Iмены вайны: Іван Жолабаў




Іван Аляксеевіч Жолабаў нарадзіўся 26 ліпеня 1917 г. у в.Вялікая Гара Халмагорскага раёна Архангельскай вобласці ў сялянскай сям'і.

Пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў на камсамольскай рабоце, журналістам у архангельскіх газетах «Штурм», «Паўночны камсамолец», «Праўда Поўначы». У час фінскай вайны добраахвотна ўступіў у лыжны батальён, які быў сфарміраваны камсамолам Поўначы.

Вялікая Айчынная вайна застала I.А.Жолабава студэнтам другога курса Свярдлоўскага інстытута журналістыкі. У 1941 г. ён — добраахвотнік Чырвонай Арміі. Яго накіроўваюць у Хабараўскую школу НКУС, пасля заканчэння якой Жолабаў паступае ў распараджэнне спецаддзела Заходняга фронта. 3 2 жніўня 1943 г. I.А.Жолабаў пад мянушкай «Капитан Северный» узначальвае атрад спецыяльнага прызначэння «Дружба», які дзейнічаў на Гомельшчыне. Атрад «Дружба» аказаў вялікую дапамогу наступаючым частям і злучэнням 1-га Беларускага фронта ў правядзенні аперацыі па вызваленню Гомеля, Рэчыцы і многіх іншых населеных пунктаў. Выканаўшы аператыўна-дыверсійныя заданні, народныя мсціўцы злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі і ў поўным саставе вярнуліся ў Маскву, каб атрымаць новае заданне.

На гэты раз ім загадалі зрабіць высадку на парашутах каля р. Неман, у Ліпічанскай пушчы Дзятлаўскага раёна. Аператыўнае становішча было тут вельмі складанае. Буйныя нямецкія гарнізоны стаялі ў Дзятлаве, Казлоўшчыне, Наваельні, Навагрудку і іншых населеных пунктах, а таксама ўздоўж чыгункі Ліда — Баранавічы і Ліда — Гродна.

Брыгада СС РОНА пад камандаваннем здрадніка Камінскага падковай агінала партызанскае злучэнне ад Шчары да Немана, імкнучыся загнаць партызан у развілку паміж рэкамі і знішчыць. Групе «Капитана Северного», якая ў той час налічвала 15 чалавек, на дапамогу прыйшлі падпольныя партыйныя і камсамольскія арганізацыі.

За параўнальна кароткі час група вырастае ў буйны атрад, здольны самастойна вырашаць баявыя задачы. Падрыўнікамі атрада было пушчана пад адхон 22 варожыя эталоны, знішчана 25 паравозаў, 169 вагонаў з жывой сілай і тэхнікай, паранена і забіта больш за 750 салдат і афіцэраў праціўніка. У адкрытым баі разгромлены штаб нямецкай дывізіі, захоплена 16 павозак з боепрыпасамі і абсталяваннем, радыёстанцыя, 12 кулямётаў, 22 аўтаматы, больш за 100 вінтовак.

Пасля вызвалення Дзятлаўскага раёна штаб атрада «Дружба» некаторы час знаходзіўся ў Дзятлаве, удзельнічаў у аднаўленні Савецкай улады ў раёне.

Пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны I.А.Жолабаў працуе ў органах КДБ. У маі 1951 г. ён быў пераведзены ў Алтайскае ўпраўленне. 20 снежня 1967 г. па стану здароўя Іван Аляксеевіч ідзе ў адстаўку.

Але і на заслужаным адпачынку, будучы цяжка хворым, Іван Аляксеевіч многа працуе. Ён піша мемуарныя творы: «За лініяй фронту — таксама вайна», «На Немане чакаюць сваіх», «Сцежкі разведчыкаў», вядзе вялікую работу сярод моладзі.

Радзіма высока ацаніла баявыя і працоўныя заслугі I.А.Жолабава, узнагародзіўшы яго двума ордэнамі Чырвонага Сцяга, ордэнам Чырвонай Зоркі, многімі медалями Яму прысвоена званне Ганаровага чэкіста СССР.

У 1983 г. Іван Аляксеевіч збіраўся прыехаць у Дзятлава, наведаць мясціны, дзе ваяваў, сустрэцца з аднапалчанамі. Але гэтаму не суджана было збыцца — смерць абарвала яго жыццё.

М.Ф. Петрыкевіч

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/