Калі адрамантуюць фізкабінет?



У час выступлення інфармацыйна-прапагандысцкай групы райвыканкама 17 лістапада ў працоўных калектывах і перад насельніцтвам па месцы жыхарства былі ўзняты пытанні, якія патрабуюць рэагавання і вырашэння. У некаторыя службы і арганізацыі былі адпраўлены запыты і атрыманы адказы работнікаў службаў і ведамстваў раёна.

Работнікі СВК "Жукоўшчына", жыхары вёсак Жукоўшчынскага сельсавета выказалі просьбу аб змене маршрута аўтобуса праз Жукоўшчыну ў Дзятлава, бо ён не вельмі зручны для некаторых грамадзян.

Адказ дырэктара філіяла "Аўтамабільны парк №16 г. Дзятлава" В. В. Каляды: веска Жукоўшчына абслугоўваецца аўтамабільным транспартам згодна з дзяржаўным сацыяльным нарматыўным стандартам. Аўтобус курсіруе па кальцавым маршруце раніцай і на працягу пяці дзён (акрамя аўторка і пятніцы), робіць штодзённы вячэрні рэйс. Рух аўтобуса праз вёскі Краглі, Зачэпічы, Гезгалы, Нагародавічы дазваляе пасажырам дабірацца не толькі ў горад Дзятлава, але і ў пасёлак Гезгалы, а таксама ў іншыя вескі, размешчаныя па дадзеным маршруце. 3 вёскі Жукоўшчына ў Дзятлава пастаянна ездзяць толькі шэсць чалавек, у той час як з Гезгалаў, вёсак Нагародавічы, Погіры — 17. Акрамя іх — яшчэ 10-15 чалавек з іншых вёсак. Пуск аўтобуса напрамую знізіць пасажырапаток па дадзеным маршруце і павялічыць расходы. Адкрыццё прамога маршрута да вёскі Жукоўшчына выкліча неажыццяўленне дзяржаўнага сацыяльнага стандарта па вёсцы Зачэпічы, і многія пасажыры з вёсак Жукоўшчына, Краглі і іншых не змогуць дабрацца да Гезгалаў. А адкрыццё яшчэ аднаго маршрута Дзятлава — Жукоўшчына павялічыць расходы, будзе нерэнтабельным.

С. Ю. Бірукоў, які пражывае ў пасёлку Гезгалы, прасіў разабрацца, чаму ВУ "Дзятлаварайгаз" спагнаў з яго штраф за невялікую пратэрміноўку па а плаце за газ.

Адказ дырэктара ВУ "Дзятлаварайгаз" В. А. Сіняка: згодна з заключаным "Дагаворам на пастаўку прыроднага газу насельніцтву, якое пражывае ў кватэрах шматпавярховых жылых дамоў", у парадку разлікаў за газ прадугледжана: спажыўцу, які не заплаціу за спажыты прародны газ у тэрмін да 25 чысла месяца, які ідзе за разліковым месяцам, адбываецца налічэнне пені ў памеры 0,3% ад незаплачанай у тэрмін сумы аплаты за кожны дзень пратэрміноўкі. Налічэнне пені робіцца з 26 чысла і да моманту пагашэння запазычанасці за спажыты прыродны газ. У выпадку няпоўнай аплаты запазычанасці налічэнне пені робіцца на астатак сумы запазычанасці. Абанент Бірукова Г. Н. плаціла за газ у 2011 годзе толькі ў лютым, чэрвені, жніўні і кастрычніку. Не было аплаты за пяць месяцаў. Таму за несвоечасовую і няпоўную аплату за газ па месяцах рабілася налічэнне пені, якую спажывец абавязаны выплаціць газазабяспечваючай арганізацыі. Гэта не штраф.

Была выказана просьба зрабіць ямачны рамонт (або грэйдзіраванне) вуліцы Маладзёжнай у аграгарадку Жукоўшчына.

Адказ. Работы па добраўпарадкаванні аграгарадка Жукоўшчына выконваліся ў 2005 годзе і ажыццяўляліся КУП "Гроднааблдарбуд". Было пакладзена асфальта-бетоннае пакрыццё ў вёсцы Жукоўшчына, а таксама добраўпарадкавана тэрыторыя мехдвара з пад'ездам да мехдвара Жукоўшчына і пад'езд да фермы Краглі. Работы па добраўпарадкаванні вуліцы Маладзёжнай на той момант завяршыць не ўдалося. На дадзены момант аказаць дапамогу ў рамонце вуліцы Маладзёжнай за кошт сродкаў дарожнага фонду немагчыма, бо сродкі выдзяляліся пад план работ на чарговыя аграгарадкі, якія будуюцца па плане наступных гадоў. Вуліцы аграгарадка Жукоўшчына на балансе і абслугоўванні ДРБУ-119 не знаходзяцца.

Пытанне работнікаў СВК Жукоўшчына і насельніцтва па месцы жыхарства: калі будзе адрамантаваны фізкабінет на ФАПе ў аграгарадку Жукоўшчына?

Адказ галоунага доктара УЗ "Дзятлаўская ЦРБ" В. В. Кароткага: рамонт фізіятэрапеўтычнага кабінета Жукоўшчынскага ФАПа будзе праведзены ў снежні 2011 года.

Насельніцтва вёсак Жукоўшчынскага сельсавета скардзіцца на дрэнныя ўмовы і адносіны персанала да хворых, якія лечацца ў бальніцы сястрынскага догляду пасёлка Наваельня.

Адказ В. В. Кароткага: з 1 снежня 2011 года пасля рамонту адкрыта бальніца сястрынскага догляду ў пасёлку Гезгалы. Санітарны стан памяшканняў і ўмовы знаходжання пацыентаў у ёй адпавядаюць санітарна-гігіенічным патрабаванням. Усе хворыя з наваельнянскай бальніцы пераведзены ў бальніцу пасёлка Гезгалы.

Жыхары вёсак Жукоўшчынскага сельсавета скардзяцца на падман насельніцтва былым прадаўцом аўтамагазіна: аўталаўка прывозіць прадукты з сышоўшым тэрмінам прыдатнасці. Людзі просяць, каб прадаўцы выбівалі чэкі.

Адказ начальніка аддзела грамадскага харчавання Дзятлаўскага райспажыўтаварыства Т. А. Грыцюк: на падставе гэтых заўваг была арганізавана праверка работы выязной гандлёвай кропкі па абслугоўванні жыхароў вёскі Бандары (загадчык магазіна Т. В. Малько). У час праверкі было выяўлена, што ў наяўнасці меліся ўсе групы тавараў згодна з асартыментным пералікам. Істотных заўваг, падобных на тыя, што былі выказаны жыхарамі дзвюх вёсак сельсавета на палітдні 17 лістапада, не было. Тавараў з сышоўшым або сыходзячым тэрмінам не выяўлена. Гандлёвая кропка была забяспечана электроннымі вагамі і касавым апаратам. Пры правядзенні гутаркі з жыхарамі нараканняў на работу прадаўца ад жыхароў не наступала.

Падрыхтаваў да друку А. МЯЦЕЛІЦА.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/