ГАНДЛЁВА-СЭРВІСНЫ ЦЭНТР БУДЗЕ ПРАЦАВАЦЬ У НОВЫМ ФАРМАЦЕ



Усе дзятлаўчане выдатна ведаюць, на паліцах якога магазіна можна заўжды знайсці свежую прадукцыю ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", ды і іншыя групы харчовых тавараў прадстаўлены тут у шырокім асартыменце. Вядома, гаворка ідзе пра гандлёва-сэрвісны цэнтр "Сырная страна", які адчыніў свае дзверы для пакупнікоў паўтара года таму. Але час не стаіць на месцы, і многія гандлёвыя аб'екты мадэрнізуюцца, каб стаць больш прывабнымі для спажыўцоў. Першую за час свайго існавання рэканструкцыю перажывае і гандлёва-сэрвісны цэнтр "Сырная страна".

Як ён будзе выглядаць ужо ў бліжэйшыя дні і чым парадуе пакупнікоў, карэспандэнтцы расказаў дырэктар гандлёвага аб'екта К. Змітрэвіч.

-- Канстанцін Уладзіміравіч, з якой мэтай вырашылі правесці рэканструкцыю магазіна?
-- Мы вырашылі правесці мадэрнізацыю на гандлёвым аб'екце нашага гандлёва-сэрвіснага цэнтра, і ператварыць яго ў магазін самаабслугоўвання, у першую чаргу, каб ён стаў больш зручным для пакупнікоў. Па-другое, мы імкнёмся падняць тавараабарот. Магазін самаабслугоўвання -- гэта сучасны фармат магазіна, і, як сведчыць статыстыка, у такіх гандлёвых аб'ектаў тавараабарот вышэйшы.
Дарэчы, нашы пастаянныя пакупнікі даўно заўважылі, што цэны на ўсе групы тавараў у нас ніжэйшыя, чым у іншых магазінах, бо гандлёвая надбаўка меншая на 5%. Гэта дазваляе людзям эканоміць.
Яшчэ адзін плюс магазіна "Сырная страна" -- шырокі асартымент харчовых тавараў. Мы працуем з усімі вытворцамі мясной і малочнай галіны Гродзеншчыны, супрацоўнічаем з пастаўшчыкамі з іншых абласцей Беларусі. Імкнёмся працаваць з тымі, хто сам вырабляе прадукцыю. Усяго заключана каля 60 дамоваў на пастаўку харчовых тавараў.
Што тычыцца ўласнай прадукцыі ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", то ўсе гатункі сыру і масла, якія выпускаюцца тут, ёсць у нас на паліцах.

-- Ці плануеце пашырыць асартымент тавараў пасля рэканструкцыі?
-- У магазіне ўстанаўліваем новае гандлёвае абсталяванне: сучасныя вітрыны для малочнай прадукцыі, садавіны і агародніны, для прэсерваў, сучаснейшая маразільная вітрына "Эрыдан", дзе з'явяцца замарожаныя паўфабрыкаты і агародніна.
Усё гэта дазволіць прапанаваць пакупнікам шырокі асартымент харчовых тавараў на любы густ. З'явіцца на паліцах "Сырной страны" свежая агародніна і садавіна, якой тут не было раней.

-- Чым яшчэ будзеце здзіўляць спажыўцоў?
-- Пакупнікам будзе зручна хадзіць па ўсіх трох гандлёвых залах, бо мы крыху пашырылі плошчу магазіна за кошт бытавых памяшканняў. Будзе адзін цэнтральны ўваход. Устанаўліваем сістэму відэаназірання. Разлікі будуць здзяйсняцца на сучаснай касе з транспарцёрам. У далейшым будзе разглядацца пытанне аб зніжэнні гандлёвай надбаўкі на асобныя групы тавараў.
Яшчэ раз хачу нагадаць, што, акрамя магазіна ў нашым гандлёва-сэрвісным цэнтры на другім паверсе (уваход з правага боку па вул. Міцкевіча), працуе салон-цырульня, дзе можна пастрыгчыся, зрабіць прычоску, прыгожы манікюр.
Ужо ў бліжэйшыя дні дзверы нашага магазіна будуць адчынены для пакупнікоў. Мы будзем здзіўляць іх новым інтэр'ерам, шырокім выбарам тавараў і памяркоўнымі цэнамі.

Гутарыла І. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/