ГАРЫЦЬ СВЕЧКА ПАМЯЦІ



Вялікая Воля. Знішчаны 364 чалавекі. Гарадкі. Знішчаны 367 чалавек. Дубраўка. Забіты 102 чалавекі. Трахімавічы. Забіты 142 чалавекі. Гэта гісторыя ў лічбах, чорная спадчына Вялікай Айчыннай вайны.

Памяць аб яе ахвярах назаўжды ўвекавечана ў помніках і абелісках, на гранітных плітах якіх -- імёны мужчын, жанчын, дзяцей. Жыцці, пакладзеныя на крывавы алтар вайны. Якімі яны былі, аб чым марылі ў перадваенны перыяд -- застаецца толькі здагадвацца і верыць яшчэ жывым сведкам (шэрагі якіх з кожным годам радзеюць) тых часоў. Сабраць іх успаміны, захаваць іх, каб пасля перадаць ужо сваім нашчадкам, -- задача цяперашняга пакалення маладых. На гэта скіраваны шэраг патрыятычных акцый і мерапрыемстваў, сярод якіх "Нішто не забыта, ніхто не забыты", "Клопат пра ветэрана", маршы памяці.

Чарговы з іх прайшоў на Дзятлаўшчыне 13 снежня. У час акцыі была ўшанавана памяць жыхароў спаленых вёсак раёна.

Ініцыятарамі акцыі выступілі аддзел ідэалагічнай работы райвыканкама, аддзел па справах моладзі, раённы камітэт грамадскага аб'яднання "БРСМ", раённы ваенны камісарыят. Актыўны ўдзел у акцыі прынялі работнікі культуры, настаўнікі і школьнікі раёна. Яны аб'ядналіся з адной мэтай -- каб ушанаваць памяць загінуўшых землякоў, расказаць аб іх сённяшняму пакаленню: каб ведалі, каб помнілі. На гэта былі скіраваны "Урокі мужнасці", якія прайшлі ва ўстановах адукацыі раёна.

А вось валанцёры гімназіі №1 г. Дзятлава пад кіраўніцтвам сваіх настаўнікаў правялі акцыю "Каб помнілі". Яе сімвалам сталі пісьмы-трохвугольнікі, якія гімназісты раздавалі жыхарам горада. У кожным "пісьме з мінулага" -- жахлівая статыстыка Вялікай Айчыннай вайны. Яна прагучала і ў выступленні вучняў Хвінявіцкай школы ў час рэквіема ля помніка ў вёсцы Вялікая Воля, з наведвання якога быў дадзены старт маршу памяці. Словы дзяцей яшчэ раз нагадалі аб трагічным мінулым, аб тым страшным выпрабаванні гісторыі, пераадолець якое атрымалася, дзякуючы гераізму і мужнасці адданых Радзіме людзей. Для нас, цяперашніх, яны -- як прыклад, як сімвал стойкасці і моцы духу.

Да словаў школьнікаў далучыўся настаяцель прыходу храмаў у вёсцы Вензавец і Руда Яварская айцец Алексій. Данінай павагі да загінуўшых сталі ўскладзеныя да помніка вянкі. Памяць ахвяраў была ўшанавана хвілінай маўчання.

Марш памяці прадоўжыўся ля помнікаў у вёсках Дубраўка, Хвінявічы, Руда-Яварская, Трахімавічы, Гарадкі, у пасёлку Казлоўшчына.Завяршылася акцыя ў Дзятлаве, ля помніка Іосіфу Філідовічу -- сувязному Ленінскай партызанскай брыгады. Ратуючы партызанскі шпіталь, ахвяруючы сабой, ён паўтарыў подзвіг вядомага рускага патрыёта Івана Сусаніна.

Сімвалам акцыі ля помніка Філідовічу сталі запаленыя свечкі. У сваіх далонях іх трымалі дзеці, захінаючы ад ветру і сцюжы. Так і памяць аб мінулым павінны захаваць маладыя, каб пасля беражліва перадаць сваім нашчадкам. Свечка памяці павінны гарэць заўжды. У гэтым задача і музеяў, экспанаты якіх утрымліваюць шэраг цікавай інфармацыі. З ёй дзеці пазнаёміліся ў час экскурсіі ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Атрыманая інфармацыя, кадры відэароліка "Па кім плачуць званы Хатыні", магчыма, надоўга застануцца ў памяці дзяцей. Як і словы песні, якую ў час мерапрыемства ў Дзятлаве выканала Ганна Панько.

Пусть свечой зажжётся память
В ваших душах и сердцах.
Пусть горит она и плачет,
Пусть приходит к вам во снах,
Ваша память.

А. ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/