КАБ НЕ СТАЦЬ АХВЯРАЙ МАЛАНКІ



Моцныя навальніцы апошнім часам становяцца шараговай падзеяй для ўсіх нас. Аднак яшчэ часцей сталі здарацца пажары з-за ўдару маланкі.

Такі выпадак адбыўся 5 жніўня ў аграгарадку Вензавец. У той час, калі населены пункт залівала моцным ліўнем, у доме 55 па вуліцы Цэнтральнай гарэў дах. Пра пажар паведаміла суседка ў той час, як гаспадар дома, пенсіянер, знаходзіўся ўнутры памяшкання. Адчуўшы няладнае, у хуткім часе ён выйшаў на двор. Калі прыбылі ратаўнікі, агонь перакінуўся ўжо на паддашкавае памяшканне, аднак ліквідаваць яго ўдалося хутка. Як аказалася, загаранне пачалося з франтона жылога дома пасля таго, як маланка ўдарыла ў тэлевізійную антэну. Са слоў суседкі, якая першай заўважыла пажар, агонь хутка пачаў распаўсюджвацца па канструкцыях. У выніку пажару знішчаны дах, пашкоджана перакрыцце, сцены, маёмасць у доме.

Кожны з нас можа стаць ахвярай непагадзі. А каб гэтага не здарылася, трэба засвоіць некалькі правілаў паводзінаў у час стыхіі.

У кватэры (доме, будынку): найперш адключыце ўсе электрапрылады і выцягніце штэкер вонкавай антэны з тэлевізара, перапыніце тэлефонныя размовы. Затым пастарайцеся ліквідаваць скразнякі, шчыльна зачыніце вокны і дымаходы. Не размяшчайцеся ля вакна, печы, каміна, масіўных металічных прадметаў, на даху, балконе або паддашку.

На вуліцы: Сыдзіце з адкрытай прасторы і схавайцеся ў памяшканні або пад’ездзе любога дома. Калі вырашылі схавацца пад казырком будынка, не дакранайцеся да сцяны. Не карыстайцеся мабільным тэлефонам. Не стойце паблізу высокіх слупоў, рэкламных шчытоў.

У машыне: Спыніце рух, зачыніце вокны, апусціце антэну, заглушыце рухавік і перачакайце навальніцу ў салоне аўтамабіля. Не дакранайцеся да ручак дзверцаў і іншых металічных прадметаў. Не трэба браць у рукі і мабільны тэлефон.

У лесе: Трымайцеся як мага далей ад высокіх дрэваў, якія стаяць асобна, не размяшчайцеся ля вогнішча, бо слуп гарачага паветра – добры праваднік электрычнасці. Часцей за ўсё маланка б’е ў дубы, таполі і вязы, радзей – у бярозу і клён. Уладкуйцеся паміж нізкарослымі дрэвамі з густымі кронамі. Сядзець лепш за ўсё ў так званай “паставе эмбрыёна” – спіна сагнутая, галава апушчаная на сагнутыя ў каленях ногі і перадплеччы рук, ступні стаяць разам. Акрамя таго, выбіраючы сабе схованку, звярніце ўвагу, каб побач не было расшчэпленых дрэваў, раней пабітых навальніцай. Бо ў такім выпадку грунт на дадзеным участку мае высокую электраправоднасць, і ўдар маланкі сюды вельмі верагодны.

На адкрытай мясцовасці (у полі): Не стойце на ўзвышэннях, ля апораў ліній электраперадачы і пад правадамі. Пашукайце яму ці яр і сядзьце там у “паставе эмбрыёна”. Калі ніякіх паглыбленняў паблізу няма, прысядзьце як мага ніжэй або ляжце на зямлю. Не хавайцеся ў стозе сена або саломы, у нежылых адзінкавых хлявах або бараках. Не хадзіце босымі і не ўздымайце над галавой токаправодзячыя прадметы (лапаты, матыкі, косы). Спыніце спартыўныя гульні і рух, сыдзіце ў сховішча.

А. БЕЛЕНКА, інспектар Дзятлаўскага РАНС

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/