ГЕРОЙ САВЕЦКАГА САЮЗА АДАМ ЛЯШЧЫНСКІ



Імя Героя Савецкага Саюза Адама Браніслававіча Ляшчынскага занесена ў Кнігу Славы Гродзенскай вобласці і Дзятлаўскага раёна.

3 узнагароднага ліста №12607:
Камандзір батарэі 1450 самоходнага артылерыйскага палка 10-га танкавага корпуса лейтэнант Ляшчынскі Адам Браніслававіч у баях у раёне Ходараў на правым беразе ракі Днепр 21.10.43 года паказаў узоры геройства, смеласці і адвагі.
Уварваўшыся ў першую лінію траншэй праціўніка, ён ва ўпор расстрэльваў і душыў гусеніцамі насядаўшых аўтаматчыкаў. Гусеніца машыны была перабіта, і ён, паварочваючы машыну на одной гусеніцы, расстрэльваў пяхоту праціўніка. Калі боепрыпасы закончыліся, ён узяў аўтамат і гранаты адкрыў люк машыны і працягваў няроўны бой. Будучы паранены, сцякаючы крывёю, ён не спыніў барацьбы. У выніку ўпартага бою праціўнік, панёсшы вялікія страты, адышоў. Адважны экіпаж пад камандованнем лейтэнанта Ляшчынскага атрымаў перамогу: выбіў праціўніка з першай моцна ўмацаванай лініі траншэй, знішчыў 2 танкі, 2 супрацьтанкавыя гарматы, 4 кулямёты, 6 ДЗОТаў і знішчыў да роты пяхоты праціўніка.
За праяўлены гераізм, смеласць і адвагу ў барацьбе з нямецкімі захопнікамі лейтэнанта Ляшчынскага А. Б. прадстаўляю да звання “Герой Савецкага Саюза".
Камандзір палка падпалкоўнік Лебедзеў.
23 кастрычніка 1943 года.

Паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 студзеня 1944 года за адвагу і гераізм, праяўленыя пры фарсіраванні Дняпра і ўтрыманні плацдарма на яго правым беразе, лейтэнанту Ляшчынскаму Адаму Браніслававічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля "Залатая Зорка" (№3236).

Архіўныя матэрыялы расказваюць пра баявы подзвіг вядомага многім жыхарам нашага раёна былога кіраўніка Дзятлаўскай сельгастэхнікі ў вёсцы Міроўшчына Адама Браніслававіча Ляшчынскага.

Нарадзіўся ён 24 снежня 1920 года ў вёсцы Якубовічы Капыльскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям'і. Пасля заканчэння сямігодкі працаваў трактарыстам у Капыльскай МТС.

3 першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, з 26 чэрвеня 1941 года ваяваў на Заходнім фронце, а з ліпеня 1943-га - на Варонежскім фронце. Прайшоў дарогамі вайны па Віцебскай вобласці, абараняў Смаленск, Маскву. Пасля заканчэння паскораных курсаў падрыхтоўкі каманднага састава Чкалаўскага танкавага і 2-га Кіеўскага артылерыйскіх вучылішчаў у званні лейтэнанта працягваў барацьбу з фашысцкімі захопнікамі.

Ваяваў на Варонежскім і 1-м Украінскім франтах, удзельнічаў у Курскай бітве, вызваляў левабярэжную Украшу, фарсіраваў Днепр.
У 1948 годзе маёр А. Ляшчынскі выйшаў у запас. У 1949 годзе ўзначаліў Дзятлаўскую МТС, якая мясцілася ў вёсцы Міроўшчыне.

А вось першы загад новапрызначанага дырэктара, у якім яшчэ выразна адчуваецца армейскі стыль:
Загад №118 па Дзятлаўскай МТС ад 1 снежня 1949 года
На падставе загада па абласным упраўленні сельскай гаспадаркай ад 26 лістапада 1949 года за №516 аб адхіленні ад пасады дырэктара Дзятлаўскай МТС таварыша Стрыкава 1 снежня зрабілі перадачу і прыём усіх справаў і маёмасці, правоў і абавязкаў на кіраванне Дзятлаўскай МТС. Лічыць таварыша Стрыкава адхіленым ад абавязкаў дырэктара Дзятлаўскай МТС.
Кіруючыся загадам №516 па абласным упраўленні сельскай гаспадаркі, лічу, што прыступіў да выканання абавязкаў дырэктара Дзятлаўскай МТС.
Загадваю ўсяму асабоваму складу Дзятлаўскай МТС выконваць усе мае загады і ўказанні як дырэктара Дзятлаўскай МТС.
Дырэктар МТС Ляшчынскі.

У размовах са спецыялістамі і супрацоўнікамі Дзятлаўскай сельгастэхнікі, якая вырасла з колішняй МТС, пачуў шмат станоўчых водгукаў пра дзейнасць А. Ляшчынскага, яго стыль і прыёмы кіравання. Людзі ведаюць пра гэта з расказаў бацькоў, якія працававалі пад кіраўніцтвам кіраўніка-Героя.

А. Ляшчынскі ўзначальваў прадпрыемства па 1955 год. У 1957 годзе ён закончыў Варонежскі сельскагаспадарчы інстытут, займаў кіруючыя пасады ў Дзятлаўскім, Зэльвенскім, Гродзенскім раёнах. Потым працаваў на пасадзе старшага інжынера па тэхніцы бяспекі, дырэктарам турбазы “Нёман”. Жыў у Гродне. У 1980 годзе выйшаў на пенсію. Памёр 8 верасня 2006 года.

Працоўныя заслугі ветэрана вайны і працы адзначаны ордэнамі і медалямі СССР і БССР.

М. ЛУК'ЯНЧЫК, старты навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/