ГНIЮЦЬ ЯБЛЫКI. ЯК IХ ЗАХАВАЦЬ?



Найбольш важна знятыя плады “апрацаваць” холадам. Тэмпература ў схованках павiнна як мага хутчэй панiзiцца да 2—5 градусаў. Для гэтага неабходна адкрываць на халодную ноч усе адтулiны. Каб не пранiклi мышы, навесiць жалезныя сетачкi з малымi дзiрачкамi. Удзень, калi тэмпература павышаецца, вентыляцыю спыняць. Гэтым мы будзем “браць у палон” холад.

Ахалоджванне — самая дзейсная мера. Але важна i вентыляцыя. Вось яе не закрываць! Неабходна зрабiць так, каб абедзве трубы (прыток халоднага паветра знiзу i выток цёплага цi цяплейшага зверху) дзейнiчалi бездакорна. Паднясiце полымя запальнiчкi да ўваходу ў трубу. Калi ўнiзе ля падлогi (прыток халоднага паветра) полымя адхiляецца ўбок — усё нармальна. Полымя, якое не рэагуе на гэта, сведчыць пра дрэнны прыток. Трубу неабходна падняць звонку вышэй, а ў схованцы апусцiць нiжэй. Тое ж трэба сказаць i пра выток. У цэнтры падвала паветра таксама калыша полымя.

Наступная мера — вiльготнасць паветра. Яна ў межах, якiя пераўзыходзяць вонкавую. Для гэтага можна ставiць ночвы з чыстай (гатаванай) вадою, развешваць анучы. Асобныя вопытныя гаспадары за 10 дзён да збору пладоў вылiваюць на падлогу з цэменту цi пяску да чатырох вёдзер чыстай вады. Калi ўсмокчацца вiльгаць, вядуць закладку.

Перад закладкай яблыкi i грушы (вядома, толькi познiх зiмовых сартоў) не бiць, не абцiраць анучкай, не мыць. Прыняць усе меры, каб ляжалi больш-менш свабодна, верхняя скрынка не цiснула на плады нiжняй.
Найлепшая тэмпература для большасцi пладоў — блiзкая да нуля.

Падрыхтавала да друку В. ВАСЬКО

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/