КАЛІ Ў ЛЕС – НЕЛЬГА



Па аператыўных дадзеных толькі за адны суткі з 5 па 6 жніўня ў рэспубліцы адбыліся 4 лясныя пажары на агульнай плошчы 0,44 гектара, 14 тарфяных пажараў на агульнай плошчы 4,33 гектара, 27 узгаранняў травы і кустоўя на агульнай плошчы 48,37 гектара.

У сувязі з пажаранебяспечнай сітуацыяй у лясах Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі заклікае грамадзян асцярожна абыходзіцца з агнём у лесе і нагадвае, што згодна з артыкулам 42 Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь, грамадзяне, якія знаходзяцца на тэрыторыі ляснога фонду, абавязаны:
- выконваць правілы пажарнай бяспекі ў лесе;
- у выпадку ўзнікнення пажару – неадкладна апавяшчаць дзяржаўную лясную ахову (або паведамляць аб лясным пажары па нумары 101) і аказваць магчымае садзейнічанне пры яго тушэнні;
- не дапускаць паломкі, высякання дрэваў і кустоўя, пашкоджання лясных культур;
- не дапускаць забруджвання лясоў бытавым смеццем.

У пажаранебяспечны сезон забараняецца:
- паліць вогнішчы ў маладняках вышынёй да 1 метра, пасадках дрэваў да 20 гадоў вышынёй да 15 метраў, на ўчастках пашкоджанага лесу (ветравал і буралом), тарфяніках, у месцах з падсохлай травой. Дапускаецца развядзенне вогнішчаў (у тым ліку з выкарыстаннем прыладаў: мангалаў, барбекю, грыля, газавых пліт і падобных) на абсталяваных пляцоўках, акружаных паласой, ачышчанай да мінеральных слаёў глебы, шырынёй не менш за 0,25 метра, а таксама ў месцах, дзе немагчыма пашкодзіць агнём кроны, ствалы і каранёвыя лапы дрэваў, акрамя забароненых участкаў. Пасля выкарыстання вогнішча павінна быць патушана да поўнага спынення тлення;
- пакідаць непатушаныя крыніцы гарэння, тлення (у тым ліку, запалкі, недакуркі);
- у час палявання прымяняць пыжы з лёгкаўзгаральных матэрыялаў;
- пакідаць прамасленыя або намочаныя гаручымі рэчывамі матэрыялы (паперу, тканіну, паклю, вату і іншыя);
- запраўляць паліўныя бакі машын і механізмаў ва неўстаноўленых месцах, а таксама пры ўключаных рухавіках; выкарыстоўваць машыны з няспраўнасцямі, якія прыводзяць да выцякання гаручых рэчываў, а таксама курыць або карыстацца агнём побач з машынамі, якія запраўляюцца гаручым.

Згодна з артыкулам 15.29 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах ці на тарфяніках або парушэнне забароны на наведванне лясоў, пры якім не дапушчана нанясенне стратаў, пагражае папярэджаннем або штрафам у памеры да 25 базавых велічыняў.

Парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах ці на тарфяніках або парушэнне забароны на наведванне лясоў, пры якім дапушчана знішчэнне або пашкоджанне лесу або тарфянікаў, караецца штрафам ад 25 да 50 базавых велічыняў.

Акрамя таго, прадугледжана і крымінальная адказнасць. Так, згодна з артыкулам 276 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, знішчэнне або пашкоджанне лесу ў выніку неасцярожнага абыходжання з агнём, якое нанесла прычыненне стратаў у асабліва буйным памеры, караецца штрафам або папраўчымі работамі тэрмінам да двух гадоў, або абмежаваннем волі тэрмінам да двух гадоў, або пазбаўленнем волі на той самы тэрмін з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю без пазбаўлення.

Абмежаванні і забароны на наведванне лясоў, згодна з артыкулам 76 Ляснога кодэкса РБ, маюць права ўстанаўліваць органы мясцовай выканаўчай улады (райвыканкамы) у сувязі з надыходам высокай пажарнай небяспекі ў лясах.

У перыяд забароны зачыняюцца ўсе шлагбаумы на з’ездах з дарог у лясы, пры неабходнасці ўсталёўваюцца шыльды з інфармацыяй аб забароне наведвання лесу і адказнасці за яе парушэнне. Выносяцца рашэнні мясцовых органаў улады па абмежаванні або поўнай забароне на наведванне, у тым ліку ўезд механічных транспартных сродкаў у лясы і на тарфянікі (акрамя тэхналагічнага транспарту лясгасаў). На аўтатранспарце можна праязджаць толькі па дарогах, якія вядуць да населеных пунктаў, а таксама да абсталяваных месцаў адпачынку. Распальванне вогнішчаў у лясах і на тарфяніках у перыяд забароны або абмежавання на наведванне лясоў недапушчальна.

Вядзецца штодзённае патруляванне ў лясах, дзяжурства на пажарна-хімічных станцыях і назіральных вышках, тлумачальная работа з насельніцтвам. Экалагічныя інспекцыі, падраздзяленні Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце РБ, супрацоўнікі Міністэрства ўнутраных спраў праводзяць спецыяльныя рэйды. У выпадку выяўлення парушэння правілаў пажарнай бяспекі ў лясах вінаватыя прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам.

М. КАРЭНКА, інжынер па ахове лесу
А. БЯЛЕНКА, інспектар Дзятлаўскага РАНС

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/