Гаротны лёс чатырох дзятлаўскіх вёсак



У адным з нумароў дзятлаўскай раённай газеты прачытала аб'яву-заклік. Прыводжу даслоўна: "Да ведама грамадзян! У сувязі з адсутнасцю асфальтавага пакрыцця ў вёсках Лозкі, Лявонавічы, Скіпоравічы, Малдавічы і ў сувязі з неаднаразовымі зваротамі жыхароў гэтых вёсак у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы Казлоўшчынскі пасялковы выканаўчы камітэт просіць усіх вадзіцеляў аўтатранспартных сродкаў абмяжоўваць хуткасць руху да сарака кіламетраў у гадзіну пры руху праз вышэйназваныя вёскі або рухацца па аб'язных дарогах.

Гэта просьба выклікана тым, што жылыя дамы ў вёсках Лозкі, Лявонавічы, Скіпоравічы і Малдавічы размешчаны паблізу праезнай часткі дарог, а вялікае скапленне пылу, выкліканае рухам аўтратранспартных сродкаў, парушае жыццядзейнасць пражываючых там людзей".

Іншымі словамі, ездзіце, людзі, памалу або загуменнямі.

Каб не ўказальнікі, то старонні чалавек і не разабраўся б, дзе канчаецца адна вёска і пачынаецца другая — настолькі яны злучаны. Злучаны не толькі геаграфічным становішчам, але і агульным лёсам: усе чатыры вёскі імкліва выміраюць. Нібы якая напасць на іх: і ў сухое надвор'е пыл такі, што ні бялізну высушыць, ні акно адчыніць, і вада ў калодзежах смярдзючая, бо сцякае з палёў, пасыпаных рознымі ўгнаеннямі, гербіцыдамі.

Да нядаўняга часу лёс усіх гэтых вёсак быў больш ласкавы. У Лявонавічах размяшчаўся цэнтр калгаса "Іскра". Узвялі двухпавярховы будынак, дзе месцілася праўленне гаспадаркі, клуб, бібліятэка. Тут меўся быць аграгарадок, ужо і новыя жылыя дамы ўпрыгожвалі вясковы пейзаж. "А раз аграгарадок, то і водаправод будзе, і асфальт пракладуць", — радаваліся мясцовыя жыхары. Аднак радасць гэта была заўчаснай: калгас далучылі да суседняга з назвай "Слава працы" і цэнтрам у пасёлку Казлоўшчына. Чатыры вёскі засталіся на абочыне жыцця. Некаторыя яе жыхары яшчэ вераць абяцанням, што аграгарадок у Лявонавічах усё ж будзе, некаторыя перасталі на гэта спадзявацца.

У самым пачатку Лявонавіч непадалёку ад магазіна вісіць лозунг: "Хвала рукам, што пахнуць хлебам". Ён аблез і саржавеў. Няма працавітым рукам ніякай хвалы. Проста словы. А каб гэтая хвала была на справе, то не так дажывалі б свой век састарэлыя вяскоўцы, што і хлеб вырошчвалі, і жывёлу даглядалі, і на ўласным падвор'і працавалі да знямогі. Нават старонняму чалавеку балюча глядзець на тое, што сталася з вёскамі. А што ўжо казаць пра тых, хто тут нарадзіўся і адпрацаваў усё свядомае жыццё, хто працуе і цяпер. Двухпавярховы адміністрацыйны будынак, дзе быў і клуб, і бібліятэка апусцеў і паволі развальваецца. Калгас аб'ядналі, і кантора пераехала. Мясцовую сярэднюю школу, у якой цяпер 88 вучняў і колькасць іх кожны год змяншаецца, аб'ядналі з дзіцячым садком, які наведваюць дзесяць малышоў. Памяшканне садка стала пустым, і ў яго перасялілі клуб і бібліятэку. Але толку мала, бо ў гэтых так званых ачагах культуры няма святла. Калі садок выселіўся, знялі электралічыльнік. На дварэ восень, дні становяцца кароткімі. Бібліятэка працуе да сямі гадзін, а ў гэты час ужо амаль цёмна. Хутка цёмна будзе і ў чатыры гадзіны.

Мясцовыя жыхары ўжо забыліся, калі ім у апошні раз паказвалі кіно. Для моладзі, якая яшчэ крышку засталася ў вёсцы, няма магчымасці праводзіць танцы, і яна едзе каратаць вольны вечар то ў пасёлак Казлоўшчына, то ў вёску Вензавец, якія знаходзяцца далекавата.

У Лозках і ў Малдавічах ёсць фельчарска-акушэрскія пункты, а ў бальніцу і паліклініку трэба ехаць у Казлоўшчыну. За два дзесяцігоддзі там у рэшце рэшт пабудавалі новы будынак медыцынскай установы, але справа ў тым, што бальніца і паліклініка хоць і называюцца Казлоўшчынскімі, але размешчаны за два кіламетры ад пасёлка. Даехаць туды няма на чым, а састарэлым і нямоглым людзям такі шлях пераадолець цяжка.

Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што ў гэтых вёсках некалі быў асфальт. Мясцовыя людзі ведаюць, як гэта зручна. Толькі з цягам часу асфальтавае пакрыццё павыбівалася, утварыліся ямы. Трэба было класці новае, але замест гэтага на вуліцы вёсак навезлі жвіру і разраўнялі. Ездзіць стала зручней, але цяпер у сухое надвор'е ад пылу няма чым дыхнуць, а калі задажджыць — вуліцы ператвараюцца ў месіва.

З вадой таксама сітуацыя вельмі складаная: верхаводка прэ ў калодзежы ўсялякую брыдоту. Піць немагчыма. Вяскоўцы са сваёй невялікай пенсіі вымушаны купляць бутляваную ваду, але ў мясцовым магазіне яна бывае не пастаянна. Ды і хіба гэта выйсце са становішча?

— Дзецям у школе загадалі, каб куплялі ваду ў бутэльках, — расказвае адна маладая мама. — Пайшла ў магазін, а там разабралі. Прыйшлося ў Дзятлава ехаць і адтуль цягнуць.

Ужо шмат гадоў запар у Лявонавічах не працуе лазня. Жыхары Скіпоравіч і Малдавіч мыюцца ў Скіпоравіцкай лазні, а людзі з Лявонавіч і Лозак абыходзяцца начоўкамі.

Жыхары чатырох вёсак, што называецца, дасталі ўсіх сваімі скаргамі. Найбольш, вядома, выканкам Казлоўшчынскага пасялковага Савета, на тэрыторыі якога яны апынуліся пасля таго, як ліквідавалі Гярбелевіцкі сельскі Савет. Але што можа зрабіць старшыня пасялковага Савета, калі няма грошай? Нічога не можа. Толькі папрасіць усіх, каб не ездзілі праз вёску, а пылілі загуменнямі. Ды справа ў тым, што па загуменні ездзіць ніхто не хоча, бо гэта нязручна. Асабліва тыя людзі, якія тут не жывуць. Ды іх і папракаць за гэта неяк няёмка.

Рэагуючы на скаргі мясцовых жыхароў, у пачатку Лявонавіч паставілі знак, які забараняе праезд грузавому транспарту. Але як вяскоўцам абысціся без яго?

Ніякага дзіва няма ў тым, што мясцовыя людзі як могуць уцякаюць з вёсак. Старыя дажываюць свой век, а што тут можа ўтрымаць моладзь? Ні кіно, ні танцаў. Ды што там, нават вады папіць немагчыма. Шкада. Бо людзі тут жывуць цудоўныя — працавітыя, акуратныя, добразычлівыя. Паглядзелі б вы, які парадак і чысціня ў бібліятэцы, у Лявонавіцкай школе! А ля школы такі цудоўны дыван з кветак, нібыта ў казцы. Ля кожнага дома сад, дагледжаны руплівымі рукамі вяскоўцаў. Гэтым людзям і сапраўды павінна быць вялікая хвала і гонар. На вялікі жаль, усё складваецца зусім інакш.

25.09.2008

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/