КАБ ВАДА ПРЫНОСІЛА ЗДАРОЎЕ



“Вада – гэта жыццё”, – заўважылі яшчэ ў старажытнасці мудрыя рымляне. Сёння да гэтага выслоўя дадаюць, што чыстая вада – крыніца здароўя. У Дзятлаўскім РУП ЖКГ за станам і якасцю вады пастаянна сочыць хіміка-радыяметрычная лабараторыя.

На пільным кантролі свідравіны, водаправодныя сеткі, ачысныя збудаванні. Двойчы ў месяц праходзіць кантроль вада са сцёкавай сістэмы, раз у квартал – пітная вада са свідравінаў і раз на год выконваецца поўны грунтоўны хімічны аналіз вады ў дзятлаўскай камунальнай гаспадарцы. Калі нешта не так – аператыўны сігнал паступае начальніку ўчастка, які неадкладна прымае меры. Штомесяц работніцы лабараторыі самі выязджаюць у сельскія населеныя пункты, каб правесці аналіз.

З уласнага досведу ведаю, што дзятлаўская вада даволі смачная, не хлараваная наскрозь, як у вялікіх гарадах.

-- У чым сакрэт? – пытаюся ў кіраўніка лабараторыі, інжынера-хіміка Іны Лішык.
-- Тут няма сакрэту. На Дзятлаўшчыне падземны водазабор, таму вада чыстая. Яна не патрабуе моцнага хларавання, як вада паверхневага забору ў буйных населеных пунктах.

-- Іна Леанідаўна, а вы самі п’яце ваду з-пад крана?
-- Толькі яе. І п’ём, і гатуем ежу на нашай вадзе.

-- Складаная ў вас работа?
-- Любімая работа! Яна патрабуе ўважлівасці, акуратнасці. Гэта сапраўды тое, чым жадаем займацца: працаваць штодня для людзей.
Адзіная праблема – вялікае ўтрыманне жалеза ў вадзе, ды і яна вырашаецца ў гаспадарцы. На сёння працуюць станцыі абезжалезвання ў Казлоўшчыне і ў Дзятлаве, якія робяць ваду прыдатнай для ўжывання ў ежу і для гаспадарчых патрэбаў. Тамсама пры неабходнасці насычаюць ваду кіслародам. Плануецца ў будучым пабудаваць яшчэ адну ў пасёлку Наваельня.

У хіміка-радыяметрычнай лабараторыі працуюць чатыры работніцы, кожная ў сваёй сферы. У чыста жаночым калектыве, які склаўся за гады сумеснай працы, пануе мір, спакой, дружба і згуртаванасць. І святочныя пажаданні ў іх па-жаноцку мудрыя:
-- Каб было ўсё добра, спакойна і стабільна ў сям’і, у сваім доме. Тады і працуецца лёгка. І… чыстай вады!

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/