Інфарм-кур’ер - 29-2014



ВЯРТАЕЦЦА СЛУЖБА Ў РЭЗЕРВЕ

З наступнага вясновага вайсковага прызыву адпраўка на службу ў рэзерве будзе ажыццяўляцца двойчы на год. Дагэтуль адбор на яе праводзіўся толькі штогадова. Першачарговае права на такі від нясення вайсковага абавязку будуць мець спецыялісты сельскай гаспадаркі і вытворчасці, працяглая адсутнасць якіх на працоўным месцы можа пашкодзіць працоўнаму працэсу, таксама ў ліку падставаў для “рэзерву” – сямейныя абставіны (малыя дзеці і г. д.). Кожны выпадак разгледзіць прызыўная камісія. Цяпер па Дзятлаўскім раёне ўжо ідзе адбор вайскоўцаў новага прызыву, паводле плана вясновага прызыву з 15 па 30 мая шэрагі Узброеных Сіл Беларусі павінны папоўніць 40 прызыўнікоў. Вайскоўцы-рэзервісты, якіх прызыў будзе трое, прыступяць да нясення службы 29 мая.

ДЗЯТЛАЎСКІЯ МАРАФОНЦЫ – ПЕРШЫЯ

У заключным этапе VII рэспубліканскага конкурсу праектаў па эканоміі і беражлівасці “Энергамарафон–2014”, які праходзіў у горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці, дзятлаўскія школьнікі атрымалі перамогу. Вучні Дзятлаўскай школы №1 Аляксандр Пацыновіч і Вадзім Багдзель пад кіраўніцтвам Ірыны Уладзіміраўны Дарафейчык сталі першымі ў намінацыі “Лепшы праект па эканоміі і ашчаднасці”, прадставіўшы "Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод вучняў ва ўстановах адукацыі".

ПАДТРЫМКА ПРАДПРЫМАЛЬНІКАМ

Сёлета на Дзятлаўшчыне на базе ТАА “Ростра” створаны “Цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва”. Аналагічныя гэтаму цэнтры працуюць па ўсёй рэспубліцы і закліканы аказваць дапамогу, у першую чаргу, пачынаючым прадпрымальнікам. У цэнтры аказваюцца платныя паслугі па прадастаўленні даведачнай інфармацыі, тлумачэнні пытанняў Працоўнага кодэксу, складанні бізнэс-планаў, балансаў і іншыя віды дапамогі, за выключэннем фінансавай. Ужо сёння індывідуальныя прадпрымальнікі могуць звярнуцца ў цэнтр па кансультацыю ці падтрымку.

ЗАЗІРНІЦЕ Ў СВОЙ ПАШПАРТ

Не за гарамі – летні адпачынак, а таму варта паклапаціцца, каб яго вам не сапсавалі нечаканыя складанасці з пашпартам. У аддзеле па грамадзянстве і
міграцыі АУС Дзятлаўскага райвыканкама нагадваюць, што згодна са змяненнямі, унесенымі ва Указ Прэзідэнта Беларусі №200 у 2012 годзе, цяпер пашпарт неабходна мяняць раз на дзесяць гадоў (або ва ўстаноўлены тэрмін дзеяння). У 65-гадовым узросце галоўны дакумент выдаецца да 100 гадоў, у стогадовым – да 125. Вы не атрымаеце візу ў шэнген-зону, калі тэрмін дзеяння вашага пашпарта падыходзіць да дзесяці гадоў.
Таксама пашпарт для ўсіх членаў сям’і (уключаючы дзяцей) неабходны пры выездзе за мяжу, у тым ліку, у Расію, Украіну. Дзецям да 14 гадоў ён выдаецца бясплатна і мяняецца кожныя 5 гадоў.

УСЕ ПЛАЦЯЖЫ – НА ПОШЦЕ

У Дзятлаўскім вузле паштовай сувязі на сёння можна ажыццявіць амаль усе віды плацяжоў.
Так, узносы па крэдытах, выплата якіх прадугледжана ў аддзяленнях “Белпошты”, вы можаце зрабіць як у касах сэрвіснага цэнтра вузла паштовай сувязі і паштовых аддзяленняў раёна, так і ў плацежна-даведачным тэрмінале (такія апараты ўстаноўлены як у Дзятлаве, так і населеных пунктах раёна). Плаціць у тэрмінале можна па пластыкавай картцы або наяўнымі грашовымі купюрамі. Адзінае, памятайце, што апарат не выдае рэшты, таму сума ў такім выпадку павінна быць дакладнай.
Таксама дзятлаўчане могуць ажыццяўляць паштовыя грашовыя пераводы як па Беларусі, так і за мяжу ў касах сэрвіснага цэнтра. Аднак пераводы ў іншыя краіны прымаюцца штодня да 12.00 толькі ў касах і толькі ў замежнай валюце.
У касах аддзялення і праз плацежна-даведачны тэрмінал можна разлічыцца за камунальныя паслугі, прычым, інфармацыя па ўсіх відах плацяжоў у тэрмінале падаецца адзіным асабовым рахункам.
Акрамя таго, у паштовым аддзяленні можна аплаціць стацыянарны, мабільны тэлефон, інтэрактыўнае тэлебачанне ZALA і Інтэрнэт. У сэрвісным цэнтры адзначаюць, што ў сувязі з павелічэннем колькасці жадаючых гэта зрабіць у паштовым аддзяленні (з 1 красавіка РУП “Белтэлекам” не прымае плацяжы за мабільную сувязь), дзятлаўчанам прапануецца разлічвацца пераважна праз плацежны тэрмінал. Па рабоце з ім можна будзе атрымаць кансультацыю ў любога з аператараў аддзялення паштовай сувязі.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/