ГРАНІТАЎСКАЯ СПАРТЛАНДЫЯ



Дзень абаронцаў Айчыны ў СВК “Граніт-Агра” вырашылі адзначыць нетрадыцыйна і зладавалі - “Cпартландыю” для мужчын.

Пяць мужчынскіх каманд, якія склалі вадзіцелі, спецыялісты, будаўнікі, механізатары вытворчага аддзялення №1, работнікі свінакомплекса “Варакомшчына” меліся паспаборнічаць у разнастайных конкурсах. Эмацыянальны градус спаборніцтвам ад самага пачатку задалі натхняючыя вітанні-пажаданні жанчын, з якімі да спарландцаў звярнуліся старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Г. Жых, дырэктар Таркачоўскай школы-саду А. Гаўрош, старшыня прафсаюзнага камітэта СВК А. Манцэвіч, дыспетчар сельгаспрадпрыемства Л. Адамчык.

Спартландыя пачалася парадным выхадам каманд, якія перад гледачамі-балельшчыкамі прайшліся “строем і з песняю”. Найлепшым чынам вызначылася пры гэтым каманда вадзіцеляў пад “кодаваю” назваю “Пяхота”.

Далей былі - гімнастыка (падцягванне на перакладзіне і пераскокванне праз каня), цяжкая атлетыка (падняцце штангі), стрытбол (закідванне баскетбольнага мяча ў карзіну), стральба ў ціры і …конкурс паэтаў.

У практыкаванні на перакладзіне адзначыўся Мікалай Шкулепа. Праз каня пераскочылі амаль усе, а найбольш грацыёзна, з мяркавання жанчын, гэта ўдалося Ільі Манцэвічу з зорнай каманды спецыялістаў. Зорнай па двух прычыных -- выступалі хлопцы ўдала і назваліся адпаведна: каманда “Звязда”.
Трапным Робін Гудам, толькі з пнеўматычнай вінтоўкай замест лука, аказаўся Віталь Болтач з вадзіцеляў. А потым ён жа стаўся самым трапным і абыходзячыся з баскетбольным мячом. На баскетбольнай пляцоўцы вызначыўся яшчэ і Дзмітрый Сёмуха з будаўнічага “Лесапавалу”.

Далей гледачы шчодра пляскалі ў далоні “сілачам”. Найбольш пакорлівай штанга аказалася ў руках агранома Рамана Барадзюка і вадзіцеля Дзяніса Сёмухі.

Фізічных практыкаванняў для выпрабавання мужчын арганізатарам спартландыі падалося мала і яны прыдумалі для спартландцаў крэатыўны конкурс - вершаскладанне з зададзеных словаў. Невядома якімі паранармальнымі сіламі прадстаўнікі “Тайфуна” ад свінакомплексу “Варакомшчына” прылашчвалі паэтычную Музу, але яна спаслала свае мілосці менавіта гэтай камандзе. Вершатворчасць “Тайфуна” аказалася самай уразлівай.

Пасля падліку вынікаў конкурсаў залатымі медалямі і паўмільённай прэміяй пераможцаў былі ўганараваны зоркі з каманды спецыялістаў. Мехкаманда “Танкістаў” уварвалася на фініш другою. Вадзіцельская “Пяхота” пасля марш-кідка фінішавала трэцяю. Няшмат адсталі “Тайфун” і “Лесапавал”, але да подыуму ўсё ж не дасталі. Арганізатары, аднак, палічылі, што ўсе каманды дастойны прызоў, а прысутныя на спартландыі мужчыны - кветак.
Наступнае ў шэрагу культурна-спартыўных мерапрыемстваў СВК “Граніт-Агра” - Гуканне вясны.

Л. МЯДЗВЕДЗЬ, намеснік старшыні СВК “Граніт-Агра”

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/