ГАРТАЮЧЫ СТАРОНКІ “ПЕРАМОГІ”



Газета “Перамога” адлюстроўвала падзеі рознага характару. Нас зацікавілі тыя сведчанні, якія расказвалі пра краязнаўства, гісторыю і помнікі старасветчыны Дзятлаўшчыны. Хто з аўтараў распавядаў пра гісторыю раёна, якія гэта былі матэрыялы? Высвятленне адзначаных момантаў дазваляе бліжэй успрымаць гісторыю нашай Беларусі. З трапяткою павагай гартаеш жоўтыя старонкі газеты і адчуваеш дух таго часу, быццам дакранаешся да мінулых каранёў, аднаўляеш памятнае Радзімы.

1965 год.

Фотаэцюд А. Ляха пад назвай “Родны куток”. На фотаздымку -- Дзятлаўскі палац. Фота зроблена з супрацьлеглага боку берага сярэдняга возера. Гэта -- першы ілюстрацыйны матэрыял у раёнцы, які зафіксаваў гарадскі помнік архітэктуры XVIII ст.

Узгадку пра даваенную гісторыю вёскі Стараельня знаходзім у артыкуле “Новае жыццё вёскі Стараельня”. Яе аўтар А. Уладзіміраў, настаўнік Стараельнянскай васьмігадовай школы, піша, што пры панскай Польшчы на беразе Ятранкі ўзвышаўся дом пані Клявінскай. “Побач стаяў касцёл, а на другім баку вёскі – бялелі купалы царквы”.

1966 год.

М. Марозава, адказны сакратар раённага таварыства “Веды”, піша ў заметцы “Гісторыка-краязнаўчы музей” пра Ахонаўскую сярэднюю школу, у якой да 50-годдзя Савецкай улады стварылі гісторыка-краязнаўчы куток з раздзеламі: “Гісторыя нашай школы”, пра заснаванне школы ў 1852 годзе, “Наша вучоба, праца і адпачынак”, “Яны змагаліся за Радзіму”.

У артыкуле М. Зялёнай “Падарожжа па родным краі” піянеры Харабровіцкай васьмігодкі зрабілі першы паход па маршруце Харабровічы—Гарадкі—Трахімавічы—Малая Воля—Руда Яварская, а другі: Харабровічы—Слонім—Акунінава.

1967 год.

М. Янушкевіч у артыкуле “Ніхто не забыты, нішто не забыта” даводзіць да чытача, што ў Рудаяварскай сярэдняй школе быў выдзелены цэлы пакой для школьнага музея. У ім размешчаны фотастэнды “Яны змагаліся за Радзіму”, “Хадзілі мы паходамі”. Музей распачаўся з кутка, дзе былі экспанаты, сабраныя вучнямі: грашовыя знакі, карта Польшчы, дакументы на куплю-продаж зямлі, старажытныя прылады працы.
Ураджэнец Наваельні А. Лабар публікуе матэрыял пад назвай “Былое і сучаснае Наваельні”. Гэта першы аповед пра мінулае гарадскога пасёлка. Ён пералічыў прозвішчы яго карэнных жыхароў, сацыяльны і нацыянальны склад, нагадаў, што ў дарэвалюцыйны час станцыя “Наваельня” называлася станцыяй “Навагрудак Палескі казённай чыгункі”. Асвяціў падзеі Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў.

Загадчык Васявіцкай сельскай бібліятэткі Г. Філіповіч у матэрыяле “Пра былое і сучаснае” распавядаў пра збор матэрыялаў па гісторыі вёсак Абелькавічы і Васявічы.

1968 год.

У заметцы “Праз сорак гадоў” М. Навасёлаў расказаў пра знаходку ў страсе старой хаты вёскі Зарой дакументаў беларускай сялянска-рабочай грамады, якія былі перададзены ў Дзятлаўскі музей Народнай славы.

У артыкуле “Аб чым гавораць курганы”, працягам у трох нумарах, дырэктар Дзятлаўскага музея Народнай славы М. Петрыкевіч распавядае пра каменныя сякеркі, знойдзеныя ў Дзятлаве, Круцілавічах, Норцавічах, якія былі перададзены ў музей. Такія ж сякеркі ёсць у музеях у Данілавіцкай, Цяцейскай і іншых школ. Расказаў і пра помнікі перыяду неаліту на тэрыторыі суседніх раёнаў, пералічыў курганныя групы каля некаторых вёсак раёна, прывёў прыклады з летапісаў па гісторыі Прынёманскага краю.

М. Петрыкевіч у артыкуле “З гісторыі Дзятлава” выказвае свае думкі адносна прычынаў станаўлення Дзятлава, яго планіроўкі.

1970 год.

“Усе знаходкі – у музей!”. Пад такім загалоўкам заклікае М.Петрыкевіч жыхароў раёна прыносіць у музей Народнай славы прадметы старажытнасці і прыводзіць прыклады з паступленняў з вёсак Доўбневічы, Дварэц.

1971 год. “Шанаваць помнікі мінулага” -- пад такім загалоўкам выйшла перадавіца. Яе аўтар М. Фёдараў пісаў пра помнікі архітэктуры Гродзеншчыны і ў Дзятлаве, пра дзейнасць “Таварыства аховы помнікаў” раёна і пра выданне новага часопіса “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”.

“Касцёл – феадал”. Пад такім загалоўкам М. Петрыкевіч расказвае пра Дзятлаўскі касцёл і каталікоў, жыхароў навакольных вёсак і Дзятлава.

1972 год.

Завуч Дзятлаўскай СШ №1. Н. Петрыкевіч у нарысе “Ліпічанская пушча” шырока асвятляў краязнаўчыя росшукі на тэрыторыі пушчы, яе гісторыю і жывёльны свет.

М. Хрышчановіч, жыхар вёскі Гезгалы, напісаў матэтырял пад назвай “Гісторыя маёй вёскі”.

Р. Пятроў у артыкуле “65500 наведвальнікаў” напісаў пра колькасць наведвальнікаў музея Народнай славы, у артыкуле “Манеты розных перыядаў і часоў” -- пра манетныя скарбы XVI—XVIII ст., якія паступілі ў музей.

Дырэктар Дварэцкай школы Б. Міцкевіч у матэрыяле “Экскурсіі, паходы” расказаў пра тое, як вучні ладзілі паходы па Беларусі, а таксама наведалі вёскі Дзятлаўскага раёна па маршруце Дварэц -- Вялікія Шастакі -- Казлоўшчына.

Навуковы супрацоўнік музея Народнай славы І. Медвядчук “Калі будзеце ў Дзятлаве” распавёў пра музей і экспазіцыі.

1974 год.

М. Федзюкоў распавёў пра курганныя могільнікі раёна ў заметцы “Археалагічныя помнікі Дзятлаўшчыны”.

1975 год.

Дырэктар музея Народнай славы М. Петрыкевіч у артыкуле “Музей папаўняецца” расказвае пра новыя стэнды музея Народнай славы.

1977 год.

Е. Ляснова, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР г. Гродна, у матэрыяле “Лёс сялян маёнтка Явар” расказвае пра вёску перыяду ХІХ ст.

М. Петрыкевіч у нататцы “Каштоўная знаходка” распавёў пра знойдзеную ў вёсцы Малдуці саху.

1978 год.

Пра вёску Дварэц (“Гісторыя вёскі”) напісаны матэрыял згодна з даследаваннямі юных следапытаў Дварэцкай сярэдняй школы.

1980 год.

Навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея Народнай славы Т. Палховіч (“Новыя экспанаты музея”) расказвае пра бронзавыя падсвечнікі, распісныя талеркі і драўляны разны стол з хутара каля вёскі Яцвезь, якія былі перададзены ў музей.

1983 год.

Т. Палховіч, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея Народнай славы, матэрыялам “Мовай гісторыі” засведчвае дзейнасць музея і перадачу яму знаходак.

І. Плешка, вэтэран Вялікай Айчыннай вайны, у матэрыяле “Тапаніміка нашага раёна” выказаў свае меркаванні адносна паходжання назваў некаторых вёсак Дзятлаўскага раёна.

1985 год.

Студэнт 4 курса гістарычнага факультэта Гродзенскага ўніверсітэта А. Ляўковіч у артыкуле “З гісторыі Дзятлава” коратка асвяціў гістарычнае мінулае паселішча.

1986 год.

А. Ляўковіч коратка асвяціў гістарычнае мінулае паселішча.

Навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея Народнай славы Т. Палховіч (“Новыя экспанаты музея”) распавядае пра папаўненне фондаў музея. Некаторыя знаходкі XVII – XVIII cт. выяўлены на месцы будаўніцтва новага корпуса цэнтральнай раённай бальніцы.

1989 год. Б. Варна ў матэрыяле “Пра што баюць паданні” распавёў пра паданне “Пра вяселле ў Радзівіла”, запісанае ад жыхара вёскі Сачыўляны Пятра Буйко.

Круглы стол “Нам засталася спадчына” сабраў у рэдакцыі газеты “Перамога” шэраг прадстаўнікоў арганізацый і службаў раёна. На ім сярод іншых пытанняў абмеркавалі праблемы вывучэння гісторыі Дзятлаўшчыны і стварэнне музеяў у школах.

Адказны сакратар райсавета таварыства аховы помнікаў І. Хіневіч (“Гісторыя наша і памяць”) узгадвае пра стан захаванасці помнікаў архітэктуры і археалогіі.

Надрукаваны дапаможны матэрыял “Ахова помнікаў гісторыі і культуры – патрыятычны абавязак кожнага савецкага чалавека” для лектараў, дакладчыкаў, агітатараў і палітінфарматараў, членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп. У ім узгадваецца колькасць помнікаў архітэктуры і археалогіі на тэрыторыі Дзятлаўшчыны.

У матэрыялах “Летапіс Дзятлаўшчыны” асвятляецца мінулае раёна да ХІХ ст.

Абагульняючы прагледжанае, бачыш, як паступова аднаўлялася гістарычная памяць Дзятлаўшчыны. Але з болем адзначаеш, што абсалютна занядбайнымі засталіся сведчанні пра архітэктурныя помнікі раёна. На жаль, некаторыя з іх ужо разбураны. Цяпер ужо і цяжка сказаць, якімі яны былі. І каб газета распачала гэтую справу, то ў нашых продкаў былі б вельмі добрыя пачуцці і добрая памяць пра нас, сучаснікаў. А як на гэта глядзяць чытачы “Перамогі”? У многіх ёсць фота- і відэакамеры. Занатоўвайце, друкуйце ў “раёнцы”, узбагачайце нашую гісторыю і сваю адукацыю, сябры.

П. РУСАЎ

_____________________________________________________________________________________________________
Почему бы не экономить деньги там, где можно экономить? Покупки через интернет очень вам в это помогут. Но не все интернет-магазины подходят для целей с экономией. Мы вам подскажем где можно совершать Покупки через интернет со скидкой. Причем они точно придутся вам по душе и станут вашими постоянными интернет-магазинами.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/