Інфарм-кур'ер - №6



НОВЫ МЕДЫЦЫНСКІ АПАРАТ

У санаторыі "Радон" з'явіўся новы медыцынскі апарат VACUMED. Ён неабходны для барацьбы з сардэчна-сасудзістымі хваробамі і не толькі. Прымяненне апарата прыводзіць да аднаўлення пругкасці скуры, сценак сасудаў, сустаўных звязак, мышачнай тканкі.

"ЗАХАВАЕМ СЯБЕ ДЛЯ ЖЫЦЦЯ"

У рамках праекта "Наша дыскатэка", які распрацаваны раённым аддзелам адукацыі сумесна з раённым камітэтам грамадскага аб'яднання "БРСМ", была праведзена тэматычная дыскатэка. "Захаваем сябе для жыцця. Я плюс ты мінус СНІД". Удзел у мерапрыемстве прыняла і валеолаг Дзятлаўскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Н. Юрэня. Яна расказала падлеткам аб ВІЧ-інфекцыі, да якой, як сведчыць статыстыка, прыводзяць амаральны лад жыцця, ужыванне наркотыкаў.
Узорная тэатральная студыя "Мелодыя душы" паказала шоу-спектакль "Я выбіраю жыццё". Дыскатэка ўключыла шэраг конкурсаў і заданняў. Таксама ў час мерапрыемства падлеткам было прапанавана ананімна адказаць на пытанні наконт ужывання наркотыкаў, правядзення адпачынку.

"СВЯТКІ.BY"

24 студзеня ў Дзятлаўскім раённым доме культуры трэці раз прайшло мерапрыемства "Святкі. ву". Удзел у ім прынялі маладыя спецыялісты арганізацый і СВК раёна. Яны мелі магчымасць паспрабаваць свае здольнасці ў конкурсах, паслухаць песні ў выкананні самадзейных артыстаў Дзятлаўшчыны. Моладзі было прапанавана адказаць на пытанні, якія датычацца гісторыі святак, іх традыцый. Адно з іх -- варажба. У час мерапрыемства аб сваім вопыце варажбы расказалі "новыя рускія бабкі".

НОВЫЯ КНІГІ

Хутка Дзятлаўская дзіцячая бібліятэка папоўніцца новымі арыгінальнымі выданнямі. Гэта -- кніга-плэер "Шарль Перо. Спячая прыгажуня", дапоўненая музычным суправаджэннем, кніга "Моцнае сяброўства. Маша і Мядзведзь", дапоўненая настольнай гульнёй, кніга "Рукавічка" ў форме рукавічкі.
А цяпер у Дзятлаўскай дзіцячай бібліятэцы, як і ва ўсіх бібліятэках цэнтралізаванай раённай бібліятэчнай сістэмы, ідзе перарэгістрацыя чытачоў.

СОНЦА, МАМА І КВЕТКІ

У лютым у сярэдняй школе №3 г. Дзятлава пройдзе раённы этап конкурсу "Сонца, мама і кветкі". Свае майстэрства будуць дэманстраваць педагогі дадатковай адукацыі раёна, а таксама іх выхаванцы. Педагогі ў час конкурсу неабходна будуць рабіць дэкаратыўную вокладку для штотыднёвіка, дзеці будуць складаць букеты з кветак. У завочных намінацыях конкурсу будуць прадстаўлены выстава "Вясновы настрой", кампазіцыі з кактусаў і сукулентных раслінаў "Калючы цуд".

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/