ГОСЦІ, ГОСЦІ, ГОСЦІ...



Каляндар ад Новага года і да Хрышчэння стракаціць святочнымі датамі, калі нязменна мы ці збіраемся ў госці, ці прымаем іх у сваім доме. Беларуская нацыя – шчырая і гасцінная, нават без спецыяльна прызначанага для гэтага года. На пачатку 2014-га разам з дзятлаўчанамі мы згадаем народную мудрасць і памяркуем пра сучасную гасціннасць.

Мілы госць, ды вялікі пост

"Пост, – гаворыцца ў адной старажытнай кнізе, – робіць чалавека ўмераным, цвярозым, сарамлівым, маўклівым, цнатлівым. Пост утаймоўвае жарсці, сцішае запал, памнажае святыя жаданні, знішчае заганныя; усё ўнутры нас у парадак прыводзіць” ("Нятленная ежа". С. 235).

Пост – гэта насамрэч практыкаванне чалавека ў самаабмежаванні. У жыціях святых можна сустрэць сітуацыі, калі святыя па любові да бліжняга парушалі пост, але гэта былі адзінкавыя выпадкі, рабілася гэта з глыбокай пакорай і любоўю да бліжняга і насіла адзінкавы, а не сістэматычны характар. Як жа і нам быць, калі ў час паста нас запрашаюць у госці? Універсальных правілаў на гэты конт не існуе, ёсць рэкамендацыі. На мой погляд, самыя дакладныя – словы Збаўцы. Яго таксама папракалі, што Ён есць з мытарамі і грэшнікамі, а вучні Яго не выконваюць пост: "не тое, што ўваходзіць у вусны, паганіць чалавека, але тое, што выходзіць з вуснаў, паганіць чалавека". (Мф. 15,11). Гэтак жа і Святы апостал Павел кажа нам пра тое, што ўсё, што прапануе нам наш блізкі, трэба есці. Калі мы прыходзім у хату – трэба есці прапанаванае.

Таксама і будучы гасцінным гаспадаром, трэба бачыць, хто твой госць. Калі гэта чалавек моцна веруючы – можаце ставіць на стол толькі посныя стравы. А калі людзі мала веруючыя або тыя, хто мала ведае пра пост, прымаць іх варта і поснай, і няпоснай ежай. Бо чалавек, які далучаецца да веры, як малое дзіця, якое пачынае хадзіць: не варта ад яго патрабаваць многага, каб не збіць са шляху”.

Іерэй Аляксей Сцепановіч, настаяцель Свята-Барысаглебскага храма вёскі Накрышкі

Госць на двор – і хвост на стол

“Народная мудрасць падказвае нам, што калі госць на парозе – даставай з засекаў апошняе, але годна пачастуй. І гэта для мяне абсалютная праўда. Калі ў нас бываюць госці, стараюся ім прапанаваць самае смачнае, што ёсць у доме. А калі рыхтуюся загадзя да прыходу гасцей, ужо нешта прыпасаю, спецыяльна гатую. Улюбёныя стравы нашых гасцей – мачанка з аладкамі і каўбаскамі і пяльмені, якія я ляплю сама. Шчыра кажучы, прымаць гасцей даводзіцца нашмат часцей, чым самой бываць у гасцях, але мне гэта вельмі падабаецца”.

Тамара Зайцава, шэф-повар кафэ “Сосны” гарпасёлка Наваельня

Не ў пару госць, нібы ў горле косць

“Косць у горле – гэта заўсёды вельмі балюча, непрыемна. І галоўнае, што чалавек не можа сам сабе дапамагчы. у такім разе варта звяртацца да спецыяліста, які дастане гэтую косць. Па медыцынскіх паказчыках, калі косць не выцягнуць своечасова, яна можа прывесці да самых сур’ёзных ускладненняў са здароўем. Мабыць, страх перад несвоечасовымі гасцямі і выклікаў такое параўнанне. Аднак лічу, што на мяне такая прыказка не распаўсюджваецца. Я вельмі люблю гасцей, і яны часта бываюць у нас у доме. Калі нечаканыя – частую тым, што ёсць пад рукой. А калі запланаваныя, стараюся здзівіць новымі стравамі. Вельмі любім бываць з гасцямі на прыродзе. Ды і ў нас дома, на прысядзібным участку, створаны ўсе ўмовы, каб добра прыняць гасцей”.

Марыя Максімовіч, доктар-атарыналарынголаг Дзятлаўскай ЦРБ

Госць першы дзень – золата, другі дзень – срэбра, а на трэці – медзь, дамоў едзь

“Зразумела, што госць госцю розніца. Калі я прымаю ў гасцях сваіх дзяцей, якія цяпер жывуць у іншых гарадах, далёка ад дома, мне ў радасць, каб яны пабылі даўжэй. А ўвогуле, мудры народ наш меў рацыю: ва ўсім, нават у гасціннасці, патрэбна мера. І добры госць заўжды адчувае яе сам. У нас за святочным сталом часта збіраюцца госці на адметныя сямейныя даты, юбілеі. Мяркую, знаёмыя рады да нас завітаць, а мы іх рады прымаць. Вельмі любім сабрацца, павесяліцца ад душы. Але, вядома, у меру. А што да мяне, дык я сама стараюся быць тактычнай і ў гасцях не затрымлівацца, нават у блізкіх людзей”.

Алена Лахач, спецыяліст 1-й катэгорыі па аказанні рознічных банкаўскіх паслугаў цэнтра банкаўскіх паслугаў №407/79 ААТ АСБ “Беларусбанк”.

Нязваны госць горшы за татарына

“Верагодней за ўсё такая прыказка пайшла яшчэ з часоў татара-мангольскага іга, калі татары збіралі з нашага люду вялікую подаць. А хто ж яе любіць? Яшчэ цікавейшае пытанне, за што нашы продкі так гасцей не любілі. Аднак і госць колішні нашаму розніца. На старажытнай Русі гасцямі называлі заможных, часам іншаземных купцоў, якія займаліся пераважна аптовым гандлем. Іх склады зваліся гасціннымі дварамі. Яны былі прывілеяваным саслоўем і вызваляліся ад выплаты подацей, падпарадкоўваліся толькі цару, маючы ад яго грамату “на гасціннае імя”. Просты люд не любіў іх за гандлёвую манаполію.

Ёсць яшчэ адна згадка пра нязванага госця з Кіеўскай Русі. Помніце наўгародскага князя Вешчага Алега? Магчыма, гэты знакаміты рускі князь і быў госцем, згаданым у прыказцы. У 882 годзе князь Алег, падманам назваўшыся госцем (купцом), увайшоў у Кіеў і, забіўшы князёў Аскольда і Дзіра, захапіў Кіеўскае княства.

Сёння нязваны госць – не такая страшная падзея. Але, не ўпісаўшыся ў кампанію, ён можа сапсаваць любое свята. У нашай сям’і заўжды рады гасцям, і нам пакуль шанцавала на добрых і жаданых гасцей”.

Аляксандр Нічыпаровіч, настаўнік гісторыі сярэдняй школы №1 горада Дзятлава.

У гасцях добра, а дома лепей
“Сапраўды так. Беларусы – вельмі гасцінны народ. Мы аднолькава любім хадзіць у госці і самі прымаць гасцей. Але, як бы добра нас ні прымалі, усё адно цягне дадому, каб адпачыць пасля паездкі ці паходу. Добра, калі гэты сапраўды свой, але не адразу ў нас, маладых, атрымліваецца нешта пабудаваць ці набыць. Новы год у нас акурат супаў з пераездам у службовае, можна сказаць, часова сваё жыллё. А як крыху абжывёмся там, перш-наперш паклічам у госці сяброў на наваселле”.

Юлія Кулеш, галоўны архітэктар Дзятлаўскага раёна.

Гутарыла Н. АВЯРЧУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/