Горкі хлеб Iвана Афанасіка



Яго добра ведаюць не толькі ў вёсцы Малая Сваротва, але і ва ўсім Баранавіцкім раёне. Ведаюць як прынцыповага і працавітага чалавека. Праўда, прынцыповасць гэтая не зусім падабаецца. Некалі, перад прэзідэнцкімі выбарамі, ён збіраў подпісы за Аляксандра Мілінкевіча, з-за чаго ўвайшоў у няміласць у мясцовага кіраўніцтва. Да яго дадому прыходзілі службовыя людзі, прасілі, каб перастаў займацца гэтай справай. Не перастаў і давёў пачатае да канца.

Зімой Іван Сцяпанавіч нарыхтоўвае ў лесе дровы і прадае іх сельскім жыхарам. Прычым значна танней, чым прадаюць іншыя. Вясной, летам і восенню працуе на зямлі, якую ўзяў у арэнду ў калгаса. Сёлета, напрыклад, пасеяў 70 сотак пшаніцы і пасадзіў 40 сотак бульбы. Участкі былі побач. Іван Сцяпанавіч расказаў: "Аднойчы, едучы праз поле, я яшчэ здалёк убачыў, што па маёй пшаніцы ходзіць калгасны статак. Кароў каля сотні пасецца. Некаторыя рагулі ўжо і на бульбяны палетак перайшлі. А пастухоў нідзе не відаць. Пачаў я кароў выганяць на дарогу. Дзявацца ім няма куды, і яны пайшлі ў калгасную кукурузу. "Што ж рабіць?" — думаю. Паехаў шукаць загадчыцу фермы.

— Што гэта за парадкі такія? — пытаю.

— Нічога не ведаю. Я ў водпуску, — быў адказ.

Не мог я спакойна нічога рабіць. Праз некаторы час зноў паехаў на палетак. Каровы лазяць дзе папала, а пастухоў зноў няма. Ажно бачу: зараз прыехалі пастухі, якія былі на выхадным, пачалі выганяць кароў з калгаснай кукурузы і аўса. Тут і ветурач пад'ехаў, і загадчыца фермы. Неяк далі раду сабраць статак.

Назаўтра раніцай я пайшоў у калгасную кантору, каб даведацца, хто ж будзе плаціць за патраву. Якраз старшыня на двары праводзіў нараду са спецыялістамі і механізатарамі. Чую, размова ідзе пра патраву. Маўляў, пастухі панапіваліся і былі невядома дзе. Трэба заявіць пра гэта ў міліцыю.

— Не забудзьцеся, калі ласка, што і мае пасевы збузаваны, — кажу старшыні.

— Камісія будзе: участковы, старшыня сельсавета. Будзем разбірацца, — абнадзеіў ён.

Ну, камісія дык камісія. Усе справы адклаў, нікуды не паехаў. Чакаю дома. Гадзіну чакаю, дзве — ніхто да мяне не ідзе і нічога не пытае. Зноў знайшоў старшыню. А ён мне:

— Былі ўжо ўсе на полі. Без цябе паглядзелі і памералі.

— Як гэта без мяне?!

— А так. Там былі спецыялісты, яны ва ўсім разабраліся. Прызналі, што пабузаваны і твае бульба ды пшаніца".

— Прызнаць дык прызналі, а як будуць плаціць за патраву — пра тое не сказалі, — цяжка ўздыхнуў Іван Сцяпанавіч.

Прайшоў месяц. Пачалася ўборка. Ён ужо згодзен быў і адмовіцца ад платы за патраву, абы толькі старшыня калгаса даў камбайн убраць збожжа. За плату, канечне.

— Пакуль не ўбяром калгаснае, нават і не прасі. На пару дзён засталося жаць, — сказаў на гэта старшыня.

Мінае час. Некаторым вяскоўцам ужо зжалі збожжа на прысядзібных участках, а яму ніхто ні слова. Надакучыла Івану Сцяпанавічу кланяцца мясцовым кіраўнікам, і ён пайшоў прасіць камбайн у суседнім СВК "Моўчадзь".

— І рады б дапамагчы, але няма саляркі, — паспачувалі там. — Ды і сваім калгаснікам яшчэ не ўсім змалацілі.

— Я вам пазычу саляркі. І сваім дамалоціце, і мне, — прапанаваў Афанасік.

Так і зрабілі. Ён заплаціў, як і належыць, у калгасную касу за дзве гадзіны работы камбайна. Але гэта яшчэ было не ўсё. У другім месцы ў яго таксама былі пасеяны ячмень і пшаніца. Усяго разам — паўтара гектара. У суседзяў з Моўчадзі не атрымалася зжаць усё, і ён зноў-такі пайшоў да старшыні свайго калгаса.

— Плаці па 3 тысячы 75 рублёў за сотку, тады змалоцім.

— А чаму так дорага? Па раёне расцэнкі 2 тысячы 50 рублёў. Я цікавіўся.

— У нас камбайны новыя, — быў адказ.

Іван Сцяпанавіч пазваніў у раённы аграпрам і расказаў пра гэта.

— Нешта не так. Няправільная цана. Павінна быць танней, — пагадзіліся там.

А неўзабаве прыйшоў афіцыйны адказ ад старшыні калгаса. Там, акрамя іншага, было напісана: вам трэба прыйсці ў кантору і заключыць дамову на ўборку, бо неўзабаве камбайны будуць пачышчаны і пастаўлены на захаванне. А цану за сотку пазначылі ранейшую.

Іван Сцяпанавіч не згадзіўся і сам паехаў у Баранавіцкі райаграпрам да галоўнага бухгалтара. Яна пацвердзіла, што ёсць памылка ў калькуляцыі, і параіла ехаць дадому: маўляў, старшыні дадзена каманда, каб выдзеліў вам камбайн па сходнай цане. Заключылі домову, і нарэшце збожжа Івану Афанасіку было абмалочана, што называецца, па божай цане.

— А хіба ж не можна было гэта зрабіць адразу, без нерватропкі і валакіты? — рэзонна пытае Іван Сцяпанавіч. — За гэты час, пакуль я, як кажуць, блукаў па пакутах у пошуках камбайна і справядлівасці, дажджы яшчэ больш паклалі збажыну. Зерне абсыпалася, бо камбайн мне далі толькі 30 жніўня.

Няма сумнення, што Івану Афанасіку ў чарговы раз далі зразумець: нельга ісці насуперак начальству і на ўсё-ўсякае мець уласную думку — яно, начальства, гэтага вельмі не любіць.

Дарэчы, за патраўленыя пшаніцу і бульбу яму так і не заплацілі.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/