ГРЫБЫ: ПРАВІЛЫ ЗБОРУ І ПРЫГАТАВАННЯ



У Беларусі зарэгістраваны высокі ўзровень атручвання грыбамі, восем выпадкаў -- са смяротным зыходам. Найбольшая колькасць пацярпелых ад атручэння зафіксавана ў Мінску. Такая сітуацыя -- вынік ігнаравання правілаў збору грыбоў, іх прыгатавання.

Таму іх яшчэ раз варта нагадаць. Па-першае, збіраць трэба толькі вядомыя грыбы, не спрабаваць невядомыя на смак. Нельга збіраць грыбы ўздоўж дарог. Неабходна звяртаць увагу на форму, знешнюю афарбоўку, колер мякаці да і пасля таго, як грыб зрэзалі. Гэта дапаможа распазнаць ядавітыя грыбы, сярод якіх ёсць многа падобных на ядомыя.

Не варта адкладваць і апрацоўку грыбоў, паколькі гэта прадукт, які хутка псуецца. Нарыхтоўваць лепш за ўсё толькі маладыя грыбы, пры гэтым саліць, марынаваць кожны від трэба асобна.

Гатуючы грыбы, неабходна памятаць, што яны адварваюцца двойчы з наступным прамываннем іх праточнай вадой: першы раз грыбы адварваюць не менш за 30-40 хвілін, другі раз -- не менш за 15 хвілін. Дзецям да 6 гадоў і людям пажылога ўзросту грыбы неабходна выключыць з рацыёну, паколькі гэта цяжкая ежа.

Не варта купляць на рынку грыбныя кансервы, герметычна закрытыя крышкамі ў хатніх умовах, а таксама сухія грыбы, грыбную ікру і розныя салаты з грыбамі.

Л. ЛАЗОЎСКАЯ, загадчыца санітарна-эпідэміялагічнага аддзела Дзятлаўскага райЦГЭ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/