КАЛІ БАЛІЦЬ СЭРЦА



У кожнага чалавека толькі адно сэрца, вельмі важна, каб яно заставалася здаровае як мага даўжэй. Правільны лад жыцця, высокаэфектыўныя прэпараты змяншаюць рызыку ўскладненняў такіх хваробаў як стэнакардыя, інфаркт міякарда, інсульт.

Стэнакардыя -- адна з праяваў ішэмічнай хваробы сэрца, абумоўленая парушэннем балансу між каранарным крыватокам і патрэбнасцямі міякарда. Ішэмічная хвароба можа працякаць безсімптомна або праяўляцца ў выглядзе стэнакардыі. Аб ёй нагадвае давячы боль, які нібыта апальвае сэрца, сціскае горла. Боль аддае ў левую руку, пад лапатку. Аднак нярэдка боль адчуваецца ў вобласці сэрца. Прыступы стэнакардыі доўжацца ад 2 да 5 хвілін, часцей за ўсё іх правацыруе фізічная нагрузка.

Пры прыступе стэнакардыі трэба пакласці хворага, забяспечыць пакой, даць таблетку нітрагліцэрыну пад язык. На вобласць сэрца можна паставіць гарчычнік. Калі прыступ працягваецца, праз 5 хвілінаў дайце другую таблетку нітрагліцэрына. Калі і пасля гэтага прыступ не пройдзе, трэба выклікаць хуткую медыцынскую дапамогу: варта помніць, што працяглы прыступ стэнакардыі можа перарасці ў інфаркт міякарда.

Трэцяе месца сярод прычынаў смяротнасці, першае -- сярод прычынаў інваліднасці займае інсульт. Адрозніваюць два яго віды: гемарагічны і ішэмічны. Пры гемарагічным інсульце крывяносны сасуд, не вытрымаўшы павышанага ціску крыві на сценку, разрываецца. Кроў трапляе ў рэчыва мозгу. З-за кровазліяння ўчастак мозгу гіне. Пры ішэмічным інсульце цэласнасць сценкі сасуда захоўваецца, прыток крыві спыняецца з-за звужэння і закупоркі тромбам.

Галаўны боль, ташната, рвота на фоне павышэння артэрыяльнага ціску -- першыя сімптомы інсульту. Затым узнікаюць рухальныя расстройствы, парушэнні мовы, адчувальнасці, свядомасці.

У вострай стадыі інсульту паміраюць 30-35% пацыентаў. Да канца першага года -- больш за палову. 10% людзей, якія перанеслі інсульт, патрэбны догляд.

Памятайце: калі вы заўважылі ў сябе часты галаўны боль, галавакружэнне, шум у галаве, зніжэнне памяці, кароткачасовае адчуванне слабасці, слепату на адно вока, цяжкасці пры маўленні, рэзкія прыступы галавакружэння і хістанне пры хадзьбе, тэрмінова звярніцеся да доктара.

А. КУРШУК, доктар-кардыёлаг Дзятлаўскай раённай бальніцы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/