ГАЛОЎНАЕ — ВЫЯВІЦЬ ХВАРОБУ НА РАННІХ СТАЛЫЯХ



У рамках рэспубліканскай акцыі “Разам супраць раку" ў Дзятлаўскай раённай бальніцы адбылося пасяджэнне “круглага стала". Былі абмеркаваны пытанні, якія датычацца прычынаў развіцця анкалагічныххваробаў, іх прафілактыкі.

Погляд на праблему выказалі намеснік галоўнага доктара I. Гусева, доктар-анколаг В. Белавус, акушэр-гінеколаг Я. Белавус, раённы акушэр-гінеколаг М. Гусеў, загадчык раённай паліклінікі Б. Отчык, валеолаг раённай бальніцы Н. Касцюшка, валеолаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Н. Юрэня.

I. Гусева: неспрыяльная экалагічная сітуацыя, забруджанне навакольнага асяроддзя, шкодныя звычкі — усё гэта садзейнічае развіццю анкалагічных хваробаў. Таму анколагаў і спецыялізаваных цэнтраў таксама становіцца больш. Каб своечасова выявіць парушэнні і пазбегнуць ускладненняў, вельмі важна перыядычна праходзіць медыцынскі агляд.

В. Белавус: галоўная задача анколага — выявіць хваробу на ранняй стадыі, калі верагодны добры прагноз. Рак небяспечны тым, што практычна ніяк не праяўляецца: бледнасць і хуткая страта вагі могуць быць сімптомамі розных паталагічных станаў. Таму рэгулярныя медыцынскія агляды, у тым ліку і ў анколага, - адзіны шанц пазбегнуць непрыемнасцяў са здароўем.

Я. Белавус: самы вялікі страх для большасці жанчын — захворванні малочных залозаў. Як сцвярджае статыстыка, сёння практычна палова жанчын маюць гэтыя праблемы. Часцей за ўсё яны выкліканы кепскай экалогіяй, шкоднымі звычкамі і стрэсамі, якіх, на жаль, немагчыма пазбегнуць у сучасным свеце.

М. Гусеў: для маладых жанчын галоўнай праблемай з’яўляецца рак шыйкі маткі. На ранніх стадыях яго можна вылечыць і тым самым захаваць здольнасць да дзетанараджэння. Рак малочнай залозы толькі ў 5% выпадкаў узнікае ў жанчын маладзей за 35 гадоў.
Як дапамагчы сабе? Для гэтага проста варта абследавацца: мамаграфія - штогод, пачынаючы з 40-гадовага ўзросту; цыталагічнае даследаванне мазка з шыйкі маткі — штогод. Акрамя гэтага, кожная жанчына павінна валодаць тактыкай самаабследавання малочных залозаў.

Б. Отчык: дыягназ “анкалогія” - вялікі псіхалагічны шок як для пацыента, так і для яго родных. Псіхалагічная падтрымка важная на ўсіх этапах хваробы - ад пастаноўкі дыягназу да перыяду рэабілітацыі. Толькі граматна наладжаная камунікацыя паміж доктарам і пацыентам павялічыць шанцы на добры вынік лячэння.

В. Белавус: злаякасныя пухліны, дыягнаставаныя на ранняй стадыі, пры сучасных магчымасцях комплекснага лячэння вылечваюцца. Эфектыўнасць лячэння раку, у першую чаргу, залежаць ад своечасовасці дыягностыкі пухлінаў.

Н. Касцюшка: сёння ў Беларусі анкалагічныя захворванні займаюць другое месца сярод ас-ноўных прычынаў смяротнасці насельніцтва. Ад раку памірае 13-15% жыхароў краіны. А колькасць захварэўшых на анкалогію з году ў год расце. Штогод гэтая лічба складае каля тысячы хворых.

Н. Юрэня: згодна з ацэнкамі сусветнага таварыства па барацьбе з ракам, 30-40% выпадкаў анкалагічных хваробаў звязаны з рацыёнам харчавання. Ужыванне ў ежу вялікай колькасці агародніны, садавіны, бабовых, прадуктаў з цэльнага зерня садзейнічае прафілактыцы раку. Добры начны сон, рэгулярная фізічная актыўнасць уносяць свой уклад у паляпшэнне магчымасці арганізма змагацца з пухлінай за кошт падтрымкі ўласнага імунітэту.

Падрыхтавала да друку А.ДУБРОЎСКАЯ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/