КАБ ДАЧУ НЕ АБАКРАЛІ



Нягледзячы на прымаемыя міліцыяй меры прафілактыкі, апошнім часам на тэрыторыі вобласці і раёна ўзрасла колькасць крадзяжоў з нежылых хатаў, якія грамадзяне выкарыстоўваюць пад дачы, і дачных участкаў. Толькі за першы квартал гэтага года зарэгістравана 141 такое злачынства.

З 22 красавіка па 2 мая на тэрыторыі раёна праваахоўнікамі праводзіліся мерапрыемствы прафілактычнага характару, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці мераў па папярэджанні і раскрыцці крадзяжоў маёмасці з дачных участкаў, садоўніцкіх таварыстваў, нежылых хатаў, якія выкарыстоўваюцца пад дачы.

Міліцыя папярэджвае, што захаванасць маёмасці напрамую залежыць ад абачлівасці гаспадароў. Каб пазбегнуць крадзяжоў, грамадзяне павінны забяспечыць ахову садоўніцкіх таварыстваў іх членамі, паклапаціцца пра належную асветленасць тэрыторый домаўладанняў, надзейнасць дзвярэй, вокнаў у хаце і гаспадарчых пабудовах.

Варта не пакідаць у нежылых хатах, пабудовах дарагія рэчы. Можна дамовіцца з суседзямі, каб яны наглядалі за вашай дачай, пакуль вы адсутнічаеце.

Калі на тэрыторыі садоўніцкіх таварыстваў або ў вёсцы з'яўляюцца невядомыя падазроныя асобы, трэба неадкладна паведамляць аб гэтым у міліцыю па тэлефонах: 102 або 2-13-34. Аб фактах пранікненняў ці крадзяжоў таксама варта паведаміць адразу.

А. ЛАМАКА, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі АУС Дзятлаўскага райвыканкама

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/