ГАСЦІННАСЦЬ ПА-ДЗЯТЛАЎСКУ: ПІРАГІ, ДАРОГІ I ДАБРЫНЯ



У доўгіх чэргах у разліковыя косы аддзяленняў банкаў Дзятлаўшчыны не-не ды і сустрэнеш людзей, якія аплачваюць часовую рэгістрацыю ў нашай краіне. Прыязджаюць на месяц, два, а хтосьці і на ўсё лета. Хутчэй за ўсё, да родных, найчасцей суседзі - расіяне або ўкраінцы. Што вабіць гасцей на белорускай зямлі, запытаемся ва ўраджэнкі вёскі Колкі, а сёння - жыхаркі паўночнай сталіцы Расіі Тамары Ульяновой.

- Сёлета будзе трыццаць пяць гадоў, як я жыву ў Санкт-Пецярбургу. Калісьці паехала паступаць туды ў медыцынскае вучылішча, так і засталася там жыць. Выйшла замуж, маю дваіх сыноў, любімую работу. Атрымалася так, што ў сям’і я беларуска, а муж - расіянін. Але ўсе мы любім бываць тут, на Дзятлаўшчыне. Прыязджаю штогод, а апошнім часам і некалькі разоў на год, калі ёсць магчымасць. Найперш - наведаць матулю.

- Муж ахвотна едзе з вамі ў Беларусь?
- Безумоўна! I мужу, і дзецям вельмі тут падабаецца: беларускія краявіды, вадаёмы, дзе можна парыбачыць. Ен нават загарэўся ідэяй набыць дом у гэтых мясцінах. Дзеці таксама вельмі любяць бываць у бабулі. Хутка маецца прыехаць сын разам з нявесткай.

- Чым вам падабаецца на Дзятлаўчыне, што прываблівае?
- Найперш прырода. Палі чыстыя, дагледжаныя, лясы неверагоднай прыгажосці. 3 задавальненнем хаджу сюды ў ягады. Дарогі добрыя - едзеш і душа радуецца. А праблемы, без якіх, вядома, нідзе не абыходзіцца, максімальна хутка вырашаюцца. Дзякуй кіраўніку сельскага савета, які гэтаму спрыяе. А яшчэ - душэўныя, адкрытыя, добразычлівыя людзі, якія ў Беларусі паўсюль. Я баўлю тут водпуск - і зараджаюся энергіяй на ўвесь працоўны год. Жыхары Масквы і Санкт-Пецярбурга ведаюць і актыўна наведваюць дзятлаўскі санаторый “Радон”.

- Вы самі былі ў нашым санаторыі?
- Не, пакуль не была. Я сама медык, таму на Дзятлаўшчыну прыязджаю не падлячыцца, а пабыць з любай матулечкай, сваімі сёстрамі, якія жывуць непадалёк.

- Тамара Міхайлаўна, як праводзіце свой беларускі адпачынак?
- Хаджу ў грыбы, ягады, займаюся прыемнымі і простымі хатнімі клопатамі, дапамагаю матулі гатаваць стравы.

- Чым частуюць вас у бацькоўскай хаце? Што найбольш падабаецца з беларускай кухні?
- Нядаўна згадвалі маё дзяцінства, пяклі з мамай яе фірмовыя пончыкі. Цяпер імі з задавальненнем ласуюцца таксама матуліны ўнукі і праўнукі. Мама выдатна гатуе шмат традыцыйных страваў - зразы, сапраўдныя беларускія пірагі, вядома, усе вельмі любім бульбу. А калі вяртаемся ў Расію, абавязкова вязём беларускую паляндвіцу, якую я ўжо ўмею саліць па маміным рэцэпце.

- Ці ўзялі вы штосьці з беларускіх традыцый у быт сваёй сям’і?
- Шчыра, вельмі шмат узяла.
Найперш, беларускую традыцыю святкавання: фарбуем яйкі на Вялікдзень, пячом кулічы, на Каляды - кладзём сена пад абрус і вячэраем, як даўней было прынята. Такія традыцыі нават у мегаполісе з'ядноўваюць сям’ю, нагадваюць пра карані. Абставіны так склаліся, што апошні Новы год мы змаглі адзначыць тут, у Колках, прыехалі да мамы ўсёй сям'ёй з вялікім задавальненнем. Таксама штогод з задавальненнем наведваем Купалле.

- Беларускую мову не забылся за такі працяглы час?
- Не, помню няблага. Як пад'язджаем да Беларусі, я ўжо пачынаю па-беларуску размаўляць. Сын спачатку дзівіўся: мама, ты што? А па прыездзе сюды і сам раз-пораз па-беларуску гутарыць. Мае дзеці някепска ведаюць матчыну мову.

- 3 чаго, па-вашаму складаецца беларуская гасціннасць?
- 3 дабрыні, павагі і чулых адносінаў да людзей. Праўду кажу, мабыць, нідзе няма такой дабрыні, як тут, у Беларусі. Усё астатняе, што мяне захапляе і ўражвае на зямлі майго дзяцінства - пабудавана на гэтай аснове.

Гутарыла Н. СТУПЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/