КАЛІ ПАДКЛЮЧАЕЦЕ ЭЛЕКТРЫЧНАСЦЬ САМІ



У каго ёсць прыватны дом, таму даводзіцца падключаць розныя ўстройствы або пабудовы, якія знаходзяцца побач з домам. Электрыкі называюць гэты працэс стварэннем адгалінаванняў. Напрыклад, гэта можа быць гараж, вулічны ліхтар або проста навес з асвятленнем.

Ёсць розныя спосабы пракладкі дадатковага электракабеля. Электралінія, ад якой будзе будзе рабіцца адгалінаванне, часцей за ўсё бывае паветранай. У некаторых выпадках выкарыстоўваецца падземнае адгалінаванне.

Паветраныя лініі ў большасці выпадкаў больш надзейныя, бо іх пашкоджанні можна выявіць візуальна і яны аднаўляюцца хутчэй, чым падземныя. Каб усе работы былі прыняты без заўвагащ, загадзя запрасіце прадстаўніка ўладальніка сеткі і пазнаёмце яго са сваім праектам.

Калі вы будзеце выконваць работу самі, то патрэбна ведаць, якія матэрыялы неабходна прымяняць, якія правілы выконваць. Для стварэння паветранага адгалінавання лепш за ўсё выкарыстоўваць алюмініевыя ізаляваныя правады СІП. Гэтыя кабелі вельмі даўгавечныя, для іх ёсць спецыяльныя аксесуары для лёгкага і зручнага мацавання да слупоў і будынкаў. Такія кабелі маюць розную колькасць правадоў для аднафазнай і трохфазнай сетак.

Гэта кабелі тыпаў СІП-2А, СІП-3, СІП-4. Сячэнне кабеля павінна быць не менш за 16 мм кв., гэта значыць ён можа прапускаць ток да 63 А, што адпавядае магутнасці 14 кВт пры аднафазнай сетцы і 42 кВт пры трохфазнай. СІП мацуюць на спецыяльныя анкерныя заціскі. Увод у сцяну робяць праз металічную ўтулку.

Пераход да падземнага адгалінавання можа быць як ад паветранай лініі, так і ад шчыта ў будынку.

Для падземнага адгалінавання лепш за ўсё выкарыстоўваць браніраваныя кабелі з меднымі жыламі сячэннем 10 мм кв. Яго можна класці прама ў траншэю без ахоўных трубаў. Можна выкарыстоўваць і звычайны кабель, які працягваецца ў пластыкавую ПХВ трубу. Металічныя трубы неабходна выкарыстоўваць, калі ў зямлю і з зямлі кабель спускаецца па сцяне або слупе (тады бяруць трубу або вугалок вышынёй не менш за 1,8 метра). Таксама металічныя ці азбестацэментныя трубы пажадана выкарыстоўваць як перамычку пры праходжанні кабеля пад дарогай.

Для пракладкі кабеля выкарыстоўваецца траншэя глыбінёй не менш за 0,7 метра, на дно засыпаецца пясок слоем 10 см, зверху кабель таксама засыпаецца слоем пяску. Увод у пабудову робіцца праз стальную ўтулку або ў стальной трубе пад фундаментам.

Памятайце, што перад пачаткам земляных работ неабходна ўзгадніць раскопкі з усімі зацікаўленымі арганізацыямі (гаргаз, электрычныя сеткі, упраўленне камунальнай гаспадаркі, сувязь і іншыя).

В. КЕЦЬ, начальнік Дзятлаўскай энергаінспекцыі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/