ІНТЭНСІЎНАЯ ЛОЎЛЯ РЫБЫ. ДЗЕ ДАЗВОЛЕНА І ЯК



У рыбаловаў-аматараў узніклі пытанні пра інтэнсіўныя віды лоўлі рыбы.

Паводле Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалаоўства да інтэнсіўных відаў лоўлі аднесены: лоўля рыбы з выкарыстаннем прыладаў аматарскага рыбалоўства з агульнай колькасцю кручкоў ад 11 да 20 штук на рыбалова; лоўля рыбы на дарожку з суднаў з рухавікамі; падводнае паляванне. Усе віды інтэнсіўнай лоўлі дазволены толькі ў светлы час сутак.

Аматарскае рыбалоўства інтэнсіўнымі спосабамі лоўлі рыбы арганізуецца бясплатна ў фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў – па рашэнню мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якое ўзгоднена з тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы за 5 дзён да ўступлення ў сілу названага рашэння паведамляюць пра яго ў Дзяржаўную інспекцыю аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і друкуюць рашэнне ў сродках масавай інфармацыі. У паведамленні павінны быць названы канкрэтныя месцы і тэрміны дазволу на аматарскае рыбалоўства інтэнсіўнымі спосабамі.

Права на аматарскае рыбалоўства інтэнсіўнымі спосабамі лоўлі рыбы ў фондзе запасу рыбалоўных угоддзяў маюць рыбаловы, якія з’яўляюцца членамі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.

На тэрыторыі, якая ўваходзіць у зону адказнасці нашай інспекцыі, для інтэнсіўных відаў лоўлі рыбы мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы вызначылі наступныя вадаёмы:

  • у Слонімскім раёне – вадасховішча Альбярцінскае, возера Бяздоннае (тут можна лавіць рыбу з выкарыстаннем прыладаў аматарскага рыбалоўства з агульнай колькасцю кручкоў да 20 штук на рыбалова; рака Шчара ад вёскі Вялікія Шыловічы да вёскі Сценявічы (для падводнага палявання);
  • у Зэльвенскім раёне – Зэльвенскае вадасховішча (тут дазволены ўсе віды інтэнсіўнай лоўлі);
  • у Дзятлаўскім раёне – рака Моўчадзь ад вёскі Дварэц да пасёлка Гезгалы, рака Шчара ад вёскі Пархуты да вёскі Малая Воля, рака Нёман ад вёскі Шаршні да вёскі Бандары, возера Дзям’янаўцы, возера Вялікае Цэхавое, возера Плехава (тут дазволены ўсе віды інтэнсіўнай лоўлі).

Падводнае паляванне забаронена для рыбаловаў, якія не маюць пры сабе пасведчанняў падводнага паляўнічага і членскага білета рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў”.

Для падводнай лоўлі забаронена выкарыстанне аквалангаў, іншых аўтаномных прыбораў для дыхання; асвятляльных прыбораў і прыстасаванняў; выкарыстанне падводных стрэльбаў і пісталетаў, якія страляюць гарпуном, што мае больш чым 5 зубоў. Забаронена здабыча і спроба здабычы рыбы з выкарыстаннем падводнай стрэльбы і пісталета, іншых прыладаў для падводнага палявання з берага і з маламерных суднаў.

Норма вылаву пры інтэнсіўных відах лоўлі – не больш чым 5 кілаграмаў рыбы за суткі.

З прычыны неаднаразовых фактаў парушэння правілаў вядзення паляўнічай і рыбалоўнай гаспадаркі, палявання і рыбалкі і з мэтай хуткага рэагавання для затрымання правапарушальнікаў у Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету кругласутачна працуе тэлефон гарачай лініі (8-01562) 2-48-64). Па гэтаму нумару можна паведаміць пра парушэнні ў ахове і выкарыстанні жывёлін, што з’яўляюцца аб’ектамі для палявання і рыбалоўства; пра парушэнні ў ахове і выкарыстанні дзікарослых раслін і драўняна-кустоўнай расліннасці, што выкарыстоўваецца для нарыхтовак, у рыбалоўных, паляўнічых угоддзях, на асабліва ахоўных прыродных тэрыторыях.

У зону адказнасці інспекцыі ўваходзяць Слонімскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі раёны.

Ананімнасць атрыманай інфармацыі інспекцыя гарантуе.

Г. ШЛЫКОВІЧ, начальнік Слонімскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/