КАЛІ ШКОЛЬНЫЯ ГАДЫ -- УСЁ ЖЫЦЦЁ



"Школьные годы -- чудесные", -- спяваецца ў песні. Так, гэта сапраўды шчаслівая, бестурботная пара. Але школьныя гады адметныя яшчэ і тым, што кожны дзень, кожны год з вунямі побач цярплівыя, клапатлівыя настаўнікі, здольныя як ніхто іншы зразумець душу школьніка.

Шмат гадоў прысвяціла настаўніцкай дзейнасці Надзея Іванаўна Скок, былая настаўніца пачатковых класаў СШ №1 г. Дзятлава. Рашэнне быць педагогам яна прыняла ў далёкім 1962 годзе: хацелася прысвяціць жыццё дзецям, вучыць іх пісаць, чытаць, лічыць, быць для іх прыкладам для пераймання. Роля ж настаўніка не проста ў тым, каб перадаць пэўную колькасць ведаў па прадмеце, а зацікавіць, захапіць гэтым прадметам. Маладой настаўніцы гэта ўдавалася: усе свае веды, сваю любоў яна аддавала маленькім жыхарам нашага горада. Вучыла іх быць культурнымі, ветлівымі, як дарослы сябар, давала жыццёвыя парады. Надзея Іванаўна выкладала школьныя дысцыпліны так, быццам бы жыццёва неабходна было, каб усе трыццаць вучняў класа, якія сядзелі перад ёю, сталі толькі літаратарамі, толькі мовазнаўцамі, толькі матэматыкамі...

Быць выдатным педагогам атрымліваецца ў тых людзей, хто ўпэўнены, што ўсе дзеці таленавітыя. Надзея Іванаўна шчыра ў гэта верыла, і ў яе ўсё атрымлівалася: і творча працаваць, і даваць грунтоўныя веды. За паспяховую педагагічную дзейнасць настаўніца ўзнагароджана Ганаровымі граматамі аддзела народнай адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама.

Ішлі гады. У Надзеі Іванаўны выраслі дзве дачкі, якія прадоўжылі справу маці і таксама сталі настаўніцамі. Сёння яны працуюць у Гезгалах і Дзятлаве, прадаўжаюць сямейную дынастыю педагогаў.

Настаўнікі сярэдняй школы №1 г. Дзятлава ведаюць Надзею Іванаўну Скок, як стараннага, творчага, высокакваліфікаванага педагога, шчырага і сардэчнага чалавека. І мы ўсе спадзяёмся, што яшчэ шмат гадоў Надзея Іванаўна будзе радаваць сваіх блізкіх і нас бадзёрасцю духа, здароўем і мудрымі жыццёвымі парадамі.

Н. ЯКАБЧУК, ад калектыву СШ №1 г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/