ГЕАГРАФІЯ ШКОЛЬНАГА ЖЫЦЦЯ



Настаўнік — гэта невычэрпная крыніца ведаў, творчасці, натхнення, чалавек, які па-асабліваму ўспрымае жыццё, умее цаніць і напаўняць сэнсам кожную хвіліну. Менавіта такія словы варта сказаць пра выдатнага педагога з вялікім творчым патэнцыялам, прыгожую жанчыну з іскрыстымі вачамі — Святлану Аляксандраўну Стэцкую, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце Жукоўшчынскай СШ.

На Дзятлаўшчыне, у вёсцы Страла Жукоўшчынскага сельскага Савета, 14 снежня 1957 года ў сям'і педагогаў нарадзілася дзяўчынка, якой бацькі далі яркае, сонечнае імя Святлана. Здаецца, самім лёсам ёй было наканавана, жывучы ў актыўнай, творчай сям'і выдатніка народнай адукацыі, дырэктара Жукоўшчынскай СШ Аляксандра Кірылавіча Паўлоўскага і настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Соф'і Паўлаўны Паўлоўскай, раздзяляючы светапогляд бацькоў-педагогаў, як губка ўпітваючы іх мудрыя выказванні і парады, маючы перад вачамі добры прыклад для пераймання, самой таксама стаць педагогам.

Але да гэтага Святлана скончыла Стралянскую базавую школу, прадоўжыла вучобу ў Дзятлаўскай СШ №2, а пасля яе заканчэння пайшла працаваць піянерважатай у базавую школу вёскі Стараельня. Гэта быў своеасаблівы пошук далейшай жыццёвай дарогі. Мудрыя бацькі падтрымлівалі дачку і цярпліва чакалі яе канчатковага рашэння. Працаваць у школе спадабалася, і праз год Святлана стала студэнткай Белдзяржуніверсітэта, куды паступіла на геаграфічны факультэт, спецыяльнасць "Турызм і краязнаўства", Яшчэ ў час вучобы выйшла замуж за былога аднакласніка.

Паколькі муж быў ваенны, пасля заканчэння ўніверсітэта размеркавана па месцы яго службы на Поўнач, у рэспубліку Комі. Там пачала сваю працоўную дзейнасць, нарадзіла дзвюх дачок.

Калі пачаўся распад Савецкага Саюза, сем'ям ваенных стала вельмі складана. Менавіта ў гэты час Стэцкія прынялі рашэнне вярнуцца на радзіму.

3 1991 года Святлана Аляксандраўна пачала працаваць у Жукоўшчынскай СШ педагогам-арганізатарам. Халерык па натуры, чалавек творчы і ўзнёслы, яна змагла зацікавіць дзяцей, стаць моладзевым лідарам. Разам яны паспяхова ўдзельнічалі ў шматлікіх конкурсах. За выніковую работу з моладдзю Святлана Аляксандраўна ўзнагароджана граматай і імянным гадзіннікам "Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі".

У 1996 годзе Святлану Аляксандраўну накіравалі на курсы педагогаў-псіхолагаў, скончыўшы якія яна стала кіраўніком раённага метадычнага аб'яднання. У школа як псіхолаг арганізавала цікавыя факультатыўныя заняткі, праводзіла кансультацыі для педагогаў, вучняў, бацькоў. У той жа час вяла ўрокі гісторыі. Гэтую дысцыпліну палюбіла з дзяцінства — тата быў настаўнікам гісторыі, дома мелася вялікая тэматычная бібліятэка.

3 2002 года Святлана Аляксандраўна працуе завучам, выкладае геаграфію. На яе ўрокі вучні ходзяць з задавальненнем, хаця ведаюць, што адпачыць тут не давядзецца. Настаўніца ў сваёй дысцыпліне імкнецца выдзеліць галоўнае, падаць матэрыял цікава: на пачатку ўрока ставіць праблему і ідзе да яе вырашэння разам з класам, даючы магчымасць дзецям паўдзельнічаць у абмеркаванні. Таксама на сваіх занятках Святлана Аляксандраўна дае шмат карыснага матэрыялу, які не знойдзеш у падручніку.

Дадатковыя факты па тэме могуць адшукаць і расказаць аднакласнікам на уроку і самі вучні. Адначасова настаўніца засяроджвае ўвагу дзяцей на каштоўнасці атрыманых ведаў для далейшага жыцця. У наш час, калі востра стаіць экалагічная праблема, школьныя веды па геаграфіі не будуць лішнія ні для агранома, ні для кіраўніка буйнога прадпрыемства, знойдзецца некалькі дзясяткаў прафесій, у якіх без ведання гэтага предмета працаваць складана. Праблемна-пошукавыя метады пры тлумачэнні матэрыялу, прычынна-следчыя сувязі, выкладанне геаграфіі ў інтэграцыі з іншымі дысцыплінамі робяць урокі Святланы Аляксандраўны насычанымі, а прапанаваныя вучням тэмы — цікавымі і запамінальнымі. Як вынік, у настаўніцы ёсць паслядоўнікі: адна з яе былых вучаніц цяпер паспяхова выкладае геаграфію ў адной з гімназій Гродна.

Наогул, Святлана Аляксандраўна імкнецца выхоўваць школьнікаў так, каб незалежна ад будучай прафесіі яны сталі годнымі людзьмі, шанавалі Зямлю, "дом, у якім мы ўсе жывём", паважалі бацькоў, сяброў, суседзяў, калегаў, захавалі добрую памяць аб роднай Жукоўшчынскай школе.

Святлана Аляксандраўна жыве з маці, дзве яе дарослыя дачкі, адна з якіх таксама атрымала педагагічную адукацыю, цяпер у Мінску. Калі надаецца вольная хвілінка, настаўніца любіць пачытаць гістарычныя раманы і дапаможнікі па псіхалогіі, паглядзець разам з маці навукова-пазнавальныя перадачы, ладзіць для сябе завочныя падарожжы па Беларусі і іншых краінах. Цікавіцца яна кветкамі і хатнімі раслінамі. Апошнім часам пачала захапляцца дызайнам.

Маладым педагогам, каб былі паспяховымі ў прафесіі, Святлана Аляксандраўна раіць павышаць свой метадычны ўзровень. Настаўнік можа мець важкі багаж ведаў, але трэба яшчэ ўмець перадаць іх дзецям, зацікавіць іх, прывабіць да сваей дысцыпліны. У час інтэрнэту і новых тэхналогій педагогу, як нікому іншаму, трэба трымацца на "хвалі жыцця", бо школа — стартавая пляцоўка для нашых дзяцей. Тут ім трэба многае засвоіць, каб быць граматнымі спецыялістамі ў выбранай прафесіі.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/