III АДКРЫТЫ ЧЭМПІЯНАТ ДЗЯТЛАВА



Ілья Гранкоўскі і Арцём Урбановіч - пераможцы рэспубліканскага турніру па кіакушынкай каратэ ў Дзятлаве. Яшчэ 10 нашых спартсменаў - прызёры.

Трэці адкрыты чэмпіянат Дзятлава па барацьбе кіакушынкай каратэ 7 лютага сабраў вялікую колькасць удзельнікаў — 165 чалавек (для параўнання: у адкрытым чэмпіянаце Беларусі па кіакушынкай каратэ 2014 года ў Гродне ўдзельнічалі 172 спартсмены). Удзельнікі дзятлаўскага першынства прадстаўлялі аддзяленні абласнога спартыўнага клуба "Барс" з Гродна, Дзятлава, Наваельні, Слоніма, Навагрудка і Мінска. Гродзенцы і мінчане выставілі па дзве каманды.

Спартсмены спаборнічалі ў 25 вагава-ўзроставых катэгорыях, пачынаючы з сямігадовага ўз росту.

У камандным заліку з 25 медалямі (12 залатых, 6 сярэбраных, 7 бронзавых) першынствавала каманда "Гродна-2". Другое каманднае месца занялі спартсмены "Гродна-1", у іх скарбонцы 22 медалі (7 залатых, 10 сярэбраных, 5 бронзавых).

Трэцяе месца заняла аб'яднаная каманда Дзятлава і Навагрудка — 18 медалёў (2 залатыя, 8 сярэбраных, 8 бронзавых).

Паспяхова выступілі прадстаўнікі аддзяленняў клуба "Барс" з Дзятлава і Наваельні. Пераможцамі сталі Ілья Гранкоўскі (хлопцы, катэгорыя 12-13 гадоў, да 55 кілаграмаў) і Арцём Урбановіч (хлопцы, катэгорыя 12-13 гадоў, звыш 60 кілагарамаў).

Сярэбраныя прызёры — Вераніка Сідорчык (дзяўчынкі, 7 гадоў, да 30 кг), Анастасія Францішчык (дзяўчынкі, 10-11 гадоў, да 45 кг), Ілья Барыгін (хлопцы, 12-13 гадоў, да 40 кг), Мікалай Бяляўскі (хлопцы, 14-15 гадоў, звыш 80 кг).

Бронзавыя прызёры — Кірыл Плотнікаў (хлопцы, 7 гадоў, да 35 кг), Іван Багдзель (хлопцы, 10-11 гадоў, да 35 кг), Павел Барыгін (хлопцы, 12-13 гадоў, да 55 кг), Яна Аблажэй (дзяўчынкі, 13-14 гадоў, да 60 кг), Дзмітрый Пузач (хлопцы, 14-15 гадоў, звыш 80 кг), Максім Максімаў (мужчыны, 18+, звыш 80 кг).

Пераможцы і прызёры першынства ўзнагароджаны кубкамі, медалямі і дыпломамі.

Арганізавалі турнір абласное грамадскае дзіцяча-юнацкае аб'яднанне "Спартыўны клуб "Барс" і Беларуская рэспубліканская федэрацыя кіакушынкай каратэ (ІКО-1). Галоўны суддзя спаборніцтваў — Васіль Максімаў, 3-ці дан, старшыня праўлення рэспубліканскай федэрацыі. Дэвіз турніру — каратэ супраць наркаманіі і алкагалізму. Сярод мэтаў турніру — выяўленне лепшых спартсменаў у раздзеле кіакушынкай кумітэ (свабодны бой), павышэнне спартыўнага майстэрства каратыстаў, папулярызацыя спартыўнай барацьбы кіакушынкай каратэ (ІКО) і ўвогуле здаровага ладу жыцця.

Дзейсна паспрыялі арганізацыі турніру рэспубліканскага ўзроўню ў Дзятлаве аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ГА "БРСМ". Спаборніцтвы прайшлі ў раённым Доме культуры, дзе спартсмены мелі зручныя месцы для размінкі і падрыхтоўкі да баёў, а гледачы маглі назіраць паядынкі кантактнага каратэ на сцэне ў актавай зале. Працаваў буфет.

Каардынатар турніру сэмпай Максім Максімаў пасля завяршэння спаборніцтваў выказаў думку, што, зыходзячы са станоўчай ацэнкі сёлетняга першынства, чэмпіянат наступнага года ў Дзятлаве будзе яшчэ больш прадстаўнічы.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/