Калінка-Малінка мая...



Андрэй Валенскі стаяў ля пад’езда свайго шматпавярховага дома і спрабаваў пальцам правай рукі набраць код уласнай кватэры. Ён час ад часу хістаўся, нібыта ад моцнага ветру, і таму з наборам нічога не выходзіла.

Час быў пасляпалудзенны, асенні, і таму жыхары шматпавярховіка калі і не былі на рабоце, то бавілі час у лесе, дзе грыбоў у той год было хоць заваліся. Ну а дзетвара, вядома, спасцігала розныя навукі ў школе. Раптам ля пад’езда з’явіўся Мішка Канаплянчык, які не захапляўся ні грыбамі, ні тым больш вучобай. Ён, падлетак-пераростак, заўсёды быў прадстаўлены сам сабе.

— О, Міхал, — абрадаваўся сустрэчы Андрэй Валенскі, які па прычыне п’янства раней часу ўцёк з работы. — Натыркай мне, галубок, лічбы на гэтым праклятым кодзе, а то я дадому ніяк не траплю. Палец не можа злавіць патрэбную лічбу: усё міма ды міма.

— Я табе, няшчасны адмарозак, зараз так натыркаю ў фэйс, што родная мама не пазнае. Калі хочаш ведаць, я такіх, як ты, на дух не пераношу. Мой бацька, калі я яшчэ пешшу пад стол хадзіў, таксама піў беспрабудна і нас з маткай ганяў па ўсіх падваротнях, нібыта якіх катоў бяздомных. Ад яго ласкавых дотыкаў у мяне рука зламалася, глядзі, зраслася крыва, колькі разоў яе дактары ні састаўлялі. Так што ў мяне да такіх, як ты, можна сказаць, хранічная нянавісць. Толькі ўжо як падрос, то яму фасад параўняў: нос звярнуў налева так, што ні адзін доктар не паправіць. Хочаш, і табе так зраблю?

Андрэй не хацеў і таму хуценька падаўся за вугал дома, а Мішка набраў код замка і зайшоў у пад’езд.

Раптам, адкуль ні вазьміся, гружанай баржай выплыла Зіна Хілімончык, якая працавала на іхнім заводзе кладаўшчыцай і цяпер была ў водпуску. Яна несла нечым напакаваныя сумкі і перавальвалася з боку на бок, нібыта качка.

— О, Валенскі, адкуль цябе нячысцікі прыперлі? — не то абрадавалася, не то здзівілася кабета.

— Ах ты, мая Зінка, Калінка-Малінка, сам Бог цябе паслаў мне. Уяві такі малюнак: у хату сваю ніяк не траплю, бо пальцам не натыркаю патрэбныя лічбы ў кодавым замку. Хістае мяне, як ад шторму, разумееш? А калі і траплю, то гэта не значыць, што там доўга затрымаюся, бо мая Нюська можа заляпіць такую аплявуху, што праскочыш міма ліфта і скоцішся са ступенек. Яна ў мяне такая: чуць што — б’ецца, каб яе разбіў паляруш. Не тое што ты — Зінка-Калінка-Малінка — мякенькая ды цёпленькая. І дабрынёй ды спагадай ад цябе вее за вярсту.

— То навошта табе, Андрэйка, ісці туды, дзе цябе не любяць і лупяць, як прыблуднага ката. Цяпер мужчынкі ў вялікай цане. — Яна скасавурыла намаляванае вока на нябрыты Андрэеў фасад. — Памыем цябе, апранем па-людску — і можна хоць у Галівуд. Хочаш? У мяне і пярыны мяккія, і ежа заўсёды самая лепшая. А свайго Антося праганю. Збрыдзеў ужо.

— Хачу, — без ценю сумнення прамовіў Андрэй, бо як уявіў жончыну швабру, якой, напэўна, будзе адходжаны па худых баках, як уявіў вечнае ныццё на тэму “калі ўжо скончыцца гэтае абрыдлае п’янства?”, то гатовы быў не толькі ў Галівуд, але і на Джамалунгму залезці.

— Мне ўжо, ці ведаеш, свой абармот так надакучыў, што слоў не знаходжу. Што ні дзень, то п’яны прывалачэцца. А я тут яму замену падрыхтавала: няхай радуецца.

У Зінкі быў пяціпавярховік, і ліфта ў ім не было. Яна начапіла свае амаль пудовыя торбы на плечы Андрэю, і яны паволі падаліся на верхатуру. Кабеце хоць бы што, ды і яна, шчыра кажучы, абмахвалася ад гарачыні насоўкай ды час ад часу выцірала на размаляваным твары пот. А бедны насільшчык ледзь Богу душу не аддаў, пакуль узабраліся на пяты паверх.

Яшчэ з прыхожай пачулі басавіты голас Антося Хілімончыка, які таксама працаваў на іхнім заводзе і разам з жонкай быў у водпуску. Але праз гэты бас пранікалі залівістыя жаночыя ноткі, якія Андрэй Валенскі пазнаў беспамылкова: гэта была яго жонка Нюська, якая ў гэты дзень павінна была ісці з сяброўкамі ў грыбы.

— Дык вось дзе ты грыбы збіраеш, вавёрка няшчасная! — раптам залямантаваў Андрэй і запусціў у жонку бананам з сумкі, якую толькі што ўзвалок наверх.

— Ага, тут вы што робіце, галубкі? — поглядам Напалеона акінула Зінка па-майстэрску сервіраваны стол, яўна не рукамі яе недарэкі-мужа.

— Ды грыбы замочваем, што назбіралі яшчэ да полудня, — не разгубілася Нюська. — У лесе ж іх столькі, што шмат часу на збор траціць не прыйшлося.

Андрэй, не чакаючы канца разборкі, хутка сігануў на лесвічную пляцоўку, а потым уніз. Суседка набрала яму код замка, і хутка небарака ўжо быў дома.

А Нюська прыйшла гадзіны праз дзве. Казала, што ён дарэмна ўцёк, што смажанка з грыбоў, якую прыгатавала Зінка-Калінка-Малінка, была надзвычай смачная, як і віно, што прынёс з магазіна яе гасцінны муж. Так што ўсё абышлося найлепшым чынам, і Андрэй Валенскі вельмі пашкадаваў, што ўцёк раней часу. Але хто ж яго ведаў, што ўсё так атрымаецца. Лепш далей ад граху, тым больш што сёння ён ужо прыняў на грудзі больш, чым дазваляў гэты самы грэх.

_____________________________________________________________________________________________________

Теперь есть интернет магазин одежды в украине! Очень хорошая новость для современных женщин, ведь интернет магазин женской одежды намного удобнее, чем реальный. Вам нет необходимости теперь ехать далеко, чтобы своими глазами увидеть новый товар. Новый интернет магазин одежды киев позволяет ознакомиться с поступлением и новинками дома, причем вы сможете сразу увидеть весь размерный ряд и расцветки.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/