Калі гармонія ва ўсім



Дзятлаўскае ДРБУ багатае на добрых і адказных работнікаў. А ёсць сярод іх сапраўды ключавыя фігуры, ад якіх залежыць работа ўпраўлення ў цэлым. Адным з іх з'яўляецца Людвіг Скрундзь, які аддаў рабоце ў ДРБУ-119 ужо 23 гады.

Людвіг Вацлававіч пачынаў сваю працоўную дзейнасць у калгасе "Слава працы". Пасля была вучоба ў Жыровіцкім саўгас-тэхнікуме з 1972 па 1975 год, па заканчэнні якога ён ужо кваліфікаваным спецыялістам стаў загадваць рамонтнай майстэрняй у саўгасе "Горка".

3 1989 года пачаўся працоўны стаж Людвіга Вацлававіча ў Дзятлаўскім ДРБУ-119: спачатку ён працуе механікам, а праз 6 гадоў, у 1995-м — становіцца прарабам асфальта-бетоннага завода ў Наваельні, дзе працуе і сёння.

За сумленную, якасную і эфектыўную працу Людвіг Скрундзь быў неаднаразова ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Дзятлаўскага ДРБУ. У 2005 годзе Людвіг Вацлававіч атрымаў ганаровую грамату дэпартамента "Белаўтадар", у 2007 — грамату Дзятлаўскага райвыканкама.

— Дысцыплінаваны, граматны кіраўнік, — характарызуе яго начальнік ДРБУ-11 Вольга Башко. — Ён патрабавальны да падначаленых і, у той жа час, сам гатовы на 100 % адказваць за давераны яму ўчастак працы. Народная мудрасць кажа, што незаменных работнікаў няма, але без свайго цяперашняга прараба асфальта-бетонны завод наўрад ці працаваў бы так эфектыўна, як цяпер.

Калектыў Наваельнянскага асфальта-бетоннага завода невялікі, каля 10 чалавек, амаль усе маюць салідны стаж работы. Але да аўтарытэта прараба адносяцца з пашанай і павагай, прыслухоўваюцца да яго парадаў і заўваг. Бо хапае ў яго і ўвагі да праблем калектыву, і падтрымкі, а часам нават і гумару.

Тэхнік-лабарант завода Валянціна Карман агучыла, мабыць, меркаванне ўсяго іх нешматлікага, але дружнага калектыву:
— Як кіраўнік, Людвіг Вацлававіч адпавядае ўсім пажаданням і патрабаванням як прадпрыемства, так і нас, работнікаў. Кажучы папросту, лепшага і не трэба. На заводзе, дзякуючы яму, пануе атмасфера парадку, працоўнай дысцыпліны і ўзаемнай павагі. Бо гэты чалавек дзіўным чынам можа сумяшчаць лаяльнасць з патрабавальнасцю, працоўную мэтанакіраванасць з заўсёдным жыццёвым аптымізмам.
Цэльны, гарманічны чалавек застаецца такім ва ўсім. Адказны кіраўнік на рабоце — ён жа і добры сем'янін, бацька, гаспадар.

У ладзе і згодзе больш за 30 гадоў ужо разам яны са сваей жонкай Ганнай Сяргееўнай. Разам стваралі сямейны ачаг, гадавалі дзяцей. Ужо павырасталі сыны Людвіга Вацлававіча. Адзін з іх, Валерый, працуе ў Польшчы выкладчыкам, другі — Вадзім — святар, служыць у Мінскім доме міласэрнасці. Для іх татаў аўтарытэт з маленства і назаўжды — самы важкі і значны ў жыцці.

Любяць дзеці і ўнукі бываць у гасцінным доме Скрундзёў, іх родным доме. Да ўсяго тут прыкладзены клапатлівыя працавітыя рукі гаспадара: і альтанка ў двары, і патыя, каб прымаць гасцей "на пленэры" за шашлыком, і нават традыцыйная "руская" лазня.

— Майстар на ўсе рукі, ды і гаспадар, што гасцям заўсёды рады, — захапляюцца калегі, якія не на словах ведаюць шчырасць і гасціннасць свайго работніка. — Ды ён і рыбак заўзяты, а якія вершы піша!.. Асабліва любіць паэзію на роднай мове.

Сёлетні 60-гадовы юбілей — яшчэ адзін шчаслівы год у гарманічным жыцці Людвіга Скрундзя, якое мацуецца на трох асновах: сям'і, доме і рабоце. Калектыў Дзятлаўскага ДРБУ-119 віншуе яго з сёлетнім юбілеем і зычыць усіх жыццёвых дабротаў.

Даведка.
Асфальта-бетонны завод ДРБУ-119, што ў Наваепьні, пачаў працаваць у 1985 годзе. 3 1995 года яго ўзначальвае Людвіг Вацлававіч. Напрамкі дзейнасці завода - выраб асфальта-бетоннай сумесі і здрабненне шчэбню для вырабу асфальта-бетоннай сумесі. За 7 месяцаў бягучага года тут выпушчана 10,5 тысячы тоны, здробнена шчэбню 1,8 кубічнага метра.

Прадукцыя завода ідзе на патрэбы ўсяго нашага раёна па асфальтаванні дарог: гэта аўтадарогі, пад'язныя дарожкі і пляцоўкі да СВК і фермаў, пляцоўкі каля зернесушыльных комплексаў. Частка сумесі рэалізуецца насельніцтву.

- Тэрыторыя ўсяго Дзятлаўскага раёна і нават прылеглых тэрыторый заасфальтавана нашай асфальта-бетоннай сумессю, - расказвае начальнік вытворчага аддзела ДРБУ-119 Сяргей Хайко. - Напрыклад, цяпер вядзецца асфальтаванне вёскі Раклевічы да сёлетніх раённых Дажынак. Акрамя таго, прадукцыя Наваельнянскага асфальта-бетоннага завода выкарыстоўвалася ў перадсвяточнай падрыхтоўцы гарадоў па ўсёй Гродзенскай вобласці. Гэта Мір, Ліда, Ваўкавыск, Карэлічы.

Да завода падведзена ўласная чыгуначная ветка, па якой дастаўляюцца будаўнічыя матэрыялы для Дзятлаўскага ДРБУ, а таксама дарожна-будаўнічых арганізацый Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/