ГІСТОРЫЯ ПЕРШАГА КАХАННЯ



Яна пакладзена ў аснову аповесці Рувіма Фраермана "Дзікая сабака дзінга, або Аповесць аб першым каханні". Сёлета кнізе спаўняецца 75 гадоў.
За гэты час з творам пазнаёмілася не адно пакаленне чытачоў, па матывах аповесці знята аднайменная стужка з Галінай Польскіх у галоўнай ролі. Работа савецкіх кінематаграфістаў была адзначана на кінафестывалі дзіцячых стужак у Венецыі, а таксама на фестывалі лепшых фільмаў года ў Лондане. А шараговаму гледачу гэтая гісторыя яшчэ раз нагадала аб таямнічасці і чароўнасці першага кахання.

Такіх гісторый сотні, тысячы. Яны падобныя адна на адну, і ў той жа час для іх характэрна свая непаўторнасць і адметнасць. Інакш і не можа быць: для першага кахання ўласцівыя ні з чым не параўнальная магія адкрыцця, чароўнасць. На тое яно і першае пачуццё, ад якога так незвычайна б'ецца сэрца, свет напаўняецца радасцю і яе так хочацца раздзяліць з іншымі. Гэта пры ўмове, калі першае каханне яшчэ і ўзаемнае. Калі інакш -- яно прыносіць боль і расчараванне. І пошук адказу на пытанне, чаму твой абраннік сэрца кахае іншую, так застаецца і не знойдзеным. А ў той жа час на гэтае пытанне шукае адказ і той, хто безадказна кахае цябе. А ты на яго не звяртаеш увагу, або ён для цябе з'яўляецца проста сябрам. Як Філька для Тані Сабанеевай -- герояў аповесці "Дзікая сабака дзінга". Ціхі, незаўважны, які заўсёды побач. Толькі ты ўспрымаеш яго як сябра, і разумеш, што выслоўе "сэрцу не загадаеш" сапраўды мае рацыю. Вось такі трохкутнік. Вечны, як само жыццё, як само першае каханне. Толькі ў памяці, нягледзячы ні на што, яно застанецца светлым пачуццём.

Гэта толькі мой погляд. А якія ўспаміны ў вас аб першым каханні? -- на гэтае пытанне я папрасіла адказаць некалькіх рэспандэнтаў:

Ксенія, 25 гадоў:
-- У школе я падабалася аднаму хлопчыку, майму аднакласніку. Ён пісаў мне запіскі, аказваў знакі ўвагі, вылучаў мяне сярод іншых дзяўчынак. На той момант мяне усё гэта толькі раздражняла, я нават магла і груба адказаць гэтаму хлопчыку. А вось ужо ў старэйшых класах мы неяк знайшлі агульную мову, нават гэты хлопец стаў маім сябрам. Пазней ён закахаўся ў іншую дзяўчыну. А я сустрэла сваё каханне.

Марына, 30 гадоў:
-- Сваё першае каханне я сустрэла, калі вучылася ў школе, у старэйшых класах. Ен быў прыгожым юнаком, любімцам аднакласніц, многія марылі з ім сустракацца. Насуперак гэтай папулярнасці, я наадварот ігнараварала яго, усім сваім выглядам паказвала сваю абыякавасць. Хаця на самой справе закахалася.
І ў студэнцкія гады ён таксама працягваў мне падабацца. Хутчэй за ўсё я яго нават ідэалізавала. А пасля расчаравалася. Ужо нават і не памятаю з-за чаго.

Насця, 28 гадоў:
-- Летам у вёску, дзе я жыла, прыязджаў да адной з бабуляў яе унук. З ім была знаёма мая сяброўка, на некалькі гадоў старэйшая за мяне. Праз маю сяброўку мы і пазнаёміліся. Калі з ёй ён размаўляў нармальна, то мне часта даводзілася плакаць, цярпець яго кпіны. Мяне гэта крыўдзіла, паколькі мне ён вельмі падабаўся. І нават я дзесьці ў глыбіні душы раўнавала да сяброўкі. Як высветлілася пазней, на самой справе падабалася хлопцу я. Толькі вось свае пачуцці ён ўтойваў, не паказваў іх перад іншымі.
Некаторы час мы сустракаліся, перапісваліся. А пасля наша знаёмства неяк само сабой скончылася.

Уладзімір, 25 гадоў:
-- Я ўпершыню закахаўся ў дзяўчыну, якая на некалькі гадоў была старэйшая за мяне. Мне было цікава з ёй размаўляць, яна была даволі начытаная, мела цудоўнае пачуццё гумару. Толькі мяне ўспрымала як добрага знаёмага. Яна расказвала мяне аб сваіх раманах, не заўважаючы, што слухаць мне гэта не вельмі прыемна. Пасля яна пераехала ў іншы горад. Я часта ўспамінаю яе, заўсёды з душэўнай цеплынёй.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/