ІААН -- ХРЫСЦІЦЕЛЬ ГАСПОДНІ



Імя пачэснага і слаўнага Прарока Прадцечы і Хрысціцеля Гасподня Іаана, найвялікшага са святых, суровага аскета, прапаведніка пакаяння, бязбоязнага выкрывальніка граху, вылучана ў царкоўным календары адмысловы чынам. Нікога са святых Царква так не называе, як яго. Шэсць разоў у годзе здзяйсняецца ўслаўленне памяці святога Прарока. Здаецца, зусім нядаўна святкавалі нараджэнне Хрысціцеля Гасподня, у народзе вядомае як Купалле, а ўжо 11 верасня ўшанавалі Усячэнне галавы святога Прадцечы.

Бацькі святога Іаана, як апавядае Евангелле, належалі да старажытнага святарскага роду, які бярэ пачатак ад Аарона – першага старазапаветнага святара іудзейскага народа (Лк. 1, 5). Састарэлыя бацькі Прарока вылучаліся праведным жыццём, аднак, нягледзячы на гэта, былі вельмі няшчасныя – яны былі бяздзетныя. Справа ў тым, што ў тыя часы сярод яўрэяў існавала меркаванне, што калі ў сямейнай пары няма дзіцяці, то на іх ляжыць божы праклён за таемны грэх аднаго ці абодвух бацькоў.

Пакорліва спадзеючыся на волю Усявышняга, давяраючы яму, як некалі праведныя Аўраам і Сара, праведныя Захарыя, бацька будучага вялікага Прарока, і Лізавета, маці Іаана Хрысціцеля, былі ўзнагароджаны.

Аднойчы, у час служэння ў храме, Захарыі з’явіўся анёл (па паданні, гэта быў архангел Гаўрыіл), які прынёс старому радасную вестку пра хуткае нараджэнне сына. Анёл паведаміў, што дзіця будзе вялікім перад Богам, напоўніцца Духам Святым яшчэ ва ўлонні маці сваёй, многіх з сыноў ізраілевых накіруе да Бога, яму будуць падараваны дух і сіла прарока Іліі (Мф. 1, 15-17). Таксама ён паведаміў імя будучаму немаўляці – Іаан (з яўрэйскай мовы – "міласць Божая").

Пра юнацтва ўсяленскага апостола ў Евангеллі сказана вельмі мала. Евангеліст Лука, адзіны з апосталаў Дабравесця, хто апавядае пра святога Прадцечу, кажа толькі пра кранаючы момант наведвання юнай Дзевай Марыяй састарэлай Лізаветы, пры гэтым маці прарока адчула, што "ўстрапянулася дзіцятка ва ўлонні яе", нарачэнне немаўля Іаанам, а пасля цудоўнае вылечванне бацькі Захарыі ад нематы. Таксама з Евангелля вядома, што святы Іаан жыў у пустыні да дня свайго з’яўлення Ізраілю.

Кіруючыся гісторыяй народа ізраільскага, можна выказаць здагадку, што неўзабаве пасля Нараджэння Хрыстова і пачатку забівання Ірадам віфліемскіх немаўля, маці, каб захаваць жыццё будучаму Прароку, вымушана была ратавацца ўцёкамі. Месца, дзе хавалася праведная Лізавета, сёння іудзеі называюць "га-іешымон" (з яўрэйскай – "страшная"). Бацькі ж Хрысціцеля Гасподня вельмі хутка загінулі ад рук слугаў цара за нежаданне раскрыць месца, дзе хавалася немаўля, абранае Богам. Там, у пустыні, правёў святы Іаан трыццаць гадоў.

Сілкуючыся акрыдамі (адмысловага выгляду саранча, якая па законе Майсея лічылася "чыстай", прыдатнай для ўжывання ў ежу), дзікім мёдам, святы Іаан асабліва блізка адчуваў прысутнасць Бога, чуючы яго голас сярод поўнага бязмоўя. Улічваючы такі лад жыцця Прадцечы, Царква ў сваіх богаслужэбных тэкстах называе яго "добрым выхаваннем пустыні", "галубкай пустынялюбнай", "цяльцом устрымання", "грамадзянінам пустыні", бо, знаходзячыся па існасці чалавекам, Іаан адрозніваўся роўнаанёльскім жыццём.

У пятнаццаты год праўлення імператара Ціверыя, калі Іудзеяй кіраваў рымскі пракуратар Понцій Пілат, а ў Галілеі – тэтрарх Ірад Анціпа, які пасля запляміў сваё імя забойствам слаўнейшага воіна Цара Нябеснага, на берагах Іардана з вуснаў Хрысціцеля Гасподня Іаана прагучалі словы, якія распачалі новую эпоху ў маральнай гісторыі народа: "Пакайцеся, бо наблізілася Царства Нябеснае" (Мф. 3, 2).

Яго вучэнне было прасякнута маральнай чысцінёй, ачышчэннем ад заганы, набыццём несцяжальнасці і браталюбства. Кожнае яго слова было напоўнена жывымі, яркімі вобразамі, узятымі з прыроды і штодзённага жыцця. Іудзейскі гісторык Іосіф Флавій, сучаснік тых падзеяў, сведчыць, што ўлада Прадцечы была настолькі вялікая над іудзеямі, што сам цар Ірад баяўся ўплыву вялікага настаўніка. Разам з тым, Іаанава хрышчэнне, якое мела характар пакаяння, было толькі падрыхтоўкай да іншага хрышчэння, большага і найдасканалага, паколькі яно павінна быць здзейснена тым, каго прадказваў і чые шляхі падрыхтоўваў святы Прарок. "Я няварты развязаць рамень абутку Яго" (Ін. 1, 27), – кажа Прадцеча аб сваім служэнні ў адносінах да таго, што павінен здзейсніць Господзь Ісус Хрыстос.

Хрысціцель Гасподні першым з апосталаў сведчыць пра Хрыста, як пра Агнца Божага, які бярэ на сябе грэх свету. Ён абірае апостальскае служэнне, паведамляючы свету вестку аб прыходзе таго, хто стане "хрысціць Духам Святым і агнём" (Мф. 3,11), кажа пра Хрыста, як пра Сына Божага. Святы Іаан не дапускаў ніякага сумнення ў праўдзівасці абвяшчаемага ім надыходу часу прыходу Месіі, пра паўнату годнасці Збаўцы. Прароцкае сведчанне Іаана Прадцечы спрыяла ўзнікненню абшчыны апосталаў, якая з’явілася зернем Царквы Хрыстовай.

Словы прапаведніка былі вострымі там, дзе панавалі няпраўда, загана, хлусня. Прарок не мілаваў нікога, выкрываючы гнойныя хібы душаў грэшнікаў. Аднойчы пад яго асуджэнне падпаў і сам галілейскі цар Ірад, які жыў у вялікім граху з жонкай свайго роднага брата – Ірадыядай. Забабонны і слабахарактарны тэтрарх, ласы на ўсё таямнічае і незвычайнае, часта слухаў Іаана і нават звяртаўся да яго па парады. Ён не жадаў учыняць расправу над праведнікам.

Іншая справа – адносіны да пачутага жонкі правіцеля. Зласлівая Ірадыяда, не здолеўшы прабачыць нанесеную крыўду, пачала рыхтаваць страшную помсту праведніку. Спачатку яна настаяла на тым, каб вяшчальнік праўды быў змешчаны ў Махеронскую крэпасць, а пазней падманным спосабам нават дамаглася таго, каб галаву Хрысціцеля Госпада прынеслі ёй на блюдзе.

Пакаранне смерцю Іаана выклікала велізарны рэзананс у грамадстве -- вялікую незадаволенасць. Самому Іраду думка пра пакаранне пустэльніка ўвесь час не давала спакою. Калі да яго дайшла чутка пра пропаведзь Ісуса, ён з жахам падумаў, што гэта ўваскрэс пакараны Іаан. Аднак праведны Суд Божы напаткаў злачынцаў -- забойцаў бязбоязнага выкрывальніка граху яшчэ на зямлі: Ірад Анціпа быў пазбаўлены імператарам Каем улады і разам з Ірадыядай і яе дачкой Саламеяй адпраўлены ў ссылку ў Галілею.

Сёння пачэсны і слаўны Прарок Прадцеча і Хрысціцель Гасподні Іаан прадстаіць прастолу Усеўладара, падзяляючы гэта месца толькі з Богамаці. Разам з ёй іудзейскі пустэльнік з суровым і журботным абліччам малітоўна распасцірае рукі і моліць Нябеснага Айца за ўсё чалавецтва. Царква называе яго апошнім з прарокаў і першым з апосталаў, хто сваім жыццём і заклікам да пакаяння не толькі абвясціў аб прыходзе ў свет Збаўцы, але і паказаў, што пакаянне ў жыцці чалавека -- гэта збавенне ад грахоў і зварот да Бога.

І. ЗІНЧАНКА, бакалаўр багаслоўя

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/