ІЛЛЯ ГЛАЗКОЎ: УСПАМІНЫ ПАРТЫЗАНСКАГА КАМАНДЗІРА



“Пасля бою ў вёсцы Шчара я з галавою акунуўся ў работу па стварэнні нашай партызанскай артылерыі, не бачачы, не адчуваючы безупыннага бегу часу. А дні беглі, быццам іх хто пугай падганяў.

Хутка прайшло лета. І вось ужо восень: жаўцее лісце; часам падуе і вецер, пакуль яшчэ цёплы, кружыць ён па шматлікіх дарогах нашай пушчы, дзень і ноч кіпіць жыццё партызанскіх атрадаў.

Наш атрад усю восень стаяў ва ўсходняй частцы Ліпічанскай пушчы – у вёсцы Накрышкі Дзятлаўскага раёна. Пасля стварэння партызанскай брыгады імя Леніна, камандзірам якой быў прызначаны Фёдар Міхайлавіч Сінічкін, цяпер Герой Савецкага Саюза, нашаму атраду была прысвоена назва “Барацьба”. Камандзірам атрада быў прызначаны Сяргей Смірноў, лейтэнант Чырвонай Арміі. Сакратаром камсамольскай арганізацыі стаў Сяргей Фляг, лейтэнант-артылерыст Чырвонай Арміі, сціплы, смелы, дысцыплінаваны афіцэр. Крыху пазней ён быў прызначаны камандзірам роты, а затым начальнікам штаба партызанскага атрада “Барацьба”.

Камандаванне брыгады паставіла перад намі новыя задачы: узмацніць прапагандысцкую работу сярод мясцовага насельніцтва, паўсюдна зрываць нарыхтоўкі сельгаспрадуктаў для немцаў. Была зменена і тактыка нашай барацьбы. Цяпер наступленне даводзілася весці не толькі з засад, але і ўступаць у адкрытыя баі на подступах да пушчы, браць гарнізоны. Таму патрэбна было навучыць партызан новым метадам бою, а таксама ўзмацніць узброенасць атрада, што і рабілася паўсядзённа.

У атрадзе хутка было тры 45-міліметровыя гарматы, супрацьтанкавы буйнакаліберны кулямёт.

Вырашылі аднавіць 122-міліметровую гаўбіцу, як зрабілі гэта нашы суседзі – атрад “Ленінскі”, а таксама паспрабаваць адрамантаваць падбіты нямецкі танк, бронемашыну. Гэтую патрэбную нам тэхніку мы выцягвалі з балот, азёраў. Праўда, не ўсё ўдавалася аднавіць. Напрыклад, два тыдні мы працавалі над тым, каб паставіць зусім спраўную 76-міліметровую танкавую гармату з кароткім ствалом на лафет палявой пушкі, але спробы не прывялі да поспеху: база палявой гарматы аказалася зусім вузкай, у разагнутых кранштэйнах утварылася расколіна. І мы зноў успомнілі пра тую гармату ў вёсцы Шчара, якую спрабавалі забраць немцы. Тады, пасля бою, яна падалася нам вельмі вялізнай, не прыгоднай да партызанскай барацьбы. Цяпер жа мы ад яе не адмаўляліся. З гэтай гарматай найноўшага ўзору, з доўгім ствалом, масіўнымі станінамі, можна было змагацца з танкамі і біць па дзотах са снайперскай дакладнасцю.

Жыццё ў нашай аднаўленчай групе пачыналася з усходам сонца, працавалі да позняй ночы, пры святле вогнішчаў.

19 кастрычніка 1942 года адрамантаваная гармата прайшла першае баявое выпрабаванне. Мы хадзілі ў бой з нямецкім гарнізонам, які стаяў у вёсцы Руда Яварская. Гарнізон быў акружаны ўсімі партызанскімі атрадамі нашай брыгады. Раздаліся першыя стрэлы ў ранішняй цішыні: запрацавала 122-міліметровая гаўбіца атрада “Ленінскі” і дзве пушкі нашага атрада “Барацьба”. Дзоты ворага былі разбіты, і ў вёску ўварваліся партызанская танкетка, бронемашына, якая страляла на хаду з 45-міліметровай пушкі і кулямётаў. Гітлераўцы, адчуваючы, што ім не вырвацца з агнявога кальца, супраціўляліся з упартасцю асуджаных, чапляючыся за кожны акоп, дом, дрэва.

Нашым атрадам у баі было ўзята два ручныя кулямёты, 10 вінтовак, забіты 10 гітлераўцаў.

Натхнёныя перамогай у баі ў Рудзе Яварскай, мы яшчэ з большай энергіяй узяліся за аднаўленне бронемашыны. Паднялі са дна ракі Шчара ў вёсцы Вялікая Воля танк БТ-26. Але блакада, якая пачалася ў снежні, перашкодзіла іх аднаўленню. Немцы сабралі супраць нашых атрадаў каля 10 тысяч салдат, артылерыю і самалёты. Адціснуўшы партызан за раку Шчару і Нёман і ўтварыўшы моцную абарону па іх берагах, гітлераўскае камандаванне вырашыла загнаць партызан паміж рэкамі і знішчыць. Асаду фашысты вялі планава. Спачатку яны завязалі баі з намі па рэках Нёман і Шчара, каб адцягнуць нашу ўвагу ад напрамку галоўнага ўдару з боку райцэнтраў Дзятлава і Казлоўшчына.

Наш атрад прыкрываў вялікі ўчастак лесу. Уздоўж Нёмана ўвесь час качавала наша батарэя з чатырох гармат, у тым ліку і наша новая 76-міліметровая гармата, і вышуквала прыцэл.

У адну з начэй наша разведка выявіла вялікае скапленне аўтамашын і жывой сілы каля вёскі Моцевічы. Мабыць, немцы рыхтаваліся да пераправы праз раку Нёман па нямоцным яшчэ лёдзе, каб зайсці ў тыл.

Мы размясціліся на ўзвышшы каля вёскі Карытніца, дазволілі галоўным сілам гітлераўцаў расцягнуцца па спуску да ракі і ступіць на лёд,а затым адкрылі агонь. Снарады гулка рваліся на мёрзлай зямлі, на лёдзе, падымаючы фантаны вады разам з асколкамі лёду. Унізе засталіся ляжаць не менш за 25 фашыстаў. Апошнія адкрылі кулямётны і мінамётны агонь. Але бой доўга не працягваўся, агонь партызанскай артылерыі быў ім, відаць, не па нутры. Пакінуўшы забітых, яны хутка пагрузіліся ў машыны і, хаваючыся за дамамі вёскі, зніклі.

Кальцо блакады сціскалася ўсё ямчэй. Фашысты не толькі імкнуліся загнаць нас у кут паміж дзвюх рэк, але і разагнаць нашы атрады, пазбавіць нас манёўраў, каб пасля пры суцэльным прачэсванні знішчыць партызан. Але сіла нашых удараў па меры звужвання кальца ўзрастала ўсё больш і больш.
Так, каля вёскі Ліпічанская Руда фашысцкі батальён, думаючы, што партызаны выбіты са сваіх рубяжоў, падняўся ва ўвесь рост. Але гітлераўцы патрапілі пад знішчальны флангавы агонь нашай брыгады. За некалькі хвілін мы змаглі разлічыцца з імі.

У гэтую ноч камандаванне брыгады і атрадаў, разумеючы, што далейшае адступленне ўглыб міжрэчча можа прывесці да гібелі партызанскіх атрадаў (немцы мелі значную перавагу ў сілах), прыняло рашэнне прарвацца з акружэння. Атрад “Ленінскі”, атрад пад камандаваннем Булака і штаб брыгады выходзілі пад горад Слонім, у глыбіню ўжо прачэсанай немцамі мясцовасці. Наш атрад выходзіў невялікімі групамі. Адна з іх – у Налібоцкую пушчу, другая – у раён вёскі Рэпішча.

На працягу 10 дзён немцы, разбіўшы лес паміж вёскамі Ліпічанская Руда, Крупіцы, Маскалі і Зачэпічы на кварталы, прачэсвалі яго, ідучы суцэльнай сцяной. Ведаючы добра гэты раён, мы манеўравалі ў глыбіні лясных масіваў. Як ні імкнуліся гітлераўцы расправіцца з імі, гэта ім не ўдалося”.

Падрыхтаваў да друку С. Лашкоўскі, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/