ГАЛОЎНАЕ — ЛЮБОЎ ДА ПРАЦЫ I ЛЮДЗЕЙ



Жыхарка горада Дзятлава, былая настаўніца Раклевіцкай школы Ядвіга Эдуардаўна Касцюшка ў лістападзе адсвяткавала свой 90-ы дзень нараджэння. 3 юбілеем яе віншавалі раённы савет ветэранаў педагагічнай працы і калектыў Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы. Цёплая сустрэча з былымі калегамі — выдатная нагода ўзгадаць мінулае жыццё, лепшыя яго моманты.

Нарадзілася Ядвіга Эдуардаўна ў Карэліцкім раёне, у вёсцы Горбатавічы ў сялянскай сям'і, дзе разам з ёю гадаваліся брат Іосіф і сястра Сабіна. Дзяўчына добра вучылася, таму вырашыла стаць педагогам і пасля школы скончыла Баранавіцкі настаўніцкі інстытут, затым факультэт рускай філалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваць прыехала на Дзятлаўшчыну. Настаўнічала ў вёсках Накрышкі, Норцавічы, Данілавічы, Галаўлі, шмат гадоў адпрацавала ў складзе педагагічнага калектыву Раклевіцкай школы, адкуль і выйшла на заслужены адпачынак.

Менавіта ў Раклевічах сустрэла сваю другую палавінку — настаўніка гісторыі і геаграфіі Валянціна Уладзіміравіча Касцюшку.
Калегі і былыя вучні характарызуюць Ядвігу Эдуардаўну як справядлівую настаўніцу, руплівую працаўніцу, цікавага чалавека. У школе яна выкладала беларускую мову і літаратуру, а таксама біялогію. Як настаўнік-біёлаг Ядвіга Эдуардаўна запомнілася сваім вучням вялікай любоўю да кветак, уменнем іх вырошчваць на радасць людзям.

— Сваё захапленне кветкамі яна старалася перадаць і нам, дзецям, — расказвае былы вучань Ядвігі Эдуардаўны, а цяпер дырэктар Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы Аляксандр Іванавіч Васюкевіч. — Школьны двор на той часупрыгожвала шмат клумбаў, на якіх красавалі кветкі. За кожным класам была замацавана свая клумба. Школьнікі клапаціліся пра гэту прыгажосць: саджалі, палівалі, палолі, збіралі насенне, адным словам, вучыліся працаваць і ацэньваць вынікі сваёй працы.

Да стараннай працы Ядвіга Эдуардаўна і Валянцін Уладзіміравіч прывучалі і сваю дачку Святлану, якая ўзгадвае:
— Матуля, як педагог, імкнўлася, каб кожны яе вучань засвоіў матэрыял, каб урок не прайшоў дарэмна, Што тычылася мяне, яна строга сачыла за тым, каб я самастойна рыхтавала хатнія заданні, і толькі пасля правярала іх, давала слушныя парады. Заўсёды казала: "Ідзі рыхтуйся, а потым прыходзь да мяне". Такім чынам мама давала мне зразумець, што ўсяго ў жыцці варта дабівацца самой, што толькі старанная праца дапамагае дасягнуць пастаўленых мэтаў.

Я не памятаю, каб матуля адпачывала днём. Пасля работы яна шмат часу праводзіла на прысядзібным участку, асабліва любіла займацца кветкамі, якіх у нас заўсёды было шмат. Яе рукі не ведалі стомы, не баяліся ніякай работы, яна ўсё умела. Думаю, з матулі, дзякуючы яе стойкаму характеру, прыроднай цікаўнасці, імкненню да ведаў, атрымаўся б добры аграном або хірург, але яна стала педагогам. Любоў да сваёй прафесіі мама пранесла праз усё жыццё, прывіла яе мне і маёй дачцэ Марыне — мы таксама атрымалі педагагічную адукацыю, прадоўжылі сямейную дынастыю.

Шмат гадоў Ядвіга Эдуардаўна Касцюшка. знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але яе былыя вучні, многія з якіх і самі ўжо стагіі пенсіянерамі, не забываюць сваю настаўніцу, тэлефануюць ёй, каб падзяліцца апошнімі навінамі, час ад часу наведваюцца ў госці.

Вось што пра сваіх былых педагогаў расказвае Юзэфа Сцяпанаўна Сямёнава:
— Ядвіга Эдуардаўна і Валянцін Уладзіміравіч Касцюшкі былі маімі настаўнікамі, калі я вучылася ў Галаўлёўскай сямігодцы, Раклевіцкая школа тады толькі будавалася. Гэта былі мудрыя, справядлівыя педагогі, сапраўдныя прафесіяналы, якія любілі дзяцей і стараліся выхаваць іх годнымі людзьмі.

Лёс склаўся так, што пасля заканчэння школы я прадоўжыла вучобу ў Новасібірску, доўгі час жыла ў Казахстане, зрэдку наведваючы Беларусь. У 1993 годзе я вярнулася жыць на Радзіму. Гэта быў складаны для мяне час. Сярод людзей, якія са мной сябравалі і падтрымлівалі мяне маральна, былі мае дарагія настаўнікі Касцюшкі, добрыя, інтэлігентныя, чулыя, чалавечныя людзі. Параўнаць іх магу толькі са сваімі бацькамі, настолькі яны для мяне блізкія і родныя.

Прыехаўшы ў Беларусь, я доўга не магла знайсці работу, пайшла працаваць на ферму ў Вензаўцы. А пасля лес яшчэ раз вырашыў выпрабаваць мяне на трываласць — згарэла кватэра з усімі нашымі рэчамі. У той час з дачкой і сынам мы не жылі, а выжывалі. I заўсёды побач былі Ядвіга Эдуардаўна і Валянцін Уладзіміравіч, падтрымлівалі, падбадзёрвалі. Цяпер я выдатна разумею, што маральная падтрымка лепшая за матэрыяльную, бо дае сілы жыць, паверыць у сябе. Я і пазней была частым госцем у сям'і Касцюшкаў, добра ведаю іх дачку, з якою падтрымліваем цёплыя сяброўскія адносіны. Пакуль быў жывы Валянцін Уладзіміравіч, мы з ім часта размаўлялі на розныя жыццёвыя і палітычныя тэмы. Як гісторык, былы франтавік і проста мудры чалавек, ён многае прадбачыў.

Цяпер я таксама не губляю сувязяў з Ядвігай Эдуардаўнай, яна заўсёды рада мяне бачыць. Мне заўжды ўтульна ў іх хаце, бо гэта хлебасольная, гасцінная сям'я інтэлігентных, светлых людзей. Вельмі хочацца, каб такіх людзей на свеце было больш.

Родныя, былыя вучні і калегі па працы жадаюць Ядвізе Эдуардаўне Касцюшка здароўя, радасці, цікавых сустрэчаў. Няхай кожны дзень будзе напоўнены клопатам блізкіх і прыемнымі ўспамінамі.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/