Інфарм-кур’ер № 20



НА ДЗЯТЛАЎШЧЫНЕ БУДУЦЬ ЗДЫМАЦЬ ФІЛЬМ

Ізраільскі рэжысёр-дакументаліст Барыс Мафцыр пачаў работу над кінаанталогіяй аб трагедыі халакосту на тэрыторыі краін былога СССР.
Здымачны працэс ужо стартаваў, цяпер рыхтуецца першы фільм трылогіі, які называецца “Ахоўнікі памяці”. У аснове яго падзеі, якія на працягу 70 гадоў пасля трагедыі адбываліся ў тым самым месцы і ў той самы час. Другі фільм “Да апошняга кроку” рэжысёр плануе здымаць у Дзятлаве і ў іншых гарадах Беларусі – Нясвіжы, Лахве, Клецку, Глыбокім. Ён раскажа пра яўрэйскае супраціўленне ў Беларусі. Трэці фільм будзе прысвечаны “Чорнай кнізе” – дакументам і сведчанням відавочцаў аб зверствах фашыстаў супраць яўрэйскага народу на акупаванай тэрыторыі ў гады халакосту.

МЕДАЛІ ВОІНАМ-АФГАНЦАМ

У гонар 25-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана, згодна з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 4 лютага №60 будуць выраблены юбілейныя памятныя медалі. Фінансавацца іх выпуск будзе са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаным на абарону і Узброеныя Сілы. На Дзятлаўшчыну паступяць 80 юбілейных медалёў “У памяць 25-годдзя заканчэння баявых дзеянняў у Афганістане”. Іх атрымаюць грамадзяне Беларусі, якія выконвалі службовы абавязак у Афганістане з 1979 па 1989 гады, а таксама вайскоўцы і дзяржаўныя дзеячы, якія ўнеслі вялікі ўклад ва ўвекавечванне памяці і медыцынскай рэабілітацыі воінаў-афганцаў і іх сем’яў. Загінулыя і памерлыя воіны-інтэрнацыяналісты будуць узнагароджаны пасмяротна. Асобы, узнагароджаныя памятным медалём, атрымаюць пасведчанне адпаведнага ўзору.

РАСПАЧАТА ПАСАДКА ДРЭВАЎ

Дзятлаўскі лясгас ужо пачаў пасадку лясных культур на тэрыторыі ўсіх сваіх лясніцтваў. Сёлета плануецца высадзіць 206 гектараў маладога лесу, а таксама папоўніць ужо існуючыя лесапасадкі (на тэрыторыі ў 250 гектараў). Пераважная большасць дрэваў, якія будуць высаджвацца, – сосны (136 гектараў) і елкі (49 гектараў), мяркуецца таксама пасадзіць лісцёвыя лясныя культуры, такія як дуб (12 гектараў), бяроза (6 гектараў), лісцёўніца (3 гектары). Выкарыстоўваюцца саджанцы дрэваў як вырашчаныя ў Дзятлаўскім лясгасе, так і закупленыя, укараняюць іх самі работнікі лясгаса. 20 гектараў лесу плануецца пасадзіць механізаваным спосабам. Калі надвор’е будзе спрыяльным, пасадку дрэваў плануецца завяршыць да пачатку наступнага месяца. А з 5 па 12 красавіка пройдзе рэспубліканская акцыя “Тыдзень лесу”, на працягу якой жыхары раёна могуць пабыць валанцёрам і ўзяць удзел у клопатах лясной гаспадаркі.

РАДЫЁ “ДЗЯТЛАВА” ЗАГУЧЫЦЬ НА FM

У цяперашні час на Слонімскім рэтранслятары вядуцца падрыхтоўчыя работы па пераводзе дзятлаўскага раённага радыё на FM вяшчанне. У хуткім часе радыё “Дзятлава” можна будзе пачуць на частаце 106,5 МГц. Для пашырэння кола слухачоў дзятлаўскага радыё на FM-хвалях у раённы вузел электрасувязі РУП “Белтэлекам” была завезена партыя радыёпрыёмнікаў “Промсвязь”, якія дзятлаўчане ўжо цяпер могуць набыць па цане каля 170 тысяч беларускіх рублёў.

Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/