КАЛІ МАЕ ПРАВА ВЫЙСЦІ НА ПЕНСІЮ ЧАЛАВЕК, ЯКІ ВЫХОЎВАЕ ДЗІЦЯ-ІНВАЛІДА?



Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама з пытаннем звярнулася жыхарка райцэнтра:
-- Я чула, што людзі, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, маюць права на датэрміновую пенсію, ці так гэта?

Адказвае А. Навічэнкава, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама:
-- Згодна з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб пенсійным забеспячэнні", маці, якія выхоўвалі дзяцей-інвалідаў (інвалідаў з дзяцінства) не менш за 8 гадоў у перыяд да іх паўналецця, маюць права на пенсію па ўзросце па дасягненні 50 гадоў, калі стаж работы ў іх складае не менш за 20 гадоў, і не менш за пяць з іх -- гэта страхавы стаж.

Такое ж права маюць і таты. Калі бацька выхоўваў дзіця-інваліда (інваліда з дзяцінства) не менш за 8 гадоў у перыяд да яго паўналецця, ён мае права выйсці на пенсію па ўзросце ў 55 гадоў. Пры гэтым працоўны стаж бацькі павінен складаць не менш за 25 гадоў, і не менш за пяць з іх -- гэта страхавы стаж. Але ўсё гэта пры ўмове, калі маці дзіцяці-інваліда (інваліда з дзяцінства) не выкарыстала набытае ёю права на датэрміновую пенсію па ўзросце, згодна з часткай 1 гэтага артыкула, і адмовілася ад свайго права на карысць бацькі або не выкарыстала права на датэрміновую пенсію па ўзросце, згодна з часткай 1 гэтага артыкула, у сувязі са смерцю.

Таксама бацькі, якія выхоўваюць дзяцей інвалідаў, маюць права на шэраг іншых ільготаў, прадастаўленых заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Так, маюць права на дапамогу па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў, незалежна ад ступені страты здароўя, вызначанай дзіцяці, беспрацоўныя маці, бацька, апякун, папячыцель або іншая асоба, якая фактычна даглядае дзіцяці-інваліда, калі яны не атрымліваюць пенсіі, а таксама маці або бацька, якія знаходзяцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці-інваліда ці іншых дзяцей да дасягнення імі ўзросту 3 гадоў.

Маці (мачаха) або бацька (айчым), усынаўляльнік (удачаральнік), апякун (папячыцель) маюць права на дзяржаўную дапамогу на ўсіх дзяцей, старэйшых за 3 гады, калі ў сям'і выхоўваецца дзіця-інвалід ва ўзросце да 18 гадоў.

Падрыхтавала да друку І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/