Iмёны вайны: Фёдар Міхайлавіч Сінічкін




Вайна застала Фёдара Міхайлавіча Сінічкіна на заходніх рубяжах Радзімы. Апынуўшыся ў акружэнні, ён спрабаваў прарвацца з кольца, але, упэўніўшыся, што на ўсход прарвацца немагчыма, вярнуўся назад, у Налібоцкую пушчу, дзе і стаў змагацца з фашысцкімі захопнікамі.

Густыя і непраходныя лясы пушчы схавалі ад ворага ў гэты трагічны час многіх савецкіх салдат і камандзіраў. I на часова акупіраванай фашыстамі тэрыторыі яны засталіся вернымі ваеннай прысязе і Радзіме. Аб'яднаўшыся ў баявыя групы, мсціўцы пачалі біць ворага. Адну з такіх груп узначаліў Фёдар Міхайлавіч Сінічкін, на гімнасцёрцы якога ззялі ордэн Чырвонай Зоркі і медаль «XX гадоў РСЧА».


Хутка па навакольных вёсках распаўсюдзіліся чуткі аб адважным капітане, які адкрыта носіць свае баявыя ўзнагароды. Людзі гаварылі, што капітан прыбыў з-за лініі фронту, з Масквы, каб падымаць народ на барацьбу з акупантамі. Народная гаворка ўдзесяцярала сілы партызан, наводзячы жах на акупантаў. З'яўленне партызан падымала дух мясцовага насельніцтва. Яно ўпэўнівалася ў тым, што фашысты брэшуць аб падзенні Масквы і разгроме Чырвонай Арміі. 3 кожным днём умацоўвалася вера людзей у сілу партызан. Група расла. Хутка яна ператварылася ў атрад, сілу якога ўжо не раз адчулі на сабе акупанты.

Для арганізацыі і далейшага разгортвання партызанскага руху ў Налібоцкую пушчу былі накіраваны людзі з Вялікай зямлі. Хутка яны стварылі з партызанскіх атрадаў асобае злучэнне. Сінічкіна выклікалі ў штаб.

- Добра вы б'яце фашыстаў, Фёдар Міхайлавіч, — сказаў камандзір злучэння. — Вам трэба адправіцца ў Ліпічанскую пушчу, аб'яднаць дзеючыя там партызанскія атрады ў брыгаду і ўзначаліць яе. 3 вамі пойдзе мой намеснік маёр Васілевіч. А праваднік — прадстаўнік ліпічанскіх партызан, малодшы палітрук Шубін.

Сінічкін падрыхтаваў загад, другі пункт якога быў такі: «У мэтах аб'яднання партызанскіх сіл для барацьбы з германскім фашызмам і сумеснай абароны з атрадаў 3649-га, Булата, Вахоніна, Макарава, Аляксандрава, Шкрума ствараю брыгаду. Брыгадзе прысвоіць імя Леніна».

12 снежня 1942 г. камандаванне злучэння зацвердзіла новую партызанскую адзінку, у якой налічвалася болын за 800 байцоў. У партызан былі танкетка, бронемашына, артылерыя, кулямёты, аўтаматы, вінтоўкі.

Імкнучыся знішчыць пастаянную пагрозу ў сваім тыле, фашысты кінулі на разгром брыгады буйныя часці.Па тракце Слонім — Дзярэчын на партызан рухалася варожая калона, у якой налічвалася да 300 чалавек.

Абмеркаваўшы становішча, камбрыг загадаў узводу пры падтрымцы танкеткі ўдарыць па варожай калоне з тылу. Камсамолец Саша Валетаў, які адрамантаваў тры танкеткі і бранявік, у імгненне апынуўся ў танкетцы. Загуў матор, і машына паімчалася па дарозе. Пад яе гусеніцамі знайшлі сабе магілу фашысцкія афіцэры, што ў «опелі» ехалі ў хвасце калоны. А кулямётчык ужо страчыў па грузавіках. На дапамогу Валетаву спяшаўся ўзвод партызан і накіраваны сюды бранявік. Шлях да адступлення ворагу быў закрыты. У кароткай, але жорсткай схватцы карнікі былі разбітыя.

Але ў канцы дня да немцаў прыбыло падмацаванне — каля 10 аўтамашын з салдатамі. Выгрузіўшыся, яны рушылі да флангаў партызанскіх пазіцый.

Па загаду камбрыга партызаны пераправіліся праз р. Шчара і занялі абарону на правым беразе. 3 кожнай мінутай бой станавіўся ўсё больш жорсткім. Гітлераўцы прымянілі артылерыю, спрабавалі фарсіраваць Шчару пры дапамозе надзіманых лодак. Аднак не заставался пасіўнымі і партызанскія гарматы. Манеўрыравалі партызанскі бранявік і танкетка, ствараючы ўражанне, што гітлераўцам процістаіць моцны заслон. Адважна біліся роты Шубіна, Кірсуна, Лебядзенкі і іншых.

Аднак сілы былі няроўнымі. На зыходзе трэціх сутак у штабную зямлянку ўвайшоў акрываўлены пасыльны. 3 горыччу ён паведаміў, што фашысты фарсіравалі Шчару, рота Булака разгромлена. Затым праз пасмяглыя губы пасыльны прастагнаў: «Вораг наступав ў напрамку вёскі Дубароўшчына. Атрады з баямі адступаюць у Грабскі лес, дзе знаходзіцца штаб брыгады».

Тактычны план карнікаў быў разгаданы. Ён заключаўся ў тым, каб, замкнуўшы круг вакол брыгады, скінуць партызан у Шчару і Нёман.

— У мэтах захавання нашых сіл за гадваю раздзяліць брыгаду на дзве трупы і выйсці з-пад удараў ворага, — аддаў загад Сінічкін. — Атрады імя Варашылава і «Арлянскі» адыходзяць пад камандаваннем маёра Васілевіча ў напрамку Налібоцкай пушчы, а атрады 3649-ы і Аляксандрава — у напрамку Пінскіх балот павядзе на прарыў сам камбрыг.

Пад покрывам глухой снежаньскай ночы атрады пайшлі на прарыў. Абрушыўшы на ворага масіраваны агонь, партызаны кінуліся ў атаку. Прарваўшы блакадны круг, яны пачалі біць фашысцкіх карнікаў з тылу. У выніку гэтага кароткага, але жорсткага бою дзесяткі фашысцкіх захопнікаў знайшлі сабе магілу ў лясах Ліпічанскай пушчы.

Як дбайны гаспадар і бывалы салдат, камбрыг клапаціўся аб быце партызан. Над яго неаслабным кантролем яны капал! прасторныя зямлянкі з ходамі злучэння. У лагеры былі пабудаваны кравецкая і шавецкая майстэрні, цырульня, шпіталь, лазня. Але галоўны клопах Фёдара Міхайлавіча быў накіраваны на ўмацаванне дысцыпліны і павышэнне баявой гатоўнасці брыгады. Ён адмяніў выбарнасць камандзіраў, усе яны назначаліся загадам вышэйстаячых камандзіраў. У брыгадзе былі створаны партыйная і камсамольская арганізацыі. Выйшаў загад, каб кожны, хто меў воінскае званне, насіў знакі адрознейня. Рыгор Васільевіч Макараў быў прызначаны на пасаду камісара брыгады.

Перайменаваўшы самы буйны атрад — 3649-ы — у атрад «Перамога», а «Арлянскі» — у «Барацьбу», камбрыг наладзіў сувязь з атрадамі «Іскра», «Балтыец», «1-е Мая», уключыўшы за тым іх у склад Ленінскай брыгады. Так, на пачатак мая 1943 г. у брыгадзе налічвалася б атрадаў, больш за 2 тысячы байцоў. Тэта было сапраўднае воінскае фарміраванне, добра ўзброенае, з моцнай дысцыплінай, якое мабільна дзейнічала ў глыбокім тыле ворага.

Вялікім клопатам камбрыга было засцерагчы насельніцтва ад распраў і знішчзння карнікамі.

Партызаны сурова каралі тых, хто імкнуўся супрацоўнічаць з акупантамі. I калі Фёдару Міхайлавічу стала вя-ома, што ў вёсках Талькавічы і Нацкава фашысты стварылі так званыя атрады «самааховы», у якія з ахвотай уступілі сынкі кулакоў і варожыя Савецкай уладзе элементы, штаб брыгады тэрмінова распрацаваў план аперацыі, у выніку якой у зоне дзеяння Ленінскай брыгады было назаўсёды пакончана з атрадамі «самааховы».

...Сакавік 1943 года. У брыгаду прыехаў упаўнаважаны ЦК КГІ(б)Б і Беларускага штаба партызанскага руху па Шчучынскаму мінсрайцэнтру, член Баранавіцкага падпольнага абкома КП(б)Б С. П. Шупеня. Выслухаўшы даклад камбрыга аб баявых дзеяннях Ленінскай брыгады, Сцяпан Пятровіч пахваліў партызан, а Фёдару Міхайлавічу перадаў загад міжрайцэнтра, у якім яму прадпісвалася выдзеліць з Ленінскай брыгады атрады «Іскра», «Кастрычнік», «Балтыец» і на іх аснове стварыць новую партызанскую брыгаду.

Камандзір задумаўся. Цяжка было яму развітвацца з баявымі сябрамі. Кожны з іх прайшоў праз яго сэрца. Але ён, бывалы салдат, неадкладна прыступіў да выканання загаду. I ўжо ў канцы 1943 г. створаная ім партызанская брыгада імя Кірава налічвала 800 чалавек.

Кіраўцы таксама добра білі ворага. Толькі за верасень — кастрычнік 1943 г. яны пусцілі пад адхон 26 варожых эшалонаў, знішчылі 500 гітлераўцаў, узарвалі 20 чыгуначных і шашэйных мастоў.

На станцыі Наваельня група партызан з атрада «Кастрычніцкі» на чале з Пятром Снітко захапіла манеўровы паравоз. Высадзіўшы машыністаў, Снітко разагнаў паравоз, накіраваў яго на стаяўшы на станцыі воінскі эшалон, а сам выскачыў. Паравоз урэзаўся ў эшалон, 17 вагонаў з баявой тэхнікай ператварыліся ў груды металу.

У пачатку снежня 1943 г. Ф. М. Сінічкіну дазволілі вярнуцца ў Ленінскую брыгаду. У гэты час быў намечаны разгром умацаванага варожага гарнізона ў Рудзе Яварскай. Разам з гітлераўцамі тут служылі прымушаныя сілай мясцовыя жыхары, якія былі гатовыя ў любы момант дапамагчы партызанам. Гэтыя абставіны вырашыў выкарыстаць камбрыг.

Праз сваіх людзей у гарнізоне высветлілі размяшчэнне агнявых кропак праціўніка, самога гарнізона і парадка яго аховы, колькасць узбраення. Прадумалі і ўлічылі ўсе дэталі, прадугледзелі нечаканыя варыянты і непрадбачаныя сітуацыі. На кожны бункер стварылі па ад ной штурмавой групе. А каб пазбегнуць лішніх ахвяр, праз начальніка штаба Г. А. Шубіна перадалі ў гарнізон, каб ноччу на 19 сакавіка 1944 г. на варту паставілі сваіх людзей.

I вось штурмавыя групы тайна прабіраюцца на старыя могілкі каля Руды Яварскай. Каля трох гадзін ночы паміж крыжамі з'явіўся чалавек. Яго ціха паклікалі. Гэта быў Мікалай Спірыдонавіч Кулецкі — пасыльны з гарнізона.
— На варце нашы,— шапнуў ён начальніку штаба Г. А. Шубіну, прызначанаму кіраваць штурмам гарнізона.

Народныя мсціўцы бясшумна ўвайшлі ў гарнізон. Партызаны групы В. Біцько акружылі бункер, у якім знаходзіліся гітлераўцы, і праз дымаход закідалі яго гранатамі, а байцы групы Г. А. Шубіна абрушылі ўвесь агонь на другі бункер і прымусілі яго замаўчаць. Уцалелыя гітлераўцы ўзнялі рукі.

Дзейнічаючы ў глыбокім тыле ворага, Ленінская партызанская брыгада пусціла пад адхон 150 варожых эшалонаў, падарвала 27 чыгуначных мастоў, 76 аўтамашын, разграміла больш за 20 гарнізонаў, знішчыла каля 7 тысяч фашыстаў. Пад яе кантролем было амаль 6 раёнаў былой Баранавіцкай вобласці. Яна з'явілася асновай для стварэння яшчэ чатырох партызанскіх брыгад.

Пачатак чэрвеня 1944 года. Беларускі штаб партызанскага руху выклікаў Фёдара Міхайлавіча Сінічкіна ў Маскву. Палявая сумка камбрыга перад адлётам у сталіцу Радзімы была запоўнена адрасамі сем'яў баявых сяброў, пісьмамі і паштоўкамі маці і жонкам многіх партызан, якія жылі ў далёкім тыле і нічога не ведалі пра сваіх блізкіх. Сумкай радасці назвалі яе партызаны.

Хадзіў і ездзіў у Маскве Фёдар Міхайлавіч па розных адрасах. У штабе афармляў дакументы і пасылаў грашоdыя атэстаты маці і жонкам партызан, у паштоўках паведамляў аб іх мужнасці і адвазе.

На гэты раз, аднак, Фёдару Міхайлавічу давялося развітацца з Ленінскай брыгадай назаўсёды. Ужо без яго партызаны брыгады сустрэліся з наступаючымі часцямі Савецкай Арміі. А да ваенных узнагарод камбрыга прыбавіліся ў Маскве яшчэ ордэн Леніна і Залатая Зорка Героя Савецкага Саюза.

У 1962 г. перастала біцца сэрца гэтага вялікай душы чалавека. На слонімскіх могілках на бетонным пастаменце — сціплы абеліск з надпісам: «Герой Савецкага Саюза Фёдар Міхайлавіч Сінічкін, камандзір партызанскай брыгады імя Леніна».

Вызваленню роднай зямлі прысвяціў ён сваю гарачую, нястомную маладосць. Росквіту беларускай зямлі аддаў ён сваю энергію, любоў і мудрасць добрай і шчырай душы.

А. Жукоўскі

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/