" клас:
— У школьным лагеры я была і раней, мне тут заўжды падабаецца. На гэты раз для нас арганізавалі цікавую экскурсію ў музей Наваельнянскай школы "Дзеці ліхалецця". Мяне ўразіў аповед пра лёсы дзяцей з розных краін, якія адпачывалі ў інтэрнацыянальным лагеры ў гарпасёлку Наваельня, і там іх застала Вялікая Айчынная вайна.
А яшчэ мы пабылі ў кінатэатры "Спадарожнік", дзе пабачылі цікавую і павучальную кінастужку "Цімур і яго каманда” — новую версію. Яна пра тое, як сучасныя дзеці знайшлі і прачыталі аднайменную кнігу Аркадзя Гайдара, а затым адстойвалі вёску, на месцы якой прадпрымальныя людзі хацелі пабудаваць катэджны пасёлак.
А больш за ўсё мне падабаецца, што ў школьных лагерах для нас штодзень ладзяць новыя конкурсы, гульні, сустрэчы, узнагароджваюць самых актыўных граматамі і прызамі.

Максім Аляксейчык, 4 "В” клас:
— Мне падабаецца бываць у школьным лагеры. I на гэты раз тут было шмат цікавага: мы гулялі ўспартыўныя гульні, ездзілі ў Наваельню, сустракаліся з цікавымі людзьмі. Але больш за ўсё мне спадабалася экскурсія ў пажарна-аварыйную выратавальную часць №1 горада Дзятлава. Там нам расказалі пра будні ратаўнікоў, прадэманстравалі іх узбраенне і інструмент, дазволілі надзець шлем, пасядзець у пажарнай машыне —хлопчыкам гэта было цікава.

Вельмі вясёлым ва "Усмешцы” быў Дзень смайлікаў, калі кожны наведвальнік стараўся намаляваць як мага больш арыгінальных смайлікаў і падарыць сваім сябрам. Ксюша Калодзіч, 2 "Г" клас: — Я была ў летнім школьным лагеры і засталася вельмі задаволенай, а таму папрасіла бацькоў аддаць мяне і ў зімовы лагер. Тут не менш цікава. Напярэдадні навагодніх святаў мы малявалі малюнкі для Дзядулі Мароза, ладзілі танцы каля ёлачкі. Таксама да нас у госці прыходзіў інспектар раённага аддзела МНС, які расказаў шмат цікавага, а дзеці чыталі яму вершы. Яшчэ мы малявалі малюнкі пра спорт, гулялі ўспартыўныя гульні. Але мне найбольш запомніўся паход у Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, дзе ладзілася выстава самаробных навагодніх ёлак. Дрэўцы былі вельмі арыгінальныя: з гумавых пальчатак, паперы, галінак або пашытыя з матэрыялу. Таксама ў музеі мы пабачылі старадаўнія рэчы, пра якія даведаліся шмат цікавага.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/